Як каронавірус паўплывае на нараджальнасць у Беларусі?

У 2019 годзе нараджальнасць у Беларусі дасягнула мінімуму з пасляваеннага часу. Што будзе адбывацца ў краіне ў 2020 годзе? Ці адаб'ецца сітуацыя з каронавірусам на жаданні беларусаў заводзіць дзяцей? Партал rebenok.by пагутарыў пра гэта з загадчыцай сектара сацыяльна-дэмаграфічнай палітыкі Інстытута эканомікі НАН РБ Наталляй Шчарбіна.




Антырэкорд 2019 года будзе не апошнім

З 2016 года зніжэнне нараджальнасці ў Беларусі стала ўстойлівым трэндам, таму антырэкорд 2019 года будзе не апошнім, лічыць эксперт. У першым квартале 2020 года нараджальнасць знізілася яшчэ на 6,2%. У большай ступені гэта тычыцца нараджэння першага і другога дзіцяці.

 Усе гэтыя працэсы заканамерныя. Па-першае, з пункту гледжання дэмаграфічнай хвалі: цяпер нараджае малаколькаснае пакаленне жанчын, якія нарадзіліся ў 90-я гады. Па-другое, з пункту гледжання дэмаграфічнага пераходу для такіх краін, як Беларусь, зніжэнне нараджальнасці з'яўляецца нормай.

У выпадку трэціх дзяцей зніжэнне нараджальнасці не такое выяўленае, а колькасць народжаных чацвёртых дзяцей нават трохі павялічылася. Але доля чацвёртых і наступных дзяцей зусім нязначная — 6,7% у агульнай колькасці дзяцей.

Зніжэнне паказчыка па нараджэнні трэцяга дзіцяці адзначаецца з 2017 года, да гэтага больш за 10 гадоў мы назіралі яго ўстойлівы рост. Магчыма, гэта звязана са зніжэннем эфектыўнасці дзяржаўнай падтрымкі. Паглядзім,  ці палепшыць сітуацыю ў гэтым годзе пашырэнне магчымасцяў датэрміновага выкарыстання сямейнага капіталу з 1 студзеня 2020 года.

Не сама эпідэмія, а эканамічныя наступствы паўплываюць на нараджальнасць


У дадзены момант складана меркаваць пра ўплыў эпідэміі каронавіруса на нараджальнасць, паколькі цяпер нараджаюцца дзеці, якіх планавалі яшчэ да пачатку эпідэміі. Калі казаць пра ўплыў паводніцкіх фактараў на нараджальнасць, то ў цяперашні час беларускія сем'і паводзяць сябе па-рознаму, лічыць Наталля Шчарбіна.

— Хтосьці па-ранейшаму плануе пашырэнне сям'і, хтосьці пакуль ставіць гэтае пытанне на паўзу. І апошніх можа стаць больш, калі эпідэмія прывядзе да эканамічнага крызісу. Бо як вядома, многія сем'і адкладаюць нараджэнне дзяцей пры пагаршэнні фінансавага становішча.

Эксперт падкрэслівае, што большы ўплыў на нараджальнасць можа аказаць не сам факт эпідэміі ў краіне, а стан нявызначанасці падчас і пасля яе.

— Многія людзі баяцца эканамічных праблем, звальнення з працы і беднасці. І гэта можа негатыўна адбіцца на рашэнні беларускіх сем'яў нараджаць дзяцей, што ў выніку прывядзе да сур'ёзнага спаду нараджальнасці пасля эпідэміі каронавіруса.

У прыклад эксперт прыводзіць 90-я гады:

— Тады нараджальнасць пачала падаць крыху раней, чым стаў відавочны ўвесь маштаб эканамічных узрушэнняў. І звязана гэта з пачуццём нявызначанасці, якое было ў беларусаў. Яно прымушала людзей адкладаць нараджэнне дзяцей да таго моманту, калі з'явіцца ўпэўненасць у сваіх даходах, у магчымасці ўтрымліваць сям'ю. Тое ж самае можа адбыцца і цяпер, бо людзі не разумеюць, калі скончыцца эпідэмія і да чаго яна прывядзе.

Самаізаляцыя сем'яў не павысіць нараджальнасць


У краінах Еўропы і Расіі адзначаны рэзкі попыт на цацкі для дарослых і тэлевізійныя каналы 18+. З-за чаго некаторыя эксперты пачалі прагназаваць бэбі-бум пасля эпідэміі. Наталля Шчарбіна лічыць, што такое наўрад ці адбудзецца ў Беларусі:

— Не настолькі беларускія сем'і «закрытыя». Калі ў іншых краінах уведзены жорсткі каранцін, то ў нашай краіне толькі некаторыя сем'і прынялі рашэнне аб поўнай самаізаляцыі. Астатнія вядуць звыклы лад жыцця. Таму наўрад ці ў нас падвысіцца нараджальнасць праз самаізаляцыю.

Нараджальнасць у гарадской мясцовасці ўпадзе больш, чым у сельскай


Тэндэнцыя больш стрыманага падзення нараджальнасці ў сельскай мясцовасці ў параўнанні з гарадской назіралася і ў мінулыя гады. Пасля эпідэміі наўрад ці нешта зменіцца, адзначае эксперт.

— У сельскіх сем'ях дапамога з'яўляецца дастатковым стымулам для нараджэння дзяцей. Паколькі заробкі там могуць быць ніжэйшыя за саму дапамогу. І нараджэнне дзяцей з'яўляецца эканамічна мэтазгодным для сям'і. Таму там, хутчэй за ўсё, у меншай меры зменіцца нараджальнасць, нават з улікам эпідэміі каронавіруса і наступных эканамічных неспрыяльных умоў. Нават, наадварот, некаторыя сем'і могуць вырашыць, што дапамога можа стаць выдатнай крыніцай прыбытку, таму могуць вырашыцца на нараджэнне дзіцяці нават ва ўмовах эпідэміі і крызісу.

У гарадской мясцовасці справы ідуць інакш.

Гарадскія сем'і не разглядаюць дапамогу як вырашальны фактар. А эпідэмія і эканамічныя складанасці з працай з-за яе могуць яшчэ больш пагоршыць сітуацыю з нараджэннем у гарадах. Скарачэнне занятасці ўжо адбываецца ў прыватным сектары і можа закрануць многіх сем'яў. Значная частка беларускіх жанчын занятая ў бюджэтнай сферы. А цяпер менавіта гэтая занятасць можа стаць стабільнай крыніцай даходаў для сям'і. У сітуацыі, калі адзіным карміцелем у сям'і ва ўмовах эпідэміі і крызісу можа застацца жанчына, якая працуе, наўрад ці сям'я задумаецца аб нараджэнні дзяцей. Хутчэй за ўсё рашэнне аб папаўненні ў сям'і будзе адкладзена да «лепшых часоў».

Але беларусы — не выключэнне. Каранцін наўрад ці прывядзе да росту нараджальнасці, лічаць італьянскія навукоўцы з Фларэнтыйскага ўніверсітэта. Пра гэта сведчаць вынікі анлайн-апытанняў — больш за 80% людзей не плануюць зачаццяў ў гэты перыяд, а траціна тых, хто планавалі, адмовіліся ад гэтай ідэі. Праца была апублікавана ў часопісе Psychosomatic Obstetrics and Gynecology.

Паводле rebenok.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: