«Як можна на могілках забараняць ставіць крыжы?»

Абаронцы Курапатаў звярнуліся ў пракуратуру з патрабаваннем праверыць дзеянні чыноўнікаў, якія загадалі прыбраць з мемарыялу крыжы ўздоўж дарогі Заслаўе — Калодзішчы.
Курапаты з боку дарогі Заслаўе—Калодзішчы з яшчэ старымі крыжамі

Курапаты з боку дарогі Заслаўе—Калодзішчы з яшчэ старымі крыжамі

У звароце на імя генпракурора Беларусі Аляксандра Канюка актывісты спасылаюцца на тое, што згодна з законам «Аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь», гісторыка-культурная каштоўнасць першай катэгорыі «Месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсіяў (1930—1940-я гады) ва ўрочышчы Курапаты» з’яўляецца тэрыторыяй асаблівага дзяржрэгулявання, на якой дзейнічаюць спецыяльныя правілы выкарыстоўвання тэрыторый. І менавіта гэтыя нарматыўныя акты маюць першанства перад усімі іншымі заканадаўчымі актамі. Галоўным заканадаўчым дакументам для мемарыяла Курапаты і яго ахоўных зон з’яўляецца Пастанова Міністэрства культуры 70 01.12.2014 «Аб зацвярджэнні праекта зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці – «Месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій (1930–1940-я гады) ва ўрочышчы Курапаты (Мінскі раён)» (далей Пастанова МК №70).

Згодна з ёй грамадства праводзіць усе працы па ўшанаванні ахвяр сталінізму, у тым ліку і ўсталяванне 13 новых крыжоў уздоўж дарогі Заслаўе— Калодзішчы 28 кастрычніка. Крыжы былі зроблены за кошт саміх грамадзян, імі прывезены і ўсталяваны, не парушаючы межаў помніка. Бо,згодна з Пастановай, «межамі тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці з’яўляюцца: на поўначы – чырвоная лінія паўднёвага боку дарогі Заслаўе–Калодзішчы, якая ідзе на адлегласці шасці метраў ад сучаснага дарожнага палатна».

Аднак 29 кастрычніка генеральны дырэктар КУП «Мінскаблдарбуд» Дзяніс Сцяпанаў  выставіў грамадзянам, што ўсталявалі крыжы, прэтэнзію, у якой сцвярджае, што актывісты парушылі закон «Аб аўтамабільных дарогах і дарожнай дзейнасці», бо ўсталявалі крыжы ў паласе адвода дарогі.

«КУП «Мінскаблдарбуд» з’яўляецца ўласнікам дарогі Заслаўе—Калодзішчы, і па іх дакументацыі шырыня паласы складае  29 метраў ад цэнтра сучаснага палатна, што не адпавядае межам мемарыяла Курапаты, то бок магілы, западзіны з парэшткамі закатаваных людзей становяцца маёмасцю не мемарыяла, а «Мінскаблдарбуда». Гэта абсурд», — адзначаюць абаронцы Курапатаў.  

Генеральны дырэктар «Мінскаблдарбуда» патрабаваў прыбраць крыжы з паласы адвода да 31 кастрычніка, і прыгразіў знішчыць крыжы ў выпадку невыканання прэтэнзіі.

«У прэтэнзіі прадпрыемства пазначана, што праз усталяванне крыжоў пашкоджана яго маёмасць як уласніка аўтадарогі Заслаўе—Калодзішчы. Пры гэтым не ўлічваецца ні Пастанова Мінкульта №70, ні тое, што гісторыка-культурная каштоўнаць Курапаты — гэта вялікі чалавечы  магільнік, месца апошняга прытулку тысяч і тысяч навінна забітых людзей. Як можна на могілках забараняць ставіць крыжы?» — абураюцца актывісты.

 У якасці альтэрнатывы яны прапануюць зменшыць паласу адвода, каб яна не залазіла на тэрыторыю Курапатаў — заканадаўства гэта дазваляе.

«Мы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, вельмі абураны такімі паводзінамі чыноўнікаў ад «Мінскаблдарбуда». Мы просім Генеральную пракуратуру даць сваю адзнаку падзеям. Павінна быць здзейсненая адпаведная праверка пракуратуры і Следчага камітэту. Закон пра ахову гісторыка-культурнай спадчыны (Кодэкс аб культуры) павінен мець прэрагатыву над законам «Аб аўтамабільных дарогах і дарожнай дзейнасці», — заключаюць аўтары звароту.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Anatol Starkou
  • 2018-10-31 11:08:24
"Згодна з ёй грамадства праводзіць усе працы..."

А ГРАМАДСТВА гэта тыя 200 змагароў, што ішлі нядаўна пад б-ч-б сцягам да Курапат? А астатнія 9,5 млн беларусаў грамадства ці НЕ ГРАМАДСТВА? Налицо противоречия из-за отсутствия понятия частной собственности. В этом смысле капіталізм нікогда бы такого не допустіл, чтобы некальки змагароў адымалі час у пракурора пустымі лістамі.

Як я ўжо казаў не раз у нашых незалежных СМІ - задача перехода от совка БССР к независимой РБ, окруженной капитализмом, не имеет положительного для общества и государства решения. Это аксиома Старкова. Вось з-за расейскай рэвалюцыі 1917, якая знясла паняцце прыватнай уласнасці ды адвяла нас ад капіталізму, ў нас усе праблемы: праведныя б-ч-б змагары і няправедная ўлада. А тут у ЗША няма праведных змагароў і няма няправеднай улады. Тут ёсць гаспадары (пры ўладзе і палітыцы) і немаёмныя (без улады і палітыкі).
Яшчэ гадоў 15 пажыву ў Штатах і пачну думаць, што ўсё ж тутэйшае грамадства правільна збудавана.
  • Аляксандр
  • 2018-10-31 15:45:29
Мяркую, што помнік Сталіну (замест кр крыжоў) не выклікаў бы ніякіх супярэчанняў.
  • Anatol Starkou
  • 2018-10-31 23:08:29
Не згодзен. Сталін закатаваў прадстаўнікоў практычна ўсіх народаў былога СССР, а хто спіць вечным сном у Курапатах дагэтуль невядома. Ці наўрад выключна хрысціяне.