Конкурс маладых журналістаў

Як мінчук будаваў школу для дзяцей у Непале

Кожны раз з пачаткам сезону адпачынкаў і вандровак мы задумваемся пра тое, як і дзе мы будзем бавіць свой час. Хтосьці шукае экзотыкі, хтосьці камфорту, а хтосьці і чаго большага. Калі вы яшчэ не вызначыліся, дазвольце пазнаёміць вас з Барысам, які замест адпачынку мусіў... працаваць. Але — у Непале.

Барысу 28 гадоў, жыве ён у Мінску, і вандроўкі — адно з яго галоўных захапленняў. Ён з задавальненнем дзеліцца ўражаннямі пра сваё апошняе незвычайнае падарожжа. Магчыма, ягоны прыклад стане для вас добрай парадай.

Барыс Барысаў. Фота аўтара

Барыс Барысаў. Фота аўтара

Незвычайная прапанова

Аднойчы ў Барыса з яго жонкай Вольгай узнікла думка правесці адпачынак незвычайна. Яны пачалі шукаць у інтэрнэце сайты, якія б прапаноўвалі штосьці ўнікальнае. Выпадкова патрапілі на інфармацыю пра валанцёрскія праграмы, і вырашылі, што варта паспрабаваць паўдзельнічаць. Самыя актуальныя і цікавыя прапановы, якія яны знайші праз гугл-пошук, былі на сайце All hands and hearts — амерыканскай праграмы, якая здзяйсняе валанцёрскую працу пасля катастроф па ўсім свеце.

«Нам на выбар былі і Пуэрта-Рыка, і Дамініканская рэспубліка пасля ўрагану, ЗША, Непал пасля землятрусу і іншае. Мы абралі Непал, бо палічылі гэтае месца цікавым і даволі экзатычным. У гэтай высакагорнай краіне моцны землятрус адбыўся яшчэ ў 2015 годзе. Працы па ліквідацыі наступстваў катастрофы вяліся ад самага пачатку і завалы разабралі даўно. Але дапамога ўсё адно патрэбная, бо Непал — вельмі бедная краіна, і аднавіць гаспадарку цалкам не з’яўляецца магчымым. Да таго ж, зусім нядаўна там скончылася грамадзянская вайна. Апошнія ўзброеныя сутычкі паміж радыкальнымі мааістамі і нацыянальнымі войскамі былі ў 2011 годзе. Праз гэта рэзка скарацілася колькасьць турыстаў, а турызм — адзін з асноўных крыніц прыбытку дзяржавы».



Патрабаванні да валанцёраў

«Патрабаваннямі для жадаючых прыняць удзел у валанцёрстве былі сціплымі: мінімальны ўзровень англійскай мовы і навыкі працы з будаўнічымі інструментамі. Здаецца, любы беларускі хлопец майго ўзросту ўжо большасць такіх інструментаў трымаў у руках, таму праблемы я не бачыў. Па сутнасці, там трэба былі падсобнікі на будоўлю.

Авіяквіткі аплочваць трэба было самастойна. У два бакі яны абыйшліся мне прыкладна ў 500 долараў. Я б не сказаў, што гэта шмат для такой адлегласці. Грошай не шкадую. Калі б паляцеў туды як турыст, то аплочваў бы яшчэ жытло і харчаванне. Дый не факт, што мне было б там так цікава ўвесь гэты час, як праз такую «місію». Гэта дакладна запомніцца».

Аб’ектаў для працы валанцёраў у Непале шмат. Асабліва ў маленькіх горных вёсках. Каманда, дзе працаваў Барыс, займалася будаўніцтвам школы ў вёске Калікасаран. Там мала жыхароў, але ёсць дзеці, якія маюць патрэбу ў школе. Ранейшая школа была да падмурка зруйнавана землятрусам. Таму задачай валанцёраў было пабудаваць новы сейсматрывалы будынак. Працы распачаліся ў верасні 2017-га, а Барыс трапіў ужо на апошні этап будаўніцтва і заспеў здачу аб’екта.


Некаторыя храмы і славутасці да цяперашняга часу стаяць у будаўнічых лесах. Іх паступова аднаўляюць пасля землятрусу 2015-га года. Фота Барыса Барысава

Некаторыя храмы і славутасці да цяперашняга часу стаяць у будаўнічых лесах. Іх паступова аднаўляюць пасля землятрусу 2015-га года. Фота Барыса Барысава


Каманда Барыса

Каманда, ў якой працаваў Барыс, налічвала прыкладна 50 чалавек 20-ці розных нацыянальнасцяў. У асноўным гэта моладзь. Дзяўчын нават было крыху больш за хлопцаў, нягледзячы на спецыфіку працы.

«Палова валанцёраў прыехалі туды, як і мы з жонкаю, — за прыгодамі. Астатнія былі, так бы мовіць, сапраўды «ідэйнымі», якія пастаянна ездзяць у розныя куткі свету дапамагаць людзям. Былі канешне і тыя, каму проста рабіць няма чаго, але такіх былі адзінкі».

«Жылі мы ў намётах. Кожны прывозіў свой намёт, але калі б хто яго не ўзяў ці забыўся, то гэта не стала праблемай. Часта здаралася, што валанцёры з’язджалі і пакідалі там свае намёты сабранымі разам з неабходнымі рэчамі».

Валанцёры цешацца краявідамі падчас перапынку ад працы. Фота Барыса Барысава

Валанцёры цешацца краявідамі падчас перапынку ад працы. Фота Барыса Барысава

Што запомнілася

«Эканамічна Непал вельмі залежыць ад суседкі Індыі. Большая частка ўсяго, што можна знайсці ў продажы ў Непале, індыйскага вырабніцтва».

«Усё ў працы было вельмі добра арганізавана і прадугледжана. Нават дробязі ўлічваліся. Напрыклад, меліся «санітайзеры» — спецыяльныя аэразолі для дэзынфекцыі рук, якія, дарэчы, таксама вырабляюць у Індыі. Кожную раніцу ладзіўся «мітынг» — планёрка. На ім кожны казаў, што і дзе будзе рабіць, агучваліся пажаданні. Штодня назначаліся «хаўс-кіперамі» два чалавекі, якія не ішлі працаваць. Яны вырашалі побытавыя патрэбы каманды: прыбіралі, гатавалі ежу, мылі посуд…»

Імправізаваная сталоўка ўдзельнікаў праекту. Фота Барыса Барысава

Імправізаваная сталоўка ўдзельнікаў праекту. Фота Барыса Барысава

Цікава адзначыць, што ўсе валанцёры падпісвалі дамову ў якой асобнай графой значыўся пункт па недапушчальнасць сэксуальных дамаганняў. Але ўсё адно знайшліся два хлопцы, якіх на трэці дзень выкінулі з праекта па гэтай прычыне.

Фота аўтара

Фота аўтара

Англійскую мову там ведаюць амаль усе непальцы. Дый сярод валанцёраў гэта быў асноўны сродак камунікацыі. Але ў мяне англійскя мова слабая. Я там размаўляў з італійкай, якая таксама слаба ведала англійскую, таму мы добра разумелі адзін аднаго (смяецца). Што дзіўна, яе звалі Алеся. Хто б мог падумаць, але гэтае імя даволі распаўсюджанае ў Італіі».
Галоўная мясцовая славутасць — Ступа ў цэнтры храмавага комплексу Баднатх, пабудаваная яшчэ ў VI стагоддзі. Гэтае месца лічыцца асноўным цэнтрам тыбецкага будызму ў Непале. Фота Барыса Барысава

Галоўная мясцовая славутасць — Ступа ў цэнтры храмавага комплексу Баднатх, пабудаваная яшчэ ў VI стагоддзі. Гэтае месца лічыцца асноўным цэнтрам тыбецкага будызму ў Непале. Фота Барыса Барысава

Пра адметны дарожны рух

«У іх, канешне, дзейнічаюць правілы дарожнага руху, але ездзяць непальцы, як ім хочацца. Свае дзіўныя манеўры загадзя азначаюць гучным сігналам. Што цікава, ездзяць усе не хутка і сігналяць, таму не заўважыць аўто нерэальна. Там вельмі рэдкія выпадкі ДТЗ. Хутка ездзяць, мабыць, толькі таксісты і то ўначы, калі на дарозе пуста».

Смецце і бруд на вуліцах Катманду звычайная рэч. Фота Барыса Барысава

Смецце і бруд на вуліцах Катманду звычайная рэч. Фота Барыса Барысава

Пра ежу

«У тамтэйшых крамах я зусім не бачыў лядоўняў. Усе прадукты харчавання, якія мне сустракаліся, разлічаныя на нядоўгі тэрмін захоўвання. Мяса там можна знайсці на кірмашах, але ў мяне ўзнікала пытанне яго свежасці. Бо ляжала яно проста да кучы ў нейкіх пластыкавых тазіках, нічым не прыкрытае».

 Свяшчэнная рака Багмаці, якая цячэ праз Катманду, вельмі забруджаная. Фота Барыса Барысава

 Свяшчэнная рака Багмаці, якая цячэ праз Катманду, вельмі забруджаная. Фота Барыса Барысава

Пра непальскую дабрыню

«Гэтай вясной у Непале святкавалі новы 2075 год па мясцовым календары. Непальцы ў святочны дзень былі расфарбаваныя, цікава апранутыя, і самае прыемнае — мора ўсмешак. Праз аднаго ўсе усміхаюцца. Нашыя людзі на Новы год столькі не ўсміхаюцца. Вельмі адкрыты і добры народ. Увогуле, атмасфера там больш душэўная. Жывуць небагата, але больш шчыра радуюцца жыццю, чым беларусы.

Амаль кожная будаўнічая цэгла мела там выяву свастыкі, якая ў Непале сімвалізуе дабрабыт. Фота Барыса Барысава

Амаль кожная будаўнічая цэгла мела там выяву свастыкі, якая ў Непале сімвалізуе дабрабыт. Фота Барыса Барысава

Непальцы вельмі любяць турыстаў і заўсёды вітаюцца. Мне распавядалі, што падчас вайны, калі ў зону баявых дзеянняў выпадкова траплялі турысты, то нават паўстанцы адводзілі іх у бяспечнае месца. І за ўвесь час канфлікту, ніводзін турыст не пацярпеў».  
   
Выгляд будуючай школы для дзетак на апошніх этапах будаўніцтва

Выгляд будуючай школы для дзетак на апошніх этапах будаўніцтва

Свята на ўрачыстым адкрыцці школы. Фота Барыса Барысава

Можна пагадзіцца, што адпачынак у Барыса прайшоў, як ён таго і жадаў, незвычайна. Вядома, кожны абірае свой фармат таго, як яму бавіць час. Галоўным задавальненнем для нашага героя стала спалучынне вандроўкі і добрай карыснай справы. На развітанне Барыс прамовіў:

«Я пажадаю ўсім часцей шукаць магчымасці для бескарыснай дапамогі іншым людзям. Нават невялікія намаганні здольныя ашчаслівіць многіх. Праз гэтую паездку я зразумеў, наколькі гэта бывае простым. Людзям часта бракуе ўвагі да праблемаў, якія вырашаюцца прасцей, чым здаецца. Невялікія грошы, якія выдаткаваныя на маленькую вясковую школу — кроплі, ў параўнанні з вайсковымі выдаткамі дзяржаў, безсэнсоўнымі марнаваннямі па сваёй сутнасці».

Барыс не шкадуе, што замест адпачынку ён мусіў папрацаваць. Фота Барыса Барысава

Барыс не шкадуе, што замест адпачынку ён мусіў папрацаваць. Фота Барыса Барысава



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Anatol Starkou
  • 2018-05-20 17:31:07
На апошнім здымку ў касцы Барыс пахожы на майго роднага брата, які жыве ў Расеі, і які маладзейшы за мяне на два гады, і адначасова пахож на майго пляменніка расейца, якія непахожыя на мяне.

"Я пажадаю ўсім часцей шукаць магчымасці для бескарыснай дапамогі іншым людзям. Нават невялікія намаганні здольныя ашчаслівіць многіх."

YES.
Беларус каму заўгодна і дзе заўгодна дапаможа. Акрамя ля дома свайго, ля сваёй хаты на Беларусі.
  • КЭП
  • 2018-05-21 11:29:08
Гісторыя гэтая канкрэтна пра падарожжа. У ёй, па факце, анічога не сказана пра тое, ці дапамагае Барыс ці не, камусьці «ля сваёй хаты». Таму вашае меркаванне невядома адкуль узятае і проста выдумка без пацвярджэння. Проста «трольнае» бла бла бла.
  • Anatol Starkou
  • 2018-05-21 12:22:31
Я ж прывёў цытату, на якую вы не звярнулі ўвагі ні ў тэксце артыкула, ні ў маім каменце. А там сказана: "Дапамажы бліжняму свайму." Вось адкуль з'явілася ў мяне беларуская хата, ля якой таксама трэба дапамагаць бліжнім.

Пра падарожжа? Ну дык ад'ехаў метар ад беларускай хаты і ўжо падарожжа.
  • Маша
  • 2018-05-21 13:10:32
Дзякуй за цудоўны артыкул! Адукацыя - гэта будучыня, так сумна, што ў 21 стагоддзі не усе маюць магчымасць вучыцца у школе.
Барыс - малайчынка)

Каментаваць