Як палітвязням атрымаць «Новы Час» без падпіскі

Спойлер: афіцыйна па заканадаўстве няма ніякіх перашкод для атрымання газеты ў турмах праз лісты. Але толькі ў тым выпадку, калі гэтыя перашкоды не будуць стварацца штучна.


Як вядома, «Новы час» выключаны з падпіснога каталога на другое паўгоддзе 2021 года. Цяпер мы будзем адпраўляць газету нашым падпісчыкам у канвертах — як звычайныя лісты. Гэтак мы рабілі да таго, як патрапілі ў рэспубліканскую падпіску, да 2018 года, і цяпер нам даводзіцца вяртацца да звыклай практыкі. Праўда, як паказваюць апошнія падзеі, у калоніях і турмах і з афіцыйнай падпіскай былі праблемы.

У прынцыпе — па заканадаўстве — праблем з атрыманнем газеты ў канвертах быць не павінна. І Правілы ўнутранага распарадку, і Крымінальна-выканаўчы кодэкс аднагалосна сцвярджаюць: асобы, якія знаходзяцца ў месцах зняволення, маюць права на перапіску без абмежаванняў. Адзінае, што ПУР зазначаюць: лісты цэнзуруюцца, і адпраўленні з «шыфрамі», з тайнапісам і іншымі падобнымі рэчамі вязням могуць не аддаць. Але ж мы кажам пра газету, якая афіцыйна зарэгістраваная Міністэрствам інфармацыі РБ, і прызначаная для ўсіх, таму аніякіх падобных рэчаў у ёй не будзе.

Праваабаронца Андрэй Бандарэнка, які вызваліўся з магілёўскай калоніі 31 сакавіка 2017 года, распавядае, што ў яго не было амаль ніякіх праблем з атрыманнем канвертаў з укладзенай газетай. «Ніякіх дадатковых целазрухаў, кшталту пісання заяваў на імя кіраўніцтва калоніі, для таго, каб атрымаць газету ў канверце, рабіць, у прынцыпе не трэба, — узгадвае ён. — Калі газета прыходзіць заказным лістом, то заказныя лісты выдаюцца раз на тыдзень: па чацвяргах або пятніцах. Ты прыходзіш, табе выдаюць ліст, ты распісваешся ў атрыманні. А калі газета адпраўляецца простым лістом — яна і прыходзіць, як звычайны ліст. Вядома, ёсць небяспека, што ліст «страціць» пошта, ці адбудзецца нешта падобнае. Але мне газета ў канверце даходзіла без праблем, увесь час атрымліваў. Часам да мяне нават зазіралі кантралёры і прасілі даць пачытаць “апазіцыйную прэсу”».

Гэта азначае, што ніякіх заяў наконт газеты у канверце пісаць не трэба. Але і тут, адзначае Бандарэнка, усё залежыць ад настрою кіраўніцтва папраўчай установы.

«У пэўны момант раптам пачалі выдурвацца: маўляў, газета прыходзіць да цябе рэгулярна, значыць, гэта падпіска, а значыць, ты павінен атрымліваць дазвол у кіраўніцтва на падпіску. Але я іх вельмі хутка суцішыў з гэтай нагоды: прывёў артыкулы з Крымінальна-выканаўчага кодэкса і правілаў унутранага распарадку аб тым, што карэспандэнцыя дазваляе выразкі, раздрукоўкі і гэтак далей. Яны са мной трошкі паспрачаліся, але я сказаў: “Хлопцы, давайце без пракуратуры па наглядзе. Давайце не будзем падключаць прэсу, адвакатаў, інакш вам будзе смешна і балюча”. У выніку са мной пагадзіліся і мяне больш не чапалі», — распавядае Бандарэнка.

Праваабаронца Міхаіл Жамчужны, які адседзеў шэсць з паловай гадоў і вызваліўся толькі ў лютым гэтага года, таксама да 2018 года атрымліваў «Новы Час» у канвертах амаль без праблем. Але апошнім часам, па яго звестках, з’явіліся пэўныя нюансы.

«Напачатку газеты прыходзілі да мяне ў калонію ў звычайных паштовых канвертах, прыходзілі, як ліст. Потым я пачаў атрымліваць іх па падпісцыю Але, па новых правілах, наколькі я ведаю, зараз газету цалкам змяшчаць у канверт нельга: таму што тады газета лічыцца “друкаванай прадукцыяй, а ў правілы ўнутранага распарадку ўнеслі змены, што ў лістах дазволеныя толькі выразкі ды раздрукоўкі», — кажа Жамчужны. Такім чынам, дадае ён, газета, змешчаная ў канверт цалкам, будзе альбо знішчацца адміністрацыяй калоніі, альбо адпраўляцца назад адрасату. Вынік, у прынцыпе, адзін — да вязня яна не дойдзе.

Рэцэпт ад гэтага просты, кажа Жамчужны. Трэба газету проста разарваць на дзве часткі. «Проста перад адпраўкай газеты можна разарваць газету напалам — і яна ўжо лічыцца не газетай, а выразкай. А калі яна ўжо “выразка”, то павінна даходзіць без праблем. Да мяне такім чынам так званыя “выразкі” даходзілі», — адзначае ён.

Калі канверт з газетай суправаджаецца лістом, адрасаваным зняволенаму, — газета павінна да яго трапіць. «Спачатку лісты трапляюць да цэнзара, потым у бібліятэку, потым адзін са зняволеных разносіць пошту па атрадах, па спальных месцах і ўручае асабіста ў рукі», — распавядае Жамчужны.

Але і ў яго не абышлося без прыгодаў у Ваўкавыскай калоніі. «Як ні дзіўна, толькі ў гэтай калоніі газеты былі ўвогуле забароненыя адміністрацыяй калоніі. Я з імі доўга бадаўся з гэтай нагоды, і ўрэшце, мне дазволілі газеты — напэўна, адзінаму чалавеку ва ўсёй папраўчай установе», — сказаў Жамчужны.

Калі ж узнікаюць праблемы з дастаўкай газеты, толькі тады Жамчужны раіць пісаць ліст кіраўніцтву. Прычым, не проста ліст з просьбай дазволіць атрымліваць газету, а цікавіцца, «на якой падставе забаронена атрыманне афіцыйна зарэгістраванага Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь у належным парадку сродку масавай інфармацыі, не забароненага дзеючым заканадаўствам» — ці нешта кшталту гэтага. Тады адміністрацыя папраўчай установы проста не зможа адмовіць у атрыманні газеты, бо тады яны парушаць уласныя законы.

Але, падкрэслівае Жамчужны, праблемы з дастаўкай газеты у канвертах у яго былі толькі ў Ваўкавыскай калоніі. Ва ўсіх астатніх ён атрымліваў газету без праблем.

Такім чынам, вязні сведчаць: атрымліваць газету праз паштовыя адпраўленні, можна і дазваляецца, — але лепей над ёю папрацаваць, ператварыўшы ў «выразку». А калі адміністрацыя пачынае «штучныя ўскладненні» — верагодна, гэта ўжо справа той самай «пракуратуры па наглядзе», пра якую казаў Андрэй Бандарэнка.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: