Як спецслужбы палююць на моладзь

Ператрусы і затрыманні ўдзельнікаў анархічнага руху фактычна сталі руцінай. Але падобна, што зараз у групу рызыкі трапляюць і тыя, сярод чыіх сяброў ёсць «экстрэмісты». Ці, прынамсі, міліцыя думае, што ёсць.


Аляксею Ясюковічу 26 гадоў. Ён не ўцягнуты ў радыкальныя рухі, працаваў рамеснікам у сябе дома. Тым не менш, хлопец стаў фігурантам крымінальнай справы па артыкуле 130 КК РБ (Распальванне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варажнечы ці розні).

Як кажа Аляксей, анархістам ён сябе ніколі не называў. Прытрымліваецца «антыаўтарытарных поглядаў». І наогул, ён вядзе жыццё звычайнага чалавека: «Мы з бацькам займаліся вырабамі з дрэва. Нейкі час я гуляў у футбол у DIY-лізе (ліга аматарскіх футбольных камандаў. — Заўв. аўтара), якая пазіцыянуе сябе антырасісцкай. Часам ездзіў у прытулкі да бяздомных сабак, займаўся дабрачыннасцю. Сярод маіх сяброў ёсць людзі, якіх міліцыя адносіць да экстрэмістаў, хаця яны нічога супрацьзаконнага не робяць. Максімум — кормяць бамжоў у «Ежы замест бомбаў». Працуюць. Звычайныя хлопцы і дзяўчыны».

Крымінальная справа пачалася для Аляксея з вяртання ў Беларусь. Да 2018 года ён жыў у Піцеры, а пасля вярнуўся ў Мінск — прыехаў да маці на некалькі дзён. І перад самым ад’ездам быў затрыманы.

Аляксей распавядае, што яго арыштавалі на прыпынку. Затрымлівалі АМАП і ГУБАЗіК. Гэта было 6 красавіка 2018 года. Пасадзілі ў машыну, завезлі ў СК і там прад’явілі абвінавачанне паводле артыкула 130 КК РБ за відэаролікі. Потым ён даведаўся, што падчас затрымання дома прайшоў ператрус: забралі тэлефон і камп’ютар.

Відэаролікамі, якія, па меркаванні следства, «распальваюць міжнацыянальную варажнечу», аказаліся дакументальны фільм пра падзел Польшчы і «сцёбны» кліп рускага рэпера, размешчаныя ў УКантакце.

Ужо на прад’яўленні абвінавачання прысутнічалі аператыўнікі ГУБАЗіК.

Аляксея адвезлі ў ІЧУ, дзе ён прабыў два дні, адмовіўшыся ад дачы паказанняў. І ўсе два дні яны гэтаксама наведваліся да яго ў ІЧУ. Пры гэтым тыя самыя відэаролікі цікавілі міліцыянтаў менш за ўсё.

«Калі да мяне прыйшлі ГУБАЗаўцы, яны ўвогуле пра справу нічога не пыталіся. Іх цікавіла толькі маё атачэнне: з кім стасуюся, хто сябе лічыць анархістам. Маіх сяброў пры гэтым называлі па мянушках, прозвішчах. Пыталіся пра футбольную каманду: хто ў ёй грае і гэтак далей», — кажа ён.

Праз некалькі дзён Аляксея выпусцілі — але Следчы камітэт зацікавіўся яго роднымі: выклікалі бацькоў і сястру, распытвалі, як яны могуць яго ахарактарызаваць, якіх ён поглядаў прытрымліваецца, ці прымае ўдзел у «экстрэмісцкіх» арганізацыях. Сам хлопец падкрэсліў следчаму, што ніякіх радыкальных поглядаў не прытрымліваецца і лічыць сябе звычайным чалавекам, хіба што пацыфістам: «Лічу што ўсе мусяць быць роўныя».

Пасля затрымання год таму хлопцу дагэтуль не вярнулі камп’ютар і тэлефон. Затое ў лютым ён трапіў у ледзь не горшую сітуацыю.

Тады ён паехаў у лес адзначаць дзень народзінаў аднаго з сяброў. Але толькі прыехалі — хвілін праз 15 адусюль ліхтарыкі, усіх тварам у зямлю, у снег.

«Нас было 16 чалавек, з іх толькі чацвёра з DIY-лігі. Мяне паклікалі на дзень народзінаў. А калі мы пад’ехалі, усіх узялі АМАПаўцы. Са зброяй, драбавікамі, у масках, бронекамізэльках. Здымалі на камеру, трэба было назваць імя, прозвішча. На мяне: “А, зразумела, гэта Ясік”. Я адразу падумаў, што гэта ГУБАЗіК, калі мяне пазналі па прозвішчы», — кажа маладзён.

Усіх хлопцаў закавалі ў кайданкі. Ён сам стаяў убаку з дзяўчынкамі. Сказалі, хто пабяжыць — у таго будуць страляць.

Маладзёнаў павялі кудысьці праз лес, пасадзілі ў аўтобусы, а Аляксея і яшчэ адну дзяўчынку — у легкавую машыну, і завезлі ў Бараўлянскі РУУС. Там усіх пачалі афармляць за «распіццё спіртных напояў».

Аляксея вывелі на калідор і пачалі распытваць: чым ён займаецца, чым збіраецца займацца і іншыя пытанні «за жыццё». Што ад яго хацелі — Аляксей сам дакладна не ведае: «Аператыўнік мне такія словы сказаў: “Нешта ў вас сумна было. Я думаў, што будзе павесялей”. Я думаю, мо шукалі наркотыкі?»

У выніку гэтага масавага затрымання два чалавекі апынуліся ў ІЧУ. Потым іх судзілі і далі па 2 базавых штрафу за «распіццё». Наяўнасць у кампаніі непаўнагадовай дзяўчыны дазволіла яшчэ тром хлопцам даць штрафы за «ўцягванне няпоўнагадовых у антысацыяльныя паводзіны».

Пасля гэтага затрымання дадому да Аляксея пачаў ездзіць ГУБАЗіК. Апытвалі бацьку хлопца, маўляў, чаму сын не адказвае па тэлефоне. Шукалі Аляксея. Выклікалі хлопца ў Следчы камітэт.

Як кажа Аляксей, зараз справа фактычна стаіць на месцы, і яе далейшы лёс незразумелы. Апошні раз у СК яму задалі ўсё тыя ж пытанні, сфатаграфавалі татуіроўкі, прызначылі нейкую экспертызу, і пракурор даў СК час да 29 сакавіка «вырашыць нешта» са справай. Але на момант напісання артыкулу так нічога і не праяснілася.

На пытанне, навошта цэлае антыэкстрэмісцкае аддзяленне ГУБАЗіК занялася двума відэаролікамі УКантакце, Аляксей адказаць не можа: «Гэта толькі нагода. Яны проста вырашылі завесці справу, каб паболей на мяне “накапаць” — бо я патрапіў у іх кола ўвагі. Многія з маіх сяброў на той момант былі анархістамі, некаторых пасадзілі. Аднаго, напрыклад, пасля “прыёмкі” анархістаў у 37-м тралейбусе (15 сакавіка 2017 года пасля дазволенага шэсця “недармаедаў”, калі было затрымана больш за 50 чалавек). У яго на той момант быў умоўны тэрмін, а ў тралейбусе ён атрымаў адміністратыўку. Аднаго пасадзілі на ЛПП. Магчыма, з-за таго, што ў мяне ёсць сябры анархісты, яны падумалі, што я і сам анархіст».

Гэты выпадак можна было б палічыць эксцэсам ці чарговай спробай міліцыі «зрабіць статыстыку» па пасадках «экстрэмістаў». Калі б не тое, што адбылося 11 траўня.

Група моладзі — адна з каманд той самай DIY-лігі, — адпачывала ў Сендайскім скверы ў Мінску. Неўзабаве пасля таго, як яны сабраліся, да маладзёнаў пад’ехалі супрацоўнікі АМАП і людзі ў цывільным, і затрымалі ўсіх прысутных. Фармальнай нагодай стала распіццё спіртных напояў на вуліцы.

Аднак калі маладзёнаў (усяго 17 чалавек) даставілі ў Маскоўскі РУУС, у кабінетах з’явіліся супрацоўнікі ГУБАЗіК, якія пачалі высвятляць кола знаёмстваў затрыманых, пытацца, ці не ўдзельнічаюць яны ў «забароненых арганізацыях» і «футбольным руху».

Хлопцы і дзяўчаты правялі вечар у пастарунку. Аднаго з затрыманых, Яўгена Шыманскага, пасадзілі на 15 сутак.

Чаму нейкая саматужная футбольная ліга трапіла ў поле зроку «барацьбітоў з экстрэмізмам»? Дзеля чаго ў цэнтры гораду дзясяткі супрацоўнікаў АМАПу робяць аблавы на моладзь, якая не мітынгуе і не абмяркоўвае планы скідання ўлады?

Можна, канешне, западозрыць ГУБАЗіК у паранаідальным страху і здольнасці бачыць экстрэмістаў за кожным дрэвам, аднак наўрад ці іх супрацоўнікі такія ўжо сляпыя ці празмерна падазроныя. Пасля шэрагу затрыманняў, пры наяўнасці асабістага дасье на кожнага, — хіба яны не разумеюць, што амаль ніхто з гэтай моладзі не з’яўляецца «экстрэмістам»? Безумоўна, ведаюць. Ці разумеюць ГУБАЗаўцы, што гэтыя людзі — яўна не радыкалы, якія клеяць улёткі, малююць графіці і ходзяць на мітынгі? Вядома ж, разумеюць — яны не дурні.

Разумеюць яны і тое, што наяўнасць у кампаніі з 17 чалавек аднаго-двух анархістаў яшчэ не робіць яе экстрэмісцкім зборышчам. Зрэшты, анархісты — таксама людзі, і ў іх таксама ёсць «звычайныя» сябры.

Тое, што міліцыянты робяць у дачыненні да DIY-лігі і сацыяльна актыўнай моладзі, — гэта сістэматычнае разбурэнне яшчэ адной моладзевай супольнасці. І нават ведаючы, што гэтая супольнасць непалітызаваная, што яна не займаецца вулічным актывізмам ці футбольным хуліганствам, сілавікі мэтанакіравана палююць на гэтых людзей.

За такімі дзеяннямі бачыцца больш шырокая стратэгія дзяржавы на разбурэнне і знішчэнне любых гарызантальных супольнасцяў. Стратэгія гэтая робіцца бачная, калі мы возьмем большую часавую рамку.

Пад прэс за апошнія тры гады трапілі футбольныя фанаты (масавыя пасадкі на вялізныя тэрміны), шэраг рэлігійных груп (складанне адміністрацыйных пратаколаў за несанкцыянаваныя сходы ці раздачу ўлётак), панк-хардкор субкультура (рэгулярныя «маскі-шоу» на канцэртах), ЛГБТ-супольнасць (аблавы на вечарынах). І гэта толькі тое, што трапіла ў СМІ. Як бачым, палітызаванасць ужо перастала быць абавязковым крытэрам для таго, каб трапіць пад рэпрэсіі. Цяпер пад падазрэннем усе, хто можа хоць неяк арганізавацца і зрабіць нешта разам — ці тое раздача ежы бяздомным, паездкі ў дзіцячыя дамы, сумеснае хаджэнне на сектар стадыёна альбо проста размовы аб палітыцы.

Прычына такой тактыкі — у патэнцыйнай небяспецы гарызантальных сувязяў для аўтарытарнай дзяржавы. Любыя згуртаваныя супольнасці замінаюць атамізацыі, расколу грамадства. Яны ўзгадоўваюць базавую салідарнасць, каштоўнасці, альтэрнатыўныя «кожны сам за сябе», ствараюць сярод людзей адчуванне далучанасці. Прамой і яўнай небяспекі для рэжыму яны не нясуць. Але ў выпадку сацыяльнага выбуху такія групы — прынамсі, частка з іх, — змогуць стаць той глебай, з якой вырасце народная самаарганізацыя. Справы ж у нашай дзяржавы па ўсіх франтах ідуць усё горш, таму варта чакаць, што гэты трэнд сілавікоў будзе мець працяг і ўзмацненне.

Рэпрэсіўныя органы добра зразумелі, што трэба зрабіць, каб не было пераменаў. Але ці зразумелі мы, што трэба рабіць, каб яны былі?



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!