Як пратэставалі ў Брэсце (фота)

У самым паўднёвым і адначасова самым заходнім абласным цэнтры Беларусі ўвечары асноўнага дня прэзідэнцкіх выбараў адбылася масавая дэманстрацыя грамадзян, не згодных з тым, як праходзяць і як заканчваюцца гэтыя выбары.
Заблакаваны праспект Машэрава.

Заблакаваны праспект Машэрава.

Паколькі цэнтральны пляц Леніна быў закрыты агароджамі з металічных труб, пратэстоўцы пачалі збірацца на праспекце Машэрава. Кардоны міліцыі перакрылі цэнтр горада, пачынаючы ад Кобрынскага маста. Рух транспарту перанакіроўваўся ў аб’езд цэнтра па нядаўна пабудаванай вуліцы Нафтавай. Бліжэй да 23-й аўтатранспарт увогуле перасталі пускаць у бок цэнтру, пачынаючы ад Трышынскіх могілак.

Перакрыты рух па вуліцы Маскоўскай у бок цэнтра.

Перакрыты рух па вуліцы Маскоўскай у бок цэнтра.

Загародкі плошчы Леніна з боку вуліцы Пушкінскай.

Загародкі плошчы Леніна з боку вуліцы Пушкінскай.

 

Спыніць рух цалкам відавочна не было магчымым. У цэнтры горада ездзілі аўтамабілі і матацыклы з нацыянальнай сімволікай, сігналілі ў бок людзей, якія прагульваліся, раздаваліся воклічы “Жыве Беларусь!”, “Уходи!”, “Верым, можам, пераможам!”.

Каля дзясятай вечара ў канец праспекта Машэрава праехала некалькі аўтазакаў і выйшла калона так званых “касманаўтаў” — АМАП у амуніцыі і з дубінкамі.

Аўтазакі і АМАП у цэнтры Брэста.

Раздаваліся скандаванні і воплескі. Каля 11-й калона дэманстрантаў лікам у некалькі тысяч чалавек рушыла па праспекце Машэрава. Там-сям адбываліся затрыманні. Людзі скандавалі “Ганьба!”, “Позор!”. Збольшага ў акцыі брала ўдзел моладзь. Многія былі з нацыянальнай сімволікай. Калона павярнула на вуліцу Леніна, асабліва абстаўленую кардонамі міліцыі. У бок плошчы Леніна праімчаліся з сірэнамі аўтазакі, спецаўтамабілі і некалькі аўто хуткай медыцынскай дапамогі.

Дэманстранты на праспекце Машэрава ў Брэсце.

Вялікая колькасць людзей заставалася каля выбарчых участкаў, відавочна ў чаканні вынікаў галасавання. Сярод шпацыруючых людзей перадаваліся вынікі з участкаў, часам выразна супрацьлеглыя: дзесьці нібыта больш за 70 адсоткаў за Лукашэнку, дзесьці нібыта 60 з верхам за Святлану Ціханоўскую.
Пратэстоўцы маюць намер паўтараць гэтую акцыю штодня.

Інфармацыя пра затрыманні і ход падзей надалей будзе дапаўняцца.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: