Як правільна забараніць мабільнікі ў школах

Днямі розгаласным на ўсю Беларусі стала ўвядзенне абмежавання на карыстанне мабільнымі тэлефонамі ў адной з гродзенскіх гімназіяў. Між тым, нічога асаблівага не адбылося. Бо карыстанне мабільнікамі ў нашых навучальных установах абцяжаранае ўнутранымі загадамі цягам ужо некалькіх гадоў. Але ці законна гэта і ці мае сэнс?
Image by ukrtor on Pixabay 

Image by ukrtor on Pixabay 


Мэтазгоднасць такога табу вызначае адміністрацыя кожнай канкрэтнай школы. Праўда, у хуткім часе антымабільнікавыя пастановы могуць стаць паўсюднымі. Варта ці не варта – пытанне дыскусійнае. Аргументаў «за» і «супраць» хапае. Але як бы тое ні было, у жорсткае выкананне дакументаў па абмежаванні карыстання мабільнікамі не верыцца. Прычым ні школьнікамі, ні настаўнікамі.

Як у іх

Забіраць мабільнікі ў вучняў гродзенскай гімназіі імя Яўхіма Карскага на час урокаў сталі з сакавіка. Гэта – рэха заяваў міністра адукацыі Ігара Карпенкі пра падрыхтоўку ягоным ведамствам сумесна з МУС, Мінабароны, МНС ды іншымі дакумента дзеля бяспекі вучняў. Адным з захадаў анансаванае якраз абмежаванне карыстання мабільнымі тэлефонамі. У сваю чаргу гэта стала вынікам крытыкі на адрас Карпенкі з вуснаў Аляксандра Лукашэнкі пасля школьнай разні ў Стоўбцах. Тады ж кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава панаракала на ўздзеянне негатыўнай інфармацыі на дзяцей праз камп'ютар. Адпаведна па логіцы – і праз іншыя дэвайсы, падлучаныя да інтэрнэту.

Так, дзеці і падлеткі сядзяць у сацсетках, мабільных гульнях і проста сёрфяць там вельмі шмат часу, парушаючы ўсе рэкамендацыі самых розных лекараў – ад акулістаў да псіхолагаў. Натуральна, кантэнт з тым самым гвалтам можа адбіцца на дзеяннях у «рэале», а адцягванне ўвагі на ўсялякую ўсялячыну – на засваенні адукацыйнага зместу.

Гэта пацвярджаюць і навукоўцы. Так, нядаўна ірландскі Інстытут эканамічных і сацыяльных даследаванняў у сваім дакладзе адзначыў, што дзеці ва ўзросце да дзевяці гадоў, якія маюць уласны мабільнік, горш вучацца ў параўнанні са школьнікамі, якія займелі дэвайс пазней гэтага ўзросту. Выснова была зробленая паводле вывучэння тэстаў па розных прадметах амаль дзесяці тысяч школьнікаў. Гаворка і пра дакладныя, і пра гуманітарныя прадметы. Рэч у тым, што мабільны тэлефон негатыўна ўплывае на канцэнтрацыю ўвагі дзяцей і іх памяць.

Абмежаванні на карыстанне мабільнымі тэлефонамі дзейнічаюць у шэрагу краінаў. Звычайна гэта вырашае канкрэтная навучальная ўстанова. Але вось у Францыі летась прынялі закон пра абавязковую забарону мабільнікаў ва ўсіх школах для вучняў да 15 гадоў. І на занятках, і на перапынках. Выключэнне – толькі калі гаджэты патрэбныя «дзеля адукацыйных мэтаў». Абмежаванне тычыцца і настаўнікаў.

Карацей, праблема глабальная. А іначай і быць не можа пры такім распаўсюдзе мабільных тэлефонаў з іх шматфункцыянальнасцю. Узяць хоць бы толькі нашу краіну, дзе на 9,5 мільёна насельніцтва тры сотавыя аператары маюць 12 мільёнаў абанентаў.

Як у нас

У Беларусі ўжо некалькі гадоў школы уводзяць абмежаванні на карыстанне мабільнікамі на загады адміністрацыяў, калі тыя лічаць гэта патрэбным для арганізацыі плённага навучальнага працэсу і трымання дысцыпліны. І на сайтах многіх з іх можна знайсці адпаведныя інструкцыі. Гэта некалькі варыянтаў дакументаў з тыпавымі правіламі.

Вось прыклад такіх забарончых пунктаў. Забараняецца «выкарыстоўваць тэлефон на вучэбных занятках у любым рэжыме (калькулятар – з дазволу настаўніка); праслухоўваць радыё і музыку ў будынку школы да і пасля ўрокаў, у перапынкі паміж навучальнымі заняткамі без слухавак; прапагандаваць з дапамогай тэлефона жорсткасць, гвалт, парнаграфію, песні і вершы, якія змяшчаюць нецэнзурныя выразы; выкарыстоўваць у якасці сігналу выкліку гукавыя фразы, абразлівыя для навакольных (нецэнзурная лексіка, грубыя і рэзкія выразы і непрыстойныя гукі); свядома наносіць шкоду іміджу школы; выкладчыкам і іншым работнікам таксама забаронена карыстацца тэлефонам падчас вучэбных заняткаў. У пазаўрочны час яны абавязаны максімальна абмяжоўваць сябе ў карыстанні тэлефонам у прысутнасці навучэнцаў; навучэнцам забаронена падключаць тэлефон да электрычных сетак школы для падзарадкі».

Некаторыя адміністрацыі пазначаюць, што карыстацца мабільнікамі нельга нават як калькулятарамі. Пад псаваннем іміджу школы маюцца на ўвазе здымкі на яе тэрыторыі розных канфліктаў. Пры гэтым заўважаецца, што гаворка вядзецца пра пастановачныя сцэны.

Якія санкцыі могуць чакаць парушальнікаў:
«Пры парушэнні правілаў карыстання мабільным тэлефонам педагагічны работнік школы абавязаны аформіць дакладную запіску аб факце парушэння для прыняцця мераў педагагічнага ўздзеяння (папярэджанне, запіс у дзённіку, паведамленне або выклік бацькоў для правядзення растлумачальнай гутаркі), альбо мераў дысцыплінарнага ўздзеяння (заўвага, вымова) у адпаведнасці з арт. 126 Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адукацыі.

Пры фактах грубага парушэння – камісійная канфіскацыя тэлефона, гутарка адміністрацыі школы з бацькамі (законнымі прадстаўнікамі) і перадача ім тэлефона, забарона нашэння сотавага тэлефона на абмежаваны тэрмін».

Праваабаронцы кажуць, што навучальная ўстанова мае права забараняць карыстанне мабільнымі тэлефонамі ў сваіх сценах унутранымі загадамі. А вось такое пакаранне, як адбіранне тэлефона, не законнае!

У гімназіі маёй дачкі дзейнічаюць падобныя правілы. Вось што яна распавядае пра досвед такога абмежавання на дэвайсы:

«Цяпер, калі мы ў 11-м класе, ніхто ў нас мабільныя тэлефоны перад урокамі не збірае. Але падчас кантрольных, пераказаў некаторыя настаўнікі збіраюць іх, каб мы папросту не спісвалі. А ўвялі забарону ў 9-м класе. Перад заняткамі прынеслі скрыню – і мы склалі туды свае мабільнікі. Скрыню занеслі ў настаўніцкую. Пасля ўрокаў тэлефоны аддалі. На наступны дзень мы здалі ўжо ці то другія тэлефоны свае, ці то старыя, ці то наагул чахлы... Праз некаторы час проста прыносілася і заносілася пустая скрыня. Аднойчы была наладжаная праверка, ну і далей усё па коле. Мне здаецца, дастаткова проста папрасіць не карыстацца тэлефонамі на занятках, але на пераменах забароны не павінна быць ніякай. Ну і для справядлівасці настаўнікі таксама не павінны тырчэць у іх, некаторыя нават размаўляць могуць падчас урокаў па мабільніку».

А вы за ці супраць таго, каб карыстанне мабільнымі тэлефонамі ў школах было абмежаванае?

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: