Як я правяла гэтае лета?

Я не надта памятаю, што пісала ў школьных сачыненнях на тэму «Як я правяла гэтае лета». Памятаеце тыя радасныя часы дзяцінства, калі штоверасень можна было занурыцца ў звычайна яскравыя і цікавыя летнія ўспаміны? Магчыма, мае дзіцячыя гады былі самымі звычайнымі і нічым не адметнымі, таму ўзгадваць іх не даводзіцца.


Але я дакладна не забуду, як правяла лета 2020 года. Як ледзь не ў апошні момант запісалася ў ініцыятыўную групу кандыдата, з якім раптоўна і нечакана сотні тысяч беларусаў пачалі спадзявацца на перамены. Як стаяла ў пікетах і збірала подпісы, ледзьве паспяваючы перавесці дыханне і размяць руку, якая проста зраслася з асадкай. І як сама правяла некалькі гадзін у чарзе на іншы подпіс. Як начамі пасля працы ехала дапамагаць гэтыя подпісы правяраць і сартыраваць, а потым пару гадзін паспаўшы, зноў ехала на працу.

Як стаяла ў ланцугах салідарнасці з тысячамі светлых натхнёных людзей: людзі-кветкі, такія ж маладыя ды яркія, імкліва расквітнеўшыя на нашых вуліцах пасля доўгай-доўгай зімы ад летняга цёплага сонца надзеі. Не забуду, як гэтыя кветкі прабіваліся праз хлусню і цынізм уладаў, зноў і зноў будуючы пярэстыя чэргі: у падтрымку зняволеных, на падачу скаргаў, на сустрэчу з кандыдаткай і яе штабам, нарэшце на ўчасткі для галасавання - увесь дзень, каб аддаць голас, увесь вечар, каб пабачыць пратакол.

А ярчэй за ўсе я буду памятаць жнівень. Гэтую раніцу пасля першай ночы пратэстаў, калі мы ўсе прачнуліся ў іншай краіне. Калі ўначы ў нас расквітнелі зусім іншыя фарбы: бляск светлашумавых гранат у начным мінскім небе. Як я правяла гэты жнівень? На нагах па паўночы разам з тысячамі людзей на мінскіх вуліцах. Разам з сяброўкай і тысячай іншых актыўных жыхароў Мінскай Серабранкі: мы рушылі калонай у цэнтр горада, нас сталі закідваць светлашумавымі гранатамі каля Усходняга аўтавакзала, але мы нават пасля таго, як разбегліся, дробнымі купкамі ўсе ж дайшлі да цэнтра горада.

Як я правяла гэтыя ночы? Дома ўсяго 2-3 гадзіны, марна спрабуючы заснуць, бо аглушальны гук аўтасірэн не пакідае галаву нават у сне, я чую яго у самай поўнай цішыні. Як я правяла гэтыя раніцы? На гарачай лініі, складаючы спісы зніклых людзей. Дзясяткі, сотні званкоў ад тых, хто не можа знайсці сяброў, родных, не ведае, куды звяртацца і чаму з людзьмі, якія нічога кепскага не рабілі, здарыліся нейкія жахлівыя рэчы. У рэдкіх перапынках ад дзяжурства слухала расповеды праваабаронцаў: пра тое, як затрыманыя ноч праляжалі на голай зямлі ЦІПе і ІЧУ, бо месцаў у камерах ужо няма. Пра тое, як затрыманых людзей звазілі нават у царкву ў Каменнай горцы, бо больш ужо і не было куды везці. Пра тое, як АМАП ездзіў па Мінску ўначы ў аўтамабілях «хуткай дапамогі», каб падабрацца да людзей і схапіць іх.

Пра тое, што беларускія заводы і прадпрыемствы пачынаюць страйкаваць адно за адным.

Колькі б нас ні палохалі — мы выходзім зноў і зноў, нас стае больш, мы ўжо зусім не тыя, што ўчора, пазаўчора, тры месяцы таму. Думаю, кожны з гэтых людзей ніколі ўжо не забудзе, як яны правялі гэтае лета. Яно ўжо стала гістарычным. Усе разам мы зараз можам зрабіць так, што, нягледзячы на ўсе запалохванні і застрашванні, гэтае лета стане пераможным, стане нашым самым шчаслівым, стане пачаткам новага жыцця нашай краіны.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: