Як шэсць інстанцый «разглядалі» скаргу Мікалая Дзядка. Безвынікова

Пра тое, што беларускія праваахоўныя органы злоўжываюць адпіскамі і дэлегаваннем паступіўшых да іх скаргаў і заяваў адзін аднаму, вядома даўно. Часцяком усё заканчваецца тым, што ў скаргаў мінае тэрмін разгляду, альбо яны апынаюцца ў той інстанцыі, на дзеянні якой і былі накіраваныя.

Мікалай Дзядок.Фота з фэйсбука


На прыкладзе скаргі актывіста анархісцкага руху Мікалая Дзядка, якую ён яшчэ ў ліпені падаў у сувязі з незаконным затрыманнем пад Крупкамі, мы вырашылі прасачыць, якім цярністым бывае яе шлях у сучасных беларускіх рэаліях.

Нагадаем, што 30 чэрвеня ў лесе за некалькі кіламетраў ад п. Крупкі каля 20 анархістаў вырашылі арганізаваць нефармальную сустрэчу. У ёй браў удзел і былы палітвязень і журналіст Новага Часу Мікалай Дзядок. Паводле яго слоў, каля паловы чацвёртай дня людзі ў камуфляжы і ў масках без усялякіх падстаў, паралельна страляючы з аўтаматаў, брутальна затрымалі яго і яго таварышаў.

Анархістаў штурхалі, ставілі на калені і прасілі на камеру называць свае дадзеныя. Некалькі гадзін яны стаялі на каленях у дождж, а Дзядок ляжаў на мокрай зямлі ў кайданках. У выніку аператыўнікі абшукалі палаткі, узялі тлумачэнні і канфіскавалі для экспертызы брашуры і налепкі. У Дзядка таксама адабралі два нажы. Апошнія сілавікі з'ехалі з месца затрымання толькі пасля дзесяці гадзін вечара.

У спецаперацыі ўдзельнічалі супрацоўнікі ажно пяці структур: САХРа, ГУБАЗіК, Крупскага аддзела СК, РАУС, лясніцтва. Мікалай Дзядок лічыць, што ўсе яны дапусцілі масу працэсуальных парушэнняў, а таксама парушылі шэраг яго правоў, такіх як права не падвяргацца жорсткаму абыходжанню і права на свабоду выказвання меркаванняў.

Таму яшчэ ў пачатку ліпеня ён накіраваў у Крупскі раённы аддзел Следчага камітэта заяву аб узбуджэньні крымінальнай справы супраць супрацоўнікаў гэтых падраздзяленняў у сувязі з перавышэннем імі сваіх службовых паўнамоцтваў. У ГУБАЗіК ён накіраваў скаргу аналагічнага зместу.

Аднак з абедзвюх інстанцый Дзядок атрымаў фактычна адпіскі, з якіх вынікае, што праверак па яго заяваў не праводзілася і прававая ацэнка дзеянням супрацоўнікаў не давалася. Больш за тое, у ГУБАЗіК МУС паведамілі, што супрацоўнікаў дадзенага падраздзялення наогул не было 30 чэрвеня ў раёне Крупак.

У канцы ліпеня актывіст абскардзіў адказ ГУБАЗіК ў Генеральную пракуратуру. Ну а далей — у «лепшых традыцыях» беларускай бюракратычнай сістэмы. Генеральная пракуратура перанакіраваная скаргу ў пракуратуру Мінскай вобласці, а тая — у абласное ўпраўленне Следчага камітэта. У абласным СК, вядома ж, парушэнняў у дзеяннях ніжэйстаячага раённага СК не знайшлі, а ў частцы нязгоды з дзеяннямі супрацоўнікаў САХРа, ГУБАЗіК і РАУС скаргу пераадрасавалі ва УУС Мінаблвыканкама. А адтуль яна паспяхова вярнулася ў ГУБАЗіК — туды, куды першапачаткова і накіроўвалася.

У выніку 18 кастрычніка супрацоўнік ГУБАЗіК ў адказ на вусны зварот Дзядка з нагоды вынікаў новага разгляду скаргі паведаміў, што перапіска з ім спыненая, бо ГУБАЗіК ўжо адказваў на дадзеную скаргу раней. Такім чынам першы круг перапіскі замкнулася. Ці будзе другі?

Зараз анархіст падрыхтаваў новую скаргу ў Генеральную пракуратуру. Ён па-ранейшаму просіць правесці праверку і распачаць крымінальную справу па фактах перавышэння супрацоўнікамі праваахоўных органаў службовых паўнамоцтваў падчас затрымання ў Крупках.

Акрамя таго, Мікалай Дзядок просіць Генпракуратуру адрэагаваць на бяздзейнасць службовых асоб тых праваахоўных органаў, куды на працягу апошніх чатырох месяцаў паступала яго скарга. Бо з моманту першага звароту ні адна з гэтых інстанцый не ўзяла на сябе адказнасць правесці эфектыўнае расследаванне па заяве актывіста.

spring96.org



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!