Як паўплываюць на чэргі ў паліклініках лекарскія «тройкі»?

7 красавіка адзначаецца Сусветны дзень здароўя. Сёлета ягонай тэмай Сусветная арганізацыя аховы здароўя прапанавала зрабіць усеагульны ахоп медычнымі паслугамі. У Беларусі, з аднаго боку, першасныя санітарна-медычныя паслугі ўсім даступныя, але застаюцца праблемы з іх якасцю і аператыўным атрыманнем. Што і як можа змяніцца на лепшае?


Чэргі ў тых самых паліклініках сталі завядзёнкай — і па талоны, і пад кабінетамі лекараў. Узімку нават Камітэт дзяржаўнага кантролю заняўся адмысловым анкетаваннем грамадзянаў дзеля ацэнкі імі даступнасці атрымання медпаслугаў.

Вынікі пакуль не вядомыя, але кантралёры, напрыклад, пыталі пра тое, якая праблема найбольш непакоіць беларусаў як пацыентаў: недастатковая забяспечанасць лекарскімі кадрамі; нізкая даступнасць медычнай дапамогі; яе нізкая якасць; некарэктныя адносіны з боку медыкаў? Яшчэ прасілі выказаць задаволенасць ці незадаволенасць працай паліклінікі па месцы жыхарства і ацаніць ейнае матэрыяльна-тэхнічнае начынне, а таксама распавесці, як часта ў паліклініках прапануюць платныя паслугі і ў якіх выпадках. Высвятлялася, ці згодныя нашы грамадзяне браць удзел у расходах на сваё медабслугоўванне. Сярод магчымых адказаў былі такія: «Згодны пры ўмове даступнасці медыцынскіх даследаванняў»; «Не, лічу, што якасць і даступнасць медыцынскай дапамогі ад гэтага не зменіцца»; «Складана адказаць».

Пра карупцыю Дзяржкантроль нічога падчас анкетавання не пытаўся, бо, нават паводле афіцыёзных сацыялагічных апытанняў вядома, што найбольш яна турбуе жыхароў Беларусі якраз у галіне аховы здароўя.

Што да чэргаў у паліклініках, то чыноўнікі ад медыцыны не могуць не прызнаваць гэтую з«яву, але кажуць, што так па ўсім свеце. На адной з прэс-канферэнцыяў начальніца галоўнай управы медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Алена Богдан прывяла ў прыклад Эстонію, дзе нормай, маўляў, ёсць чаканне прыёму да тэрапеўта пяць дзён, а да вузкага спецыяліста — да паўгода.

Затое, па ейных словах, мала ў якіх краінах, як у Беларусі, засталася «Выклік лекара дамоў». Для скарачэння ж чэргаў ёсць магчымасць запісацца да доктара загадзя — праз тэлефон ці інтэрнет. Ды інфарматызацыю паліклінік Мінаховы здароўя абяцае развіваць далей. Гаворка — пра ўкараненне электроннага рэцэпту, адзінай электроннай карткі, асабістага электроннага кабінета пацыента і нават пашырэнне тэлемедыцынскіх кансультацыяў.

Многія апасаюцца, што чэргі павялічацца, хоць увага з боку лекараў стане пільнейшай, калі ажыццявіцца рэформа па замене ўчастковых тэрапеўтаў на лекараў-тэрапеўтаў агульнай практыкі. Дакладней, па пераўтварэнні першых у другіх як спецыялістаў з больш шырокімі кампетэнцыямі праз перападрыхтоўку і курсы павышэння кваліфікацыі. Абяцаецца, што гэта будзе не проста замена шыльдачак на кабінетах: лекары агульнай практыкі павінны ўмець аказаць дапамогу ў галінах тэрапіі, неўралогіі, афтальмалогіі, акушэрства і гінекалогіі, хірургіі, эндакрыналогіі і т.д.

Шмат дзе такія лекары агульнай практыкі ўжо працуюць. Пры гэтым у снежні мінулага года былі павялічаныя нормы часу, які яны могуць выдаткоўваць на аднаго дарослага пацыента падчас першаснага прыёму — 18 хвілінаў замест ранейшых 15.

Міністр аховы здароўя Валерый Малашка пры гэтым заяўляе, што чэргі не вырастуць, бо лекары агульнай практыкі працуюць у «тройках» — плюс медсястра і памочнік лекара. Міжасобку яны будуць размяркоўваць плыні пацыентаў з рознымі патрэбамі і руцінна-папяровую працу.

На нядаўняй калегіі Міністэрства аховы здароўя па выніках працы ў 2018 годзе было паведамлена, што хуткасць пераходу да лекараў агульнай практыкі ў рэгіёнах розная, а сёлетняя мэта — выйсці на 80% іх долі сярод дактароў, якія працуюць у сістэме аказання першаснай меддапамогі. На пачатак 2019 года гэты паказчык склаў 61%.

Што да кадравага пытання, то на сёлетняга 1 студзеня ўзровень укамплектаванасці лекарскіх пасадаў у сярэднім па краіне склаў 97,3%, па сярэднім медыцынскім персанале — 98,2%. Нездарма на калегіі намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка казаў пра неабходнасць «прыняць дадатковыя захады па поўным камплектаванні і наступным замацаванні кадраў, у першую чаргу ў паліклінічным звяне».

Натуральна, што важным тут будзе фінансавы чыннік. Летась у бюджэтных установах аховы здароўя сярэднемесячны заробак лекараў быў трохі больш за 560 долараў, гэта з улікам працы па сумяшчальніцтве на 1,36 пасады, кажучы бюракратычнай мовай. У сярэдніх медыцынскіх работнікаў — прыкладна 360 долараў.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: