Як кайзэр, Хрушчоў і Лукашэнка прымушалі беларусаў працаваць

У Беларусі доўгая гісторыя змагання з дармаедамі. Сацыяльных утрыманцаў тут судзілі не толькі за саветамі, але яшчэ падчас Першай сусветнай вайны. Якімі метадамі нямецкі кайзер Вільгельм ІІ, Мікіта Хрушчоў і Аляксандр Лукашэнка прымушалі беларусаў да працы, — у гістарычным аглядзе «Радыё Свабода».
Подпіс да малюнка (калі не змяняць, подпіс будзе выдалены аўтаматычна

Подпіс да малюнка (калі не змяняць, подпіс будзе выдалены аўтаматычна

 

1916 год. «Karać sztrafam da 3.000 marak hraszmi abo adsidkaj»

«Прыказ аб дармаедах» 1916 года стаў вядомы летась. Гэта быў адзін з экспанатаў выставы «Бывай, мільянер!», перадаваў «Твой стыль». Надрукаваны беларускай лацінскай, «Prykaz» быў выдадзены нямецкай адміністрацыяй 3 сакавіка 1916 года. Ён распаўсюджваўся на «крэпасны рэён Гродны» і «рэён Этапнай Інспэкцыі ХІІ Арміі».

 

 

Штрафам да 3 тысяч марак або «адсідкай» (у турме ці пад арыштамі) гразіліся пакараць тых, хто супраціўляецца выдадзеным загадам аб працы на раллі, збіранні ўраджаю, паляпшэнні скаціны. Праца была абавязковая, але за яе плацілі.

Пункт 2 «Прыказу» (тэкст прыведзены ў арыгінале):

«Hetkaj že karaj (jak pakazana u punkci 1.) karacimuć kožnaho wiaskowaho ci miestawoho žychara, katory-by z nieachwoty rabić, lenaści abo inszaj pustoj pryczyny nie pajszou na kožnuju predłoženuju jamu za platu rabotu».

Войскі кайзера Вільгельма ІІ былі ў Гродна да 1918 году. Аднак невядома, колькі часу дзейнічаў гэты загад і колькі дармаедаў былі асуджаныя акупацыйнымі ўладамі.

 

1961 год. Дармаедам давалі працу ці высялялі за межы гораду

Чарговым разам дармаедаў у Беларусі сталі вышукваць і асуджаць праз 45 год, у часы кіраўніцтва Мікіты Хрушчова. У 1961 годзе Вярхоўны Савет СССР выдаў указ «Аб узмацненні барацьбы з асобамі (лайдакамі, дармаедамі, паразітамі), якія ўхіляюцца ад грамадска-карыснай працы і якія вядуць антыграмадскі паразітычны лад жыцця».

Дармаедаў у СССР выяўляла міліцыя. Пра гэта Свабодзе расказаў Мечыслаў Грыб. З 1962 году ён працаваў у органах унутраных спраў БССР, з 1985 году ўзначальваў Упраўленне ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкаму.

 

Былы кіраўнік Беларусі Мечыслаў Грыб

 

«Дармаед часоў Савецкага Саюзу і дармаед у Рэспубліцы Беларусь — гэта розныя катэгорыі людзей. Тады была зусім іншая аснова барацьбы з дармаедствам», — сказаў Грыб.

Дармаедамі ў СССР лічыліся людзі, якія ўхіляліся ад працы. Іх вышуквала міліцыя, а ўлады прымусова працаўладкоўвалі. А калі чалавек адмаўляўся працаваць, яго маглі пасадзіць на суткі. А ўпартых дармаедаў з Мінску і абласных цэнтраў высялялі за межы гораду — высылалі на соты кіламетр.

«Катэгорыя дармаедаў была даволі абмежаваная, — кажа Грыб. — Хто злоўжываў спіртнымі напоямі і нідзе не працаваў, жабракі, працаздольныя людзі, што жылі за кошт бацькоў і не працавалі, — гэта былі дармаеды. Але да жанчын, якія гадавалі дзяцей, і вяскоўцаў, ніхто не прад’яўляў ніякіх патрабаванняў».

 

У СССР барацьба з дармаедамі мела ідэалагічны характар, а ў Беларусі — эканамічны. Савецкае заканадаўства не прадугледжвала штрафаў і тым больш падаткаў за дармаедства. Наадварот, дармаедаў забяспечвалі працоўнымі месцамі.

«Барацьба з дармаедамі ні да чаго не прыводзіла, — кажа Грыб. — Калі дэмакратыя прыйшла, мы ўсё гэта паадмянялі. Толькі ў двух выпадках прымусовая праца можа прымяняцца ў краіне: ці падчас надзвычайнага становішча, ці па рашэнні суду. І гэты дэкрэт (аб сацыяльным утрыманстве. — РС) не адпавядае дзевяці артыкулам Канстытуцыі».

 

2015 год. «Любымі спосабамі трэба прымусіць гэтых людзей працаваць»

У найноўшай гісторыі пра дармаедаў упершыню згадалі ў сакавіку 2012 году. Віктар Гумінскі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў, прапанаваў увесці законапраект аб барацьбе з дармаедствам.

Праз паўгода пра 400 тысяч дармаедаў ужо казаў прэм’ер-міністар Міхаіл Мясніковіч. Ён паабяцаў, што ў Беларусі будуць змагацца з фіктыўным працаўладкаваннем, а дармаедаў і ўтрыманцаў прыцягнуць да сплаты падаходных падаткаў і фармавання пенсійнага фонду.

 

Міхаіл Мясніковіч

 

«Многія з гэтых так званых непрацуючых, вядома, працуюць, але падаходны падатак не плацяць, адлічэнні ў пенсійны фонд не робяць, а ўсімі сацыяльнымі дабротамі — медыцынай і гэтай далей — карыстаюцца, як і ўсе, — казаў Мясніковіч. — За кошт каго?»

Праз год упершыню прагучала ідэя падатку на беспрацоўных. Працаздольныя людзі, якія не зарэгістраваныя на біржы працы, паводле словаў Мясніковіча, павінны будуць плаціць падатак. Каб стымуляваць людзей да працы, Мясніковіч абяцаў стварыць новыя прадпрыемствы па ўсёй краіне — па дзесяць малых вытворчасцей у кожным раёне кожны год.

А ў канцы 2014 году Аляксандр Лукашэнка канчаткова вызначыўся з новым законам: ён павінен працаваць з 1 студзеня 2015 году.

«Хочаце вярнуць паняцце „дармаедзтва“ — вяртайце, — сказаў Лукашэнка. — Гэта будзе больш зразумела для народу. Любымі спосабамі, якія мы ведаем і ўмеем рабіць, трэба прымусіць гэтых людзей працаваць!»

Як таго і патрабаваў кіраўнік дзяржавы, «падатак на дармаедства» пачаў дзейнічаць з 1 студзеня 2015 года. Праўда, прынялі яго задняй датай — 2 красавіка 2015-га.

Дэкрэт № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» абавязваў грамадзян, якія пастаянна пражываюць у Беларусі і не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржаўных выдаткаў або ўдзельнічалі менш за паўгода, сплачваць збор памерам 360 беларускіх рублёў (20 базавых велічыняў). Інакш ім пагражаў штраф або адміністрацыйны арышт.

У 2017 годзе збор сплацілі больш за 54 тысячы чалавек з 470 тысяч, якім былі разасланыя паведамленні, казалі ў Міністэрстве падаткаў і збораў.

Дэкрэт выклікаў хвалю пратэстаў у Беларусі ўвесну 2017-га. Удзельнікі «Маршаў недармаедаў» патрабавалі яго адмяніць. Вулічныя акцыі жорстка разганяла міліцыя, іх удзельнікаў штрафавалі і каралі адміністрацыйнымі арыштамі. Увесну 2017 году, пасля масавых акцыяў пратэсту па ўсёй краіне, Лукашэнка загадаў прыпыніць дзеянне дэкрэту на год, але пазней заявіў, што не адмовіўся ад «падатку на дармаедаў». Ад чыноўнікаў гучалі розныя прапановы, як абнавіць дэкрэт, у тым ліку супярэчныя Канстытуцыі.

 

«Дармаедзкі» дэкрэт №3 перапісалі

У студзені 2018 года Лукашэнка падпісаў абноўлены дэкрэт №1 «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва», які абавязвае ўсіх «не занятых у эканоміцы» грамадзян Беларусі ў поўным аб’ёме плаціць за датаваныя дзяржавай паслугі ЖКГ, пачынаючы з 2019 году.

У абноўленым дэкрэце новага азначэння «дармаедаў» няма. У пастанове Савету Міністраў ад 31 сакавіка выкарыстоўваюцца азначэнні «працаздольныя грамадзяне, не занятыя ў эканоміцы», і «працаздольныя грамадзяне, якія не працуюць».

«Не занятымі ў эканоміцы» лічацца грамадзяне Беларусі, якія не ажыццяўляюць працоўную, рамесную, творчую, навучальную ці іншую дзейнасць.

10 снежня Лукашэнка таксама пазбавіў семʼі, дзе ўсе працаздольныя — «дармаеды», права на атрыманне дзяржпадтрымкі пры будаўніцтве жытла.

·        Паводле пастановы Савету міністраў, у «базу дармаедаў» занеслі каля 500 тысяч чалавек. У іх лік трапілі, напрыклад, грамадзяне, якія сплацілі падаходны падатак, а таксама частка тых, хто стала пражывае за мяжой.

·        Каб давесці ўладам памылковасць занясення ў базу, неабходна зрабіць шэраг бюракратычных захадаў.

Імаверна, пастанову Саўміну аб «дармаедах» ад 31 сакавіка прынялі задняй датай. Вядома, што 4 красавіка гэтай пастановы яшчэ не было.

Сёння Беларусь застаецца адзінай у свеце краінай, дзе падатковым зборам абкладаюцца беспрацоўныя. Аднак магчымую «сацыяльную плату» на беспрацоўных грамадзян абмяркоўваюць з 2015 года і ў Расіі.

www.svaboda.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!