Як у Беларусі вырашаюць праблему смецця – і чаму гэтых дзеянняў мала

Перапрацоўка смецця – гэта добра, але не чароўная таблетка ад усіх праблем.


Ужо да 2022-га года пад Мінскам скончыцца месца на галоўным палігоне для адкідаў. У сярэднім кожны беларус выкідвае 350 кг смецця ў год, а мінчукі ўвогуле 500 кг – і гэта нават больш, чым у Еўрасаюзе.

Чым больш адкідаў мы ствараем, тым больш дзяржава выдаткоўвае грошай на разборкі з імі.

Перапрацоўка ж дазваляе і грошы зэканоміць, і працоўныя месцы зрабіць, і вызваліць прастору, каб беларусам дыхалася лягчэй.

Улады вырашылі пайсці простым шляхам − пабудаваць смеццепальны завод на базе ЦЭЦ. Але ён толькі часткова дапаможа разабрацца з адкідамі і пры гэтым узмоцніць іншую праблему − забруджванне паветра. І на гэта пойдзе 200 млн еўра.

У Беларусі перапрацоўваюць 17 % адкідаў


Гэта нядрэнна – дзесяць гадоў таму было ўдвая менш. Але ў Мінску можна дамагчыся большага – у 84 % жыхароў ёсць доступ да кантэйнераў для паасобнага збору смецця, але толькі 30 % займаюцца сартаваннем.

У крамах стаяць кантэйнеры для батарэек і лямпаў, у сотні пунктах можна здаць старую побытавую тэхніку. Эксперты прапануюць асобна збіраць састарэлыя і непатрэбныя лекі, лакі і фарбы, вярнуць сістэму збору тэкстылю і падтрымаць малы бізнес, які займаецца рамонтам адзення і аксесуараў. Каб стымуляваць людзей да сартавання адкідаў, трэба павялічыць тарыфы на вываз смецця.

Кіраўнік краіны не раз патрабаваў вырашыць праблему пластыку


Аляксандр Лукашэнка сочыць за трэндамі, таму за апошні год ужо як мінімум чатыры разы казаў пра праблему (1, 2, 3, 4). У асноўным ён выказваўся пра замену пластыкавых бутэлек на шкляныя. Напачатку сакавіка кіраўнік краіны падпісаў дырэктыву № 7, якая “жэстачайшэ” патрабуе адысці ад поліэтыленавага пакавання на карысць шклянога і папяровага, прыцягваць інвестыцыі ў сферу працы з адкідамі і палепшыць эфектыўнасць экалагічнага падатку.

Добра, што прэзідэнт шмат кажа пра адкіды, але гэтага мала – змены адбываюцца павольна і не вельмі эфектыўна.

Пра смецце ў Беларусі пачалі думаць яшчэ да Лукашэнкі


У 1993-ым годзе прынялі першы закон па гэтым пытанні – ён даваў ільготы арганізацыям, якія выкарыстоўваюць адкіды як сыравіну ці перапрацоўваюць іх. У пачатку 2000-ых быў уведзены прынцып пашыранай адказнасці вытворцаў, то бок яны самі займаюцца ўтылізацыяй або плацяць тым, хто робіць гэта за іх. Усё як у Еўропе.

У 2012-ым годзе стварылі “Аператара другасных матэрыяльных рэсурсаў” – гэта там зрабілі тую самую рэкламу з янотамі. Пазней з’явілася Нацыянальная стратэгія па абыходжанні з адкідамі да 2035-га года. У ёй патрабуюць у 2020-ым годзе ўвесці дэпазітна-закладную сістэму збору пакавання – і гэта выдатная матывацыя для людзей здаваць бутэлькі на перапрацоўку. Але ўжо хутка 2020-ты, а многія пытанні з гэтай сістэмай дагэтуль не вырашаныя.

Лукашэнка лічыць, што ў Беларусі павінны перапрацоўваць 50−60 % адкідаў. Гэта было б цудоўна, але пакуль да такіх паказнікаў нам як да Месяца. Найлепшыя ў свеце паказнікі па перапрацоўцы мае Германія – 55-65 % у залежнасці ад метаду падліку.

У Германіі смецце – гэта цэлы бізнес. Але ёсць нюанс


На нямецкіх прадпрыемствах, якія займаюцца смеццем, працуе больш за 200 тыс. чалавек. Выручка саміх кампаній – каля € 40 млн у год. Дзякуючы выкарыстанню другаснай сыравіны краіна эканоміць € 3,7 млрд.

Гучыць нядрэнна. Але для прыбытковага бізнесу трэба шмат смецця – і тут Германія ў лідарах. У краіне за год выкідваюць 626 кг смецця на чалавека (у ЕС у сярэднім 480 кг). Для экалогіі добрага тут мала.

У Беларусі перапрацоўка можа быць карысная для прамысловасці

Дзякуючы кантэйнерам для паасобнага збору “Гарадзенскі шклозавод” павялічыў долю шклабою ў вытворчасці з 15-25 % да 60 %. Гэта ніяк не ўплывае на якасць, але дазваляе ашчаджаць на сыравіне, дый прыродзе прыемна. У 2018-ым годзе прадпрыемства стала прыбытковым, там плануюць павялічваць магутнасці.

Усяго ў Беларусі працуюць 7 смеццеперапрацоўчых заводаў, летась пачалі будаваць яшчэ адзін у Віцебску. Чым лепш мы сартуем смецце, тым больш для іх працы – і, адпаведна, большая выручка. Усім добра.

Спальванне смецця – не выйсце


У Швецыі менш за 1 % смецця адпраўляецца на сметнік, але ажно палову смецця спальваюць для атрымання энергіі. Дзякуючы фільтрам у атмасферу трапляюць толькі вуглякіслы газ і вадзяная пара. З попелу, які застаецца пасля спальвання, робяць жвір для будаўніцтва дарог, а рэшткамі ад фільтрацыі дыму запаўняюць закінутыя шахты.

Такія тэхналогіі патрабуюць грошай і кваліфікаванага персаналу. Ці ёсць гэта ў Беларусі – вялікае пытанне. У нашым выпадку попел давядзецца закопваць, у ідэале – трэба будзе будаваць для яго асобны палігон, а гэта таксама нятанна. Ды і забруджанне паветра ад завода ўсё адно застанецца.

Але і перапрацоўка нас не выратуе


Бясконцая перапрацоўка немагчыма, кожная рэч рана ці позна стане для гэтага непрыдатнай. У Германіі пластыкавыя бутэлькі толькі на 30 % складаюцца з перапрацаванага матэрыялу, астатнія 70 % – новы пластык, атрыманы з сухой нафты.

У Беларусі пакуль што верхняя мяжа па перапрацоўцы – 27 %. У нас зашмат арганічных адкідаў, з якімі нічога не робяць. Яшчэ 20-27 % смецця – гэта змяшаныя адкіды, якія немагчыма перапрацаваць. Дадамо сюды і пластык, які ў нас могуць перапрацаваць далёка не ўвесь.

Перапрацоўка – не панацэя. У экалогіі існуе канцэпт “5R”: адмоўся (refuse), зменш (reduce), выкарыстай паўторна (reuse), перапрацуй (recycle) і кампастуй (rot). Апошняе адносіцца і да спальвання смецця для атрымання энергіі. Самы эфектыўны спосаб вырашыць праблему адкідаў – адмовіцца ад выкарыстання прадуктаў, якія яе ствараюць. І толькі выключна тады, калі немагчыма купіць тавар без пакавання, трэба браць такі, які мінімізуе шкоду для экалогіі ці які можна перапрацаваць або выкарыстаць паўторна.

ideaby.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!