Як навучыцца жыць пасля стрэсу

Прайшоў год з вядомых падзей жніўня 2020 года, а шмат хто з беларусаў гэтак і працягвае жыць у стане стрэсу, дакладней — яго наступстваў. Праязджае паблізу танаваны аўтобус, чуеш залпы салюту, бачыш людзей у форме — і ў лічаныя секунды вяртаешся ў той час, цябе «трыгерыць», як цяпер кажуць. А па начах усё гэтак жа сніцца, як уцякаеш ад АМАПаўцаў, ці на тваіх вачах некага збіваюць альбо «пакуюць»…

Толькі за першы месяц пратэстаў, па даных «Медиазоны», у Мінску было затрымана 1376 чалавек, збіцці працягваліся і пасля мітынгаў, калі дастаўлялі ў РУУС, ізалятары часовага ўтрымання. Яшчэ больш людзей міжволі сталі сведкамі затрыманняў, ужывання грубай фізічнай сілы альбо самі ўцякалі ад пераследу. Дый навінавыя стужкі перыядычна папаўняліся відэа, ад якіх «у жылах стыне кроў».

Хтосьці знайшоў у сабе сілы і звярнуўся да псіхолага, але большасць так і жыве ў стане стрэсу, не разумеючы, як палепшыць якасць жыцця і аднавіць рэсурс. На жаль, не прынята ў нашай краіне звяртацца да псіхолагаў.

Што цяпер адбываецца з тымі, хто быў актыўным удзельнікам падзей жніўня 2020?

Таццяна, псіхолаг-валанцёр з'яднання псіхолагаў у жніўні 2020 года:

Спачатку вызначымся, што такое посттраўматычнае расстройства, з якім мы так масава стукнуліся летась: гэта цяжкі псіхічны стан, які ўзнікае ў выніку адзінкавых ці паўторных падзей, што аказваюць звышмагутны негатыўны ўплыў на псіхіку чалавека.

Траўматычнасць падзеі цесна звязаная з адчуваннем уласнай бездапаможнасці з-за немагчымасці эфектыўна дзейнічаць у небяспечнай сітуацыі. У наш час часцей ужываецца шырэйшае азначэнне: посттраўматычнае стрэсавае расстройства (ПТСР). Паводле розных даследаванняў, ПТСР у сярэднім развіваецца ў 10–15% людзей, якія перажылі псіхатраўмавальную падзею.

Галоўнымі фактарамі, што спрыяюць развіццю ПТСР, лічацца псіхічныя і нервовыя захворванні, псіхалагічныя траўмы, атрыманыя ў дзяцінстве, пашкоджанні галавы рознай ступені цяжару, сацыяльны недабрабыт і спадчынныя фактары. Грунтуючыся на асабістым досведзе ўзаемадзеяння з ахвярамі міліцэйскага гвалту 2020 года, я магу адназначна сказаць, што «Беларускі ПТСР-2020» (упэўнена, што ў будучыні з’явіцца такое азначэнне) развіваўся ў тых, у каго не было нічога з вышэйпералічанага спіса.

І гаворка ідзе не толькі пра тых, хто падпаў пад катаванні і гвалт, а і нават пра тых, хто ані разу не быў затрыманы, але змагаўся за свае правы і волю. У гэтай групы стрэсавы разлад справакаваны знаходжаннем у месцах, дзе ўжывалі святлашумавыя гранаты, стралялі, збівалі безабаронных людзей. Або гэтыя людзі сутыкаліся з жорсткім затрыманнем родных, пазбаўленнем волі як блізкіх, гэтак і тых, каго яны ані разу не бачылі асабіста.

ПТСР працякае ў 3-х стадыях: вострая, хранічная і адкладзеная. Цяпер мы маем справу з адкладзенай стадыяй, якая доўжыцца ад паўгода да некалькіх гадоў. Пры гэтым дэпрэсія пагаршаецца, чалавек часта сыходзіць у залежнасці.

Прайшоў год — досыць вялікі тэрмін. Ці мае сэнс звяртацца да псіхолага, псіхатэрапеўта ці ўжо позна?

Вольга, псіхолаг анлайн-курса «СТУПЕНИ. Пераадоленне выгарання. Аднаўленне рэсурсу»:

— Звярнуцца да псіхолага ніколі не позна. Галоўнае, каб у гэтым была ўнутраная патрэба чалавека. Калі раней шмат хто лічыў, што паслугі псіхолага — гэта дорага і бессэнсоўна, то цяпер валанцёры праводзяць анлайн-курсы. Пры гэтым захоўваецца ананімнасць абодвух бакоў, заняткі адбываюцца ў невялікіх групах.

Да нас звяртаюцца тыя, хто часта адчувае абвастрэнне трывогі, мае парушэнні сну ці наступствы траўмы, звязанай з гвалтам над сабой, над блізкімі. У шмат каго страчана пачуццё бяспекі, перыядычна ўзнікаюць панічныя атакі, цікі, іншыя наступствы псіхатраўмы. Апошнім часам — гэта безнадзейнасць, страта кантролю, расчараванне, праблемы ў стасунках з роднымі. У тых, хто цяпер у эміграцыі — нуда па родных, дому. Часта — выгаранне, калі ні на што не застаецца сіл.

Таццяна: — Псіхатэрапія — абавязковы кампанент лячэння ПТСР. Адной з самых эфектыўных з’яўляецца методыка вяртання ў сітуацыю, падчас якой чалавек паўторна перажывае псіхатраўмавальную сітуацыю з мэтай прыняць і перапрацаваць цяжкі жыццёвы досвед. Пры кожным крызісе, выкліканым высокім узроўнем стрэсу, важна атрымаць дапамогу без прамаруджвання, у ідэале — у першыя 72 гадзіны.

Лячэнне посттраўматычнага сіндрому можа займаць даволі працяглы час — ад 6 да 12 месяцаў, а псіхатэрапеўтычнае суправаджэнне часам патрабуецца і далей. Калі пасля перажытага стрэсу чалавек паводзіць сябе як звычайна, ні на што не скардзіцца, ёсць імавернасць, што ён разабраўся са сваім станам самастойна. Аднак бывае і так, што чалавек проста не ўсведамляе, што з ім нешта адбываецца ці ігнаруе гэты факт.

Чаму вы вырашылі прайсці курс псіхалагічнай дапамогі?

Марына, слухач анлайн-курса «СТУПЕНИ. Пераадоленне выгарання. Аднаўленне рэсурсу»:

— Патрэба была даўно, але неяк не знаходзілася часу, былі больш важныя справы. Раней не мела досведу камунікавання з псіхолагам, але разумела, што доўга ў стане «сціснутай спружыны» знаходзіцца складана і могуць быць кепскія наступствы. Сілы няма ці нікчэмна мала, яе складана аднаўляць, і ты не разумееш, як яе размяркоўваць.

Навіны ў тэлеграме і на сайтах маніторыш практычна ўвесь час. І ўжо ведаеш, што чакаць нешта добрае — неразумна, навакол дно-дно-дно. Ты кожны дзень чытаеш пра новыя затрыманні і цешышся, што гэта не твае блізкія. І не ты сам. Пакуль што. Тваё атачэнне жыве такім жа чынам, і вось гэтыя эмацыйныя арэлі не даюць рухацца наперад.

Убачыла анонс курсаў у адным з чатаў, і вырашыла паспрабаваць. Час абірала сама, бо прапануецца некалькі варыянтаў. Калі шчыра, я не вельмі верыла ў вынік, бо няма кантакту «вочы ў вочы». На платформе ёсць відэаўрокі і хатнія заданні, якія потым разам разбіраем у групе. Усяго шэсць заняткаў, — але карысць ад іх адчувальная. Аказалася, што заняткі анлайн — рэальна на карысць.

Новы акаўнт, поўная ананімнасць, галасавы чат. Група невялікая. Няма імёнаў — толькі нікі, галасы, інтанацыі і гісторыі ўдзельнікаў. І гэта ўсё, што ты ведаеш пра такіх жа, як ты сам. На фоне іншых твае праблемы часам падаюцца зусім не праблемамі. У цябе ёсць магчымасць выказацца, параўноўваць, часам даваць ці атрымліваць парады ад псіхолага і ад удзельнікаў. Кожнаму надаецца максімум увагі, пры патрэбе прапануюцца індывідуальныя заняткі. Ты засяроджваешся на сабе і пачынаеш думаць іншымі катэгорыямі, усведамляеш што важна, а што другаснае.

Таццяна: — Сумна, што большасць пацярпелых звярталіся за дапамогай не па ўласным жаданні, а па перакананні родных. І справа не ў менталітэце, у сілу якога большасць лічыць, што за псіхалагічнай дапамогай звяртаюцца толькі «псіхі», справа ў сораме і страху непрыняцця, асабліва ў тых, хто сутыкнуўся з сексуальным гвалтам.

Цяжка паверыць, але сустракаліся такія сем’і, якія замест таго, каб падтрымаць сваіх родных, у сілу іншых палітычных поглядаў увесь час нагадвалі: «Ты сам(а) вінаваты(ая)». Пры гэтым падтрымка і магчымасць падзяліцца сваімі перажываннямі — важны складнік на шляху акрыяння.

Што было самым складаным на курсе?

Марына: — Самае складанае, на маю думку, адважыцца «агаліць душу» і быць упэўненым ва ўласнай бяспецы. І вось тут галоўнае — зрабіць першы крок, проста пачаць гаварыць і зразумець, што такіх «параненых» багата. Псіхолагі працуюць тактоўна, паводле пэўнай схемы, і ты не ведаеш правілаў гульні: што ў размове важна, а што — не, і да якой высновы прыйдуць.

Не ўпэўнена, што звярнулася б па дапамогу да псіхолага наўпрост. Тут жа, крок за крокам, паволі, прапрацоўваеш усе свае праблемы, часам пачынаючы з дзяцінства, і вылучаеш важнае і непатрэбнае. Ужо па сканчэнні курса ў нейкіх момантах вяртаешся да пройдзенага матэрыялу. Гэта дапамагае ісці далей і слушна размяркоўваць сілы. Думаю, курс шмат чым дапаможа. Галоўнае, знайсці сілы пачаць, а далей — дарогу здужае ідучы.

Як вы лічыце, ці дапаможа людзям хутка вярнуцца да паўнавартаснага жыцця развязанне палітычнага крызісу?

Марына: — Цяпер мы ўсе ў стане эмацыйных арэляў, уважліва сочым за ўсім, што адбываецца, але ўжо без ілюзій, без надзеі на «вось-вось, да цуду адзін крок». Нехта змушаны пакінуць краіну, амаль кожны з тых, хто тут «закупіў шампанскага» і чакае таго самага шчаслівага моманту. Станоўчыя эмоцыі ў нейкай ступені дадуць свой вынік, вядома. Але тут ёсць яшчэ адзін вельмі важны складнік: у нас знікне страх, мы адчуем сябе ў бяспецы, і гэта ўсё-ткі дапаможа быць «на хвалі, не тануць у дэпрэсіі», дасць новы імпульс. У кожным разе, дапамога псіхолага лішняй не будзе.

Вольга: — Думаю, па-за залежнасцю ад гэтага шмат каму спатрэбіцца дапамога. На жаль, у нашым грамадстве няма звычкі клапаціцца пра ўласную псіхіку, як пра зубы, напрыклад. Хоць гэта нібы не меней важнае, асабліва ва ўмовах дыстрэсу (стрэсу, злучанага з выяўленымі негатыўнымі эмоцыямі, што аказвае шкодны ўплыў на здароўе). І ў цэлым у грамадстве выхавана грэбаванне да эмацыйнай сферы. У нас няма прыкладу папярэдняга пакалення, адгэтуль і такое стаўленне.

Важна ўсвядоміць: што б мы ні рабілі ў жыцці, чым бы мы ні займаліся, мы робім гэта сабой. Сваёй асобай, псіхікай. І калі яна разбураная, у нядбайнасці, гэта значна страшней, чым зубы, якія можна вылечыць адносна лёгка і хутка.

Ілюстрацыйныя фота Дзмітрыя Дзмітрыева і Яны Трусіла

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: