Як пазбегнуць вайсковых збораў? «Спыталі, хто сядзеў на «сутках», і адправілі назад»

Гісторык Яўген Малікаў, якога звольнілі з БелДУТ пасля ўдзелу ў мірных акцыях пратэсту, 30 лістапада прызвалі на вайсковыя зборы. Там ён павінен быў быць знаходзіцца ў працягу 25 дзен, але праз суткі яго адправілі дадому.

Яўген Малікаў


Мужчына расказаў у сацсетках, што напярэдадні рыхтаваўся да збораў: адправіў ката да сяброў, падрыхтаваў ежу ў дарогу, перачытаў парады ад былых удзельнікаў ваенных збораў і сабраў заплечнік. Калі ён прыйшоў на зборны пункт, у тых, хто сабраўся пацікавіліся, хто ўдзельнічаў у мітынгах і адбываў «суткі», і параілі гэтага не хаваць — усё роўна «праб’юць па базе» і ўсё высвятляць. Тады Яўген і выйшаў з шэрагу, і яго адправілі назад у аўтобус, пішуць «Моцныя навіны».

«Улічваючы мой паслужны спіс, здаецца, я здагадваюся, чаму так і застаўся сядзець у аўтобусе... Выкажу асцярожнае меркаванне: мінулы вопыт збораў паказаў ідэолагам вайсковай часткі, што на занятках па палітпадрыхтоўцы (ці як яна там у іх называецца) пры наяўнасці ў кліента 23.34 ідэолагі абсалютна прайграюць бітву за душы ваеннаабавязаных. Мабыць, пабаяліся не вытрымаць ідэалагічнай канкурэнцыі», — мяркуе Малікаў.

Мужчына кажа, што яго папярэджвалі, што могуць і не забраць: група падзеліцца на дзве часткі — асноўная і рэзерв. Так і атрымалася. З 26 чалавек 18 паехалі на зборы, астатнія 8, уключаючы Яўгена, трапілі ў рэзерв.


«Ну што, блін, дажыўся, цяпер нават і ў войска браць не хочуць. А я ж казаў дзяўчатам, што пад Новы 2021 год прыму прысягу, адслужу як трэба і вярнуся, буду пасля гэтага 100% мужыком, заклікаў іх чакаць... » — піша Яўген.

Зрэшты, гісторык не выключае, што ў сакавіку яго заклічуць зноў. А пакуль мае намер правесці найбліжэйшыя тры месяцы з карысцю і прысвяціць час навуковым даследаванням.

Яўгена Малікава звольнілі з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту за дзве вымовы, якія былі вынесеныя на працягу васьмі дзён — 11 і 18 лістапада. Пры гэтым за папярэднія 16 гадоў працы ў гісторыка не было наогул ніводнай санкцыі. Першую вымову яму далі за допіс на асабістай старонцы ў сацсетках. Другую вымову выкладчык атрымаў за тое, што «можа аказаць негатыўны ўплыў на выхаваўчы працэс са студэнтамі».

У верасні Малікаў атрымаў 5 сутак арышту за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту. У абарону аўтарытэтнага выкладчыка студэнты выйшлі на акцыі салідарнасці і склалі калектыўную петыцыю, якую падпісалі каля 450 чалавек. Яўген Малікаў — вядомы ў Гомелі краязнаўца, гісторык, абараніў кандыдацкую ступень у галіне мастацтвазнаўства.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: