Як распазнаць экстрэміста?

1 чэрвеня ў Мінску пачаўся двухдзённы семінар ад Human Constanta "Барацьба з "экстрэмізмам" і правы чалавека".

Госці і галоўныя прамоўцы семінара — супрацоўнікі расійскага праваабарончага цэнтра "Сава" Марыя Краўчанка і Міхаіл Ахмецьеў.

Паўдзельнічаць у семінары прыйшло каля 20 чалавек — амаль выключна юрысты. На крузе знаёмства амаль усе малявалі сваю матывацыю прыкладна аднолькава: "Прыйшоў даведацца болей, каб ведаць, як бараніць людзей ад прымянення экстрэмісцкага заканадаўства". Разуменне таго, што рамкі экстрэмізма пашыраюцца шалёнымі тэмпамі, было ўсеагульным.

Многія юрысты ўжо сёння адзначаюць падабенства правапрымянення антыэкстрэмісцкага заканадаўства ў Расіі і Беларусі. І гэта невыпадкова: як казалі эксперты, беларускі закон аб супрацьдзеянні экстрэмізму за 2002 год быў у вялікай ступені "злізаны" з аналагічнага закону Расійскай федерацыі, прынятага ў 2002 годзе. Больш за тое, аказалася што і сябры беларускіх экспертных камісій, якія высвятляюць, дзе ёсць экстрэмізм, а дзе не, ездзяць на стажыроўкі ў Расію.

Галоўны акцэнт у семінары рабіўся, аднак, на міжнародным праве і тым, як яно вызначае экстрэмізм, тэрарызм, распальванне варожасці і сумежныя паняцці. Выявілася, што нягледзячы на тое, што нашыя заканадаўцы, закручваючы гайкі, увесь час спасылаюцца на "сусветную практыку", комплекснае антыэкстрэмісцкае заканадаўства не існуе амаль анідзе ў Еўропе. Аказалася, што Беларусь, Украіна, Малдова, а таксама некалькі краін Цэнтральнай Азіі — ледзь не адзіныя, дзе барацьба з экстрэмізмам уведзеная ў ранг дзяржаўных прыярытэтаў.


Беларускі ж закон, адзначылі прамоўцы, адметны тым, што паняцце "экстрэмісцкая дзейнасць" у ім ахоплівае цэлы шэраг абаслютна розных дзеянняў: ад тэрарызму да малявання на заборах і выказванняў у сацсетках. У адным блоку звязаныя пытанні, датычныя ўзброенага захопу ўлады, і распальванне нянавісці словамі. У міжнародным заканадаўстве гэта немагчыма, больш за тое, яно нават не дае выразнага вызначэння экстрэмізма і тэрарызма, лічачы гэтыя паняцці занадта шырокімі.

Прайшліся эксперты і па практычным баку пытання, разабраўшы кейсы публіцыста Барыса Стамахіна, пераследу Сведкаў Еговы і Царквы саентолагаў.

Для Беларусі ж асаблівую актуальнасць у апошні час набыў артыкул 130 КК РБ ("Распальванне варажнечы"). Менавіта па абвінавачванню ў ім зараз і сядзіць Зміцер Паліенка. Эксперты падкрэслілі, што яго ўжыванне ў такім рэчышчы абсурднае з пункту гледжання міжнароднага права — згодна з рашэннем ЕСПЧ, міліцыя не можа быць "сацыяльнай групай", у дачыненні якой "распальваецца варожасць". Наадварот, тлумачэнні ЕСПЧ кажуць, што паліцыянты і дзяржаўныя чыноўнікі мусяць быць асабліва цярпімымі да абразлівых выказванняў, за выключэннем тых выпадкаў, калі такія непасрэдна вядуць да гвалтоўных дзеянняў.

Тым не менш экстрэмізм у тлумачэннях міжнароднага права і праваабаронцаў працягвае заставацца негатыўнай з'явай, якая патрабуе барацьбы, асабліва калі гаворка ідзе аб г.зв. "гвалтоўным экстрэмізме". Якія прычыны ягонага з'яўлення і як яму супрацьстаяць, удзельнікі семінара даведаюцца заўтра.

А 4 чэрвеня ў Мінску адбудзецца яшчэ адзін івэнт з аналагічнай назвай "Барацьба з экстрэмізмам і правы чалавека", але на гэты раз у фармаце міжнароднай канферэнцыі, на якую праваабаронцы запрашаюць ўсіх жадаючых.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!