Ніводны ідэолаг не заменіць рабочага. Як не баяцца звальнення і пачаць жыць

У інтэрнэце час ад часу мне трапляецца карцінка з подпісам: «Ты лайкаеш поп-зорак і акцёраў. Але, калі здарыцца аварыя на ВЛЭП і адна брыгада працоўных не выйдзе на працу, ты зразумееш, хто насамрэч каштоўны для краіны». Гэта — заклік паважаць працоўнага чалавека.


Наш гонар

Працоўныя, як ужо было згадана — гэта сапраўдная сіла. Гэта яны спынілі катаванні ў турмах. Варта ім было намякнуць на страйк, і ў краіне ўключылі інтэрнэт, пачалі выпускаць затрыманых на акцыях пратэсту, АМАП спыніў гвалт. Мы павінны быць бязмерна ўдзячныя ім за гэта.

Але працоўныя — гэта таксама жывыя людзі. У іх ёсць сем’і, нясплачаныя крэдыты, ім трэба збіраць дзяцей у школу і нечым карміць сваіх родных. Менавіта гэта — клопат пра сваю сям’ю і сваіх дзяцей — цяпер некаторым з ім перашкаджае далучыцца да ўсеагульнага страйку.

Іншым разам — не толькі клопат, але і адказнасць. Працоўныя МАЗу і МТЗ казалі, што некаторыя з іх калегаў выходзяць на свае месцы на прадпрыемстве, і працягваюць работу. Таму што прадпрыемства — гэта бесперапынны цыкл, і яны, такім чынам, захоўваюць заводы для таго, каб страйкуючым калегам потым было куды вярнуцца.

І гэтая адказнасць таксама вартая вялікай павагі.

Але рабочым сёння, як ніколі, патрэбная нашая падтрымка. Асабліва тым, хто вагаецца і палохаецца, як жа ім потым жыць і карміць сем’і.


Вы не адны!

Усё, што ім трэба — гэта яснае і зразумелае ўяўленне пра будучыню.

Мы ведаем тое, чаго не ведаюць яны. Можа, яны прапусцілі гэтую інфармацыю. Але яны павінны ведаць, што ў выпадку звальнення за забастоўку яны не застануцца без падтрымкі. Так, цяпер многія начальнікі звыкла кажуць ім: «Не падабаецца — звальняйцеся!». Ці наўпрост пагражаюць звальненнем. А як жа карміць дзяцей і збіраць іх у школу?

Хочацца сказаць працоўным: не бойцеся! Вы цяпер — не адны.

Яшчэ ўвесну, калі Сяргей Ціханоўскі быў на волі і ездзіў з камерай па краіне, лекар эмацыйна распавёў яму на камеру, які ў нас сапраўдны стан з эпідэміяй cоvid-19. Пасля гэтага лекара звольнілі, і ён паскардзіўся, што цяпер яму няма чым карміць сям’ю.

За суткі (!) неабыякавыя беларусы праз краўдфандынг сабралі яму гадавы (!) заробак.

А памятаеце, зусім нядаўна (божачкі, усяго два тыдні прайшло!) улады спрабавалі сарваць агітацыйныя мітынгі Святланы Ціханоўскай? І два дыджэі Палацу дзяцей і моладзі, нязгодныя з перашкодамі ў агітацыі і тым, што рабіла ўлада, проста на афіцыйным свяце ў Кіеўскім скверы ўключыла «Перемен!» Цоя?

Улад Сакалоўскі і Кірыл Галаванаў


Улад Сакалоўскі і Кірыл Галаванаў сталі народнымі героямі, але былі звольненыя з працы і закратаваныя за «дробнае хуліганцтва». Але па сканчэнні адміністрацыйнага арышту іх чакаў сюрпрыз: неабыякавыя беларусы сабралі ім на дваіх больш за 50 тысяч долараў — іх заробак за 10 гадоў працы (калі не больш).

Ініцыятыва BY_Help, якая займаецца такімі акцыямі, абвясціла збор сродкаў для пацярпелых на акцыях пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў. З таго часу прайшоў тыдзень, і яны ўжо назбіралі тры мільёны долараў. Удумайцеся ў гэтую лічбу — ТРЫ МІЛЬЁНЫ!

Гэта больш, чым патрэбна для затрыманых. Таму актывісты абвясцілі, што частка грошай будзе пераведзена ў фонд падтрымкі страйкуючых. Гэты фонд створаны і запрацаваў. І ці не за дзень, апроч тых трох мільёнаў, на асобны фонд падтрымкі забастоўшчыкаў, якія могуць быць звольненыя з-за гэтага, ужо паступіла 400 тысяч долараў.

Таму хочацца сказаць: рабочыя, не бойцеся. Без падтрымкі вы не застанецеся. Ужо цяпер ініцыятары BY_Help заяўляюць, што гатовыя выплаціць кожнаму звольненаму за страйк трохмесячны «сярэдні абяцаны Лукашэнкам заробак па краіне». То бок, тыя самыя «па пяцьсот», агулам атрымліваецца 1500. Толькі не долараў, а еўра.

Адкуль грошы?

«Да ну нафіг! — можа сказаць шараговы працоўны — Адкуль такія грошы? Няўжо Лукашэнка мае рацыю. І за ўсё плоціць Дзярждэп ЗША?».

Вы не паверыце, але за ўсё плацяць беларусы. Проста мы не ўяўляем, колькі нашых таленавітых і актыўных людзей з’ехала за мяжу, і зрабіла там паспяховы бізнес. І мы нават не ўяўляем, колькі ў свеце неабыякавых людзей.

Траціну з трох мільёнаў у фонд дапамогі пацярпелым у акцыях пратэсту перавялі кампаніі ІSsoft, Currency.com і Gurtam. Іх унёсак склаў 1,1 мільёна долараў. Генеральны дырэктар ISsoft Аляксандр Шнеерсан заявіў: «Беларускае грамадства вельмі многае ўклала ў IT-галіну. Мы — частка народа Беларусі, і лічым, што прыйшоў час айцішнікам падтрымаць тых, хто пацярпеў падчас мірных акцый салідарнасці», і заклікаў астатнія кампаніі падтрымаць яго ініцыятыву.

Літаральна ўчора мне на Viber прыйшло паведамленне, у якім сказана, што два супрацоўнікі гэтай кампаніі, (заснаванай, дарэчы, беларусамі) «былі затрыманыя па невядомых прычынах, адзін з іх быў шпіталізаваны ў выніку сілавога затрымання» (офіс Viber, хто не ведае, ёсць і ў Мінску). І таму Viber «будзе падтрымліваць іх столькі, колькі спатрэбіцца».

Думаю, гэтая падтрымка тычыцца не толькі персанальна супрацоўнікаў мінскага офісу Viber. Думаю таксама, што за месячную выручку Viber здольны набыць які-небудзь «Атлант», ці «Гарызонт», і ў іх яшчэ грошы на піва застануцца.

Дык ці варта здзіўляцца, што на дапамогу затрыманым збіраюцца ТАКІЯ грошы?

Можаце быць спакойныя — гэта не Дзярждэп. Гэта нашыя, беларускія грошы. І гэта натхняе, праўда?

«Ваўчыны білет»? Смеху варта!

Яшчэ адна пужалка для працоўных, што вырашылі страйкаваць: «Мы звольнім вас з «ваўчыным білетам», і вы больш нідзе не знойдзеце працы». Гэтак было заяўлена, напрыклад, у Жодзіна супрацоўнікам БелАЗу. Для невялікага гораду з адным прадпрыемствам, дзе іншай працы няма, гэта істотны аргумент. Але не настолькі, каб адмаўляцца ад адстойвання сваіх патрабаванняў.

Так і хочацца сказаць: «Рабочы! Краіне патрэбныя айцішнікі!» Ужо цяпер некалькі фірмаў абвесцілі пра акцыю — яны бясплатна праводзяць «курсы падвышэння кваліфікацыі», і навучаюць тых, хто страціў працу ў выніку адстойвання сваіх правоў, ІТ-спецыяльнасцям.

Ведайце, што ІТ — гэта не толькі праграмісты. Гэта дызайнеры, тэсціроўшчыкі, сістэмныя адміністратары, і гэтак далей. Ніводная ІТ-кампанія таксама не абыйдзецца без аналітыкаў, рэкламнага і маркетынгавага аддзелаў. Карацей, калі вас звольняць за страйк — вы знойдзеце сабе працу лепшую і найбольш утульную, чым сённяшняя.

Іншыя формы

І таксама варта зазначыць, што страйк мае розныя формы. Гэта не толькі «невыхад на працу». Напрыклад, ёсць форма страйку «ўсё па рэгламенце».

Я ведаю, што на тым жа МТЗ быў час, калі рабочыя набывалі сабе спецвопратку самастойна — нягледзячы на тое, што ёю павінна забяспечваць прадпрыемства. Можна пакінуць саманабытую вопратку дома, і, прыйшоўшы на завод, сказаць: «Давайце належную мне спецвопратку!». Няма? Не магу прыступіць да працы — тэхніка бяспекі.

Няма належнага асвятлення на працоўным месцы? Не працуйце, пакуль не ўкруцяць лямпачку. Са столі цячэ вада? Не працуйце, пакуль не адрамантуюць дах. У цэху халодна? Якая там тэмпература павінна быць па тэхрэгламенце?

І ніякіх набытых за свае грошы інструментаў! Завод павінен забяспечыць работніку нармальныя ўмовы працы!

І галоўнае — ніводны ідэолаг не заменіць рабочага на яго працоўным месцы. Памятайце пра гэта, калі вам пагражаюць звальненнем.

І ведайце: народ не пакіне вас сам-насам з бядою, калі яна раптам станецца. Мы ўжо навучыліся быць салідарнымі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: