Як прыбраць «Табакерку» ад свайго дома?

Дзясяткі кіёскаў «Табакерка» акупуюць Мінск. Сталічныя змагары з курэннем абураюцца: называюць гэта схаванай рэкламай тытуню, падазраюць, што мае месца парушэнне антыманапольнага заканадаўства (дазвол на ўстаноўку кіёскаў атрымаў толькі адзін бізнесмен — Аляксей Алексін і яго кампанія «Энерго-Оил») і патрабуюць правесці лакальныя рэферэндумы — спытаць у мясцовых жыхароў, ці хочуць яны, каб пункты з тытунёвай прадукцыяй размяшчаліся паблізу іх дамоў, піша Еўрарадыё.
Галоўнае патрабаванне — прыбраць ужо пастаўленыя «Табакеркі». Актывісты збіраюць подпісы пад петыцыяй, якую пазней адправяць у Мінгарвыканкам і МАРГ.

Таксама людзі звяртаюць увагу, што некаторыя «Табакеркі» з'яўляюцца паблізу школ і паліклінік. Еўрарадыё знайшло такія і ў Мінску. Гэтае пытанне яшчэ ў траўні ўздымаў у Палаце прадстаўнікоў дэпутат з Салігорска Андрэй Рыбак, і аказалася, што такое размяшчэнне кіёскаў нічога не парушае. Але Андрэй Анатолевіч расказвае Еўрарадыё, што за мінулы час змог знайсці кампраміс з мясцовымі ўладамі і «адсунуць» тытунёвыя кіёскі ад навучальных устаноў:

«У Салігорску мы дамагліся таго, каб «Табакеркі» прыбралі з гэтых мясцін. Дзесьці іх памянялі, дзесьці іх ўваткнулі ў іншым месцы. Дакладна не магу сказаць, колькі прыбралі і дзе. Але, напрыклад, прыбралі ў маім раёне, прыбралі з цэнтральных вуліц».

Што дазволена дэпутату, павінна быць дазволена і нам, простым смяротным. Мы вырашылі на прыкладзе Салігорска разабрацца, ці ёсць законны спосабы пазбавіцца ад «Табакеркі», калі, на вашу думку, яна стаіць там, дзе ёй стаяць не трэба.

У Салігорскім райвыканкаме спрабуем высветліць, куды звяртацца, каб прыбраць «Табакерку». Начальніца аддзела гандлю Людміла Аксеннік нечакана адказвае: ні адзін тытунёвы кіёск у горадзе яшчэ не пастаўлены:

«Цяпер пакуль што фарміруюцца месцы, дзе яны будуць размешчаны для далейшай працы. Месцы ў асноўным на ўскраінах горада. Але, вядома, мы прасочваем, каб гэта было не ў цэнтры, не каля бальніц, не каля ўстаноў адукацыі».
 
Тады з якімі «Табакеркамі» ваяваў дэпутат Рыбак? Чыноўніца мяркуе, што гэта кіёскі, якія кампанія «Энерго-Оил» брала ў арэнду. Інакш кажучы, перарабляла пад свае патрэбы ўжо гатовыя пункты.

Уявім, што я — жыхар Салігорска, які не хоча, каб побач з яго домам стаяла «Табакерка». Што мне рабіць? Лайфхака ад Людмілы Аксеннік не атрымліваем: «Гэта не ў маёй кампетэнцыі».

Усе новыя тытунёвыя кіёскі (а іх у Салігорску плануецца паставіць 15) будуць размяшчацца згодна з заканадаўствам, запэўнівае чыноўніца. Аднак назваць мінімальную адлегласць, на якой «Табакеркі» павінны размяшчацца ад бальніц і ўстаноў адукацыі, ёй цяжка: «Ну, я вам не скажу вось так адразу. Мне трэба закон падымаць...»

Тым часам у тым самым Дэкрэце № 2 Аляксандра Лукашэнкі пералічаныя месцы, дзе нельга гандляваць тытунёвымі вырабамі (установы адукацыі, аховы здароўя, спартовыя аб'екты і г. д.), Аднак нічога не сказана пра адлегласць, на якой тытунёвыя кіёскі павінны размяшчацца ад такіх месцаў. Фармальна «Табакерку» можна ўтыркнуць за метр ад агароджы дзіцячага садка — закон не забараняе.

Хто вырашае, дзе «Табакерцы» быць, а дзе не?

Чытач са Светлагорска паскардзіўся Еўрарадыё, што ў яго горадзе павінна з'явіцца аж сотня «Табакерак». У мясцовым райвыканкаме гэтую інфармацыю абверглі: «У рэестр уключана не больш за 12 кіёскаў». Там жа нам расказалі, што размяшчэнне «Табакерак» у горадзе вызначалі аддзел архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама і камунальнае жыллёвае ўнітарнае прадпрыемства «Светач». 

«Пэўны метраж я вам не скажу, таму што мы не замяралі. Але стараліся размясціць максімальна аддалена, каб не стаялі насупраць, паблізу гэтых аб'ектаў [дзе нельга гандляваць тытунёвымі вырабамі. — Еўрарадыё], каб былі перашкоды ў выглядзе гандлёвых аб'ектаў, жылых дамоў. — расказвае Еўрарадыё галоўны архітэктар Светлагорскага раёна Аляксандра Казьміна. — Паліклінікі, школы размяшчаюцца на аддаленні ад дарог, а вось «Табакеркі», наадварот, знаходзяцца ўздоўж праезных частак».

Галоўны спецыяліст аддзела архітэктуры і будаўніцтва прызнаецца, што для такога маленькага горада, як Светлагорск, было складана знайсці прыдатныя месцы для «Табакерак».

«Але ў любым выпадку мы не размяшчалі па спісе толькі там, дзе хацеў заяўнік. Размяшчалі ўсё-ткі зыходзячы з патрэб горада, каб было прымальна, эстэтычна... Зразумела, што зусім іх не паставіць, на жаль, не атрымалася. Але [ставілі] так, каб гэта максімальна ўпісвалася ў гарадское асяроддзе».

Пад петыцыяй супраць «Табакерак» у Мінску ўжо падпісаліся больш за 5 тысяч чалавек. Што думаюць наконт гэтага ў кампаніі «Энерго-Оил»? На жаль, дырэктар кампаніі Дзмітрый Паўловіч адмовіўся пагаварыць з Еўрарадыё на гэтую тэму: «Мы не каментуем гэта. Такая наша пазіцыя».  

Дык як жа пазбавіцца ад «Табакеркі» каля свайго дома? Стапрацэнтнага рэцэпта няма, але:

1. Калі кіёск ужо пастаўлены, запішыцеся на прыём да свайго дэпутата і выкладзіце яму праблему. Магчыма, ён будзе такім самым неабыякавым, як Андрэй Рыбак з Салігорска, і пралабіруе перанос «Табакеркі» ў мясцовым выканкаме.

2. Звярніцеся ў аддзел архітэктуры і будаўніцтва мясцовага выканкама. Менавіта гэтыя людзі займаюцца ўзгадненнем размяшчэння «Табакерак» — і яны не ворагі грамадзянам, якія хочуць перанесці кіёск з люднага месца або з маршруту, па якім у школу і са школы ходзяць дзеці.

***

У 2017 годзе беларускія ўлады даверылі кампаніі «Энерго-Оил» Аляксея Алексіна стварэнне адзінай тавараправоднай сеткі па продажы тытунёвай прадукцыі як на ўнутраным, так і на знешнім рынку. Планавалася, што дзякуючы інвестыцыям бізнесмена будуць павялічаны магутнасці Гродзенскай тытунёвай фабрыкі. Ва ўрадзе гэта тлумачылі тым, што за мяжой узрастае попыт на тытунёвую прадукцыю беларускай вытворчасці.

Міхась Ільін, euroradio.fm


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!