Як пандэмія мяняе горад: беларусаў запрашаюць да ўдзелу ў даследаванні

Мінская ўрбаністычная платформа запрашае жыхароў і жыхарак Беларусі прыняць удзел у даследаванні зменаў гарадскога асяроддзя ва ўмовах самаізаляцыі і пандэміі.


Гэтае даследаванне дапаможа зразумець, як змяняецца вопыт знаходжання дома ў тых, хто памяншае сваю мабільнасць у сувязі з пандэміяй. Шмат хто ў Беларусі праводзіць вясну 2020 не выходзячы з дома і не выязджаючы са свайго раёна ў цэнтр горада. Наша сувязь з гарадскім асяроддзем трансфармуецца і не будзе як раней, нават пасля каронавіруса.

Інфармацыя пра паводзіны гараджан будзе прааналізавана, каб у выніку адказаць на наступныя пытанні:

   Як людзі ў Беларусі адаптуюць сваё месца пражывання ў час пандэміі?
   Што аказваецца самым важным у доме і побач з ім падчас самаізаляцыі?
   Якім чынам, нягледзячы на ​​хатні рэжым, людзі падтрымліваюць з горадам не толькі віртуальную сувязь?
   Які ён — беларускі від з акна?

Мінская ўрбаністычная платформа просіць пра дапамогу ўсіх гараджан! Дзякуючы вашым адказам даследаванне стане больш шматбаковым. Каб стаць удзельнікамі даследавання, патрэбна:

    1. Адкрыць анкету, створаную для распрацоўкі базы даных даследавання.
    2. Адказаць на некалькі пытанняў, датычна прасторы, дзе вы праводзіце пандэмію.
    3. Прымацаваць фота відаў свайго горада з вокнаў.

Адказы на пытанні дапамогуць вызначыць, як змяніліся перавагі людзей датычна гарадской прасторы ў самаізаляцыі. А аналіз фатаграфій дапаможа даць аб'ектыўнае ўяўленне пра стаўленне гараджан да свайго віду з вокнаў.

Збор даных для даследавання будзе працягвацца да 9 чэрвеня. Вынікі даследавання будуць апублікаваны ў Мінскім урбаністычным часопісе.

"Разам з беларускамі і беларусамі мы хочам звярнуць увагу на наша жыллё падчас пандэміі. Ці добра нам, калі мы глядзім у акно, ці ж адчуваем сябе зачыненымі ў панэльным раёне? Ці можа выгляд з акна ператварыцца ў тавар на рынку нерухомасці? Натхнімся відамі з акна і паглядзім, як можна зрабіць свой дом больш камфортным", — кажа Анастасія Нікіціна, спецыялістка Мінскай урбаністычнай платформы і аўтарка даследавання.

Дзякуючы дапамозе гараджан, Платформа правядзе даследаванне гарадскога асяроддзя, якое дапаможа вызначыць новыя стандарты пры выбары, афармленні і праектаванні ўласнага жылля.

Паводле прэс-рэліза

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: