Як у лядоўні вешалі мышэй. У Мінску адчыніўся «Кажанаполіс»

У вялікім горадзе, у звычайным будынку на Макаёнка, 8 стаіць беларуская лядоўня. Унутры – звычайны драўляны кіёчак, на якім вісяць мяшэчкі са тканіны. А ў іх кажаны, што не знайшлі загадзя сабе прытулак на зіму.


85% кажаноў у гарадах – Vespertilio murinus

“Ён не хвалюецца, а прачынаецца”, – кажа навукоўца Аляксей Шпак, трымаючы рукой у скуранай пальчатцы кажана.

Вока кажана блішчыць, з пашчы вызіраюць невялікія белыя іклы. Істота трасецца: ён трапіў у чалавечыя рукі і саграваецца ад тэмпературы 5-7 градусаў да прыкладна 40. Гэты кажан, як і 12 іншых гасцей “Кажанаполіса”, правядзе халодныя зімовыя дні ў лядоўні “Атлант”.

Іх сабралі з Мінску, Віцебску і Гомеля. Яны тыя, каго выпадкова знайшлі людзі ў пад’ездзе, кватэры, на балконе ці зямлі ды прынеслі навукоўцу.

Аляксей паказвае скрыню ад абутку, з якой чуваць цвірканне. Там двухкаляровыя кажаны, плюс асобна ад іх адзін позні. Двухкаляровы кажан, ці Vespertilio murinus, складае да 85% тых, што зімуюць у беларускіх гарадах. Аляксей адчыняе скрынку.

“Туляцца адзін да аднаго. Кажан – каланіяльная жывёла, і спаць групамі для іх абсалютна нармальна”, – кажа ён.

Навукоўца бярэ кожнага рукой у пальчатцы, асцярожна саджаець у мяшэчак, потым яго завязваюць. Пальчатка трэба, каб кажан не ўкусіў за руку. Нават яго невялікія зубы небяспечныя, а неабачліваму зоааматару шлях на вакцынацыю супраць шаленства працягласцю месяц. Аляксей абачлівы, бо прайшоў вакцынацыю ўжо двойчы.

Тая самая лядоўня – у куце

Аляксей Шпак і Наста Рэзнікава з грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” вешаюць мяшчэкі з кажанамі на драўляны кіёк. Побач ціўкаюць птушкі – папугаі і, магчыма, сычык ды ястраб, што жывуць у клетках побач з той самай лядоўняй.

Кожнага з кажаноў  пранумаруюць і будуць даглядаць. Мяшчэкі адмяжоўваюць жывёл адна ад адной і спыняюць распаўсюд магчымых хвароб. Да таго ж, бываюць агрэсіўныя віды, якія могу траўмаваць суседзяў.

Такой пальчаткай трэба браць кажана

Кажаноў ужо занеслі ў адмысловую базу і будуць узважваць штотыдня: адзін двухкаляровы кажан у гэты час году мусіць важыць каля 13 грамаў. Агулам гэты памер кажана – у даўжыню каля 10 сантыметраў – сярэдні. Самы вялікі кажан Еўропы ў паўтары разы большы.

Узімку вага двухкаляровага кажана можа дайсці да 8 грамаў, і ў такім разе яе дапамогуць зноў набраць. Для гэтага кажана вывядуць са сну, паклаўшы, напрыклад, на стол у цёплым пакоі. Далей яго пакормяць насякомымі, якіх збіраюцца адмыслова вырасціць – лічынкамі мучнога хрушча.

Аляксей і Наста вешаюць на кіёк апошні мяшэчак і змяшчаюць яго ў лядоўню, зачыняюць дзверы. Лядоўня можа змясціць каля сотні кажаноў.

Тут сядзяць кажаны. Мяшэчкі для “Кажанаполіса” пашытыя праектам “Торбашоў”


Замест пячор кажаны спяць у панэльках

Пакуль кажаны яшчэ лётаюць, але звычайна сезон зімовага сну пачынаецца з надыходам маразоў. Засынаючы, яны зніжаюць тэмпературу да тэмпературы навакольнага асяроддзя.

 Аляксей Шпак

“Кажаны вісць на сцяне ці сядзяць, забіўшыся ў шчыліну. У Беларусі яны не спяць у дуплах, бо яны прамярзаюць узімку да тэмпературы навакольнага асяроддзя. Таму калі прыйдуць маразы да -20С, то яны гінуць. І кажаны выбіраюць больш стабільныя месцы – штучныя падзямеллі: падвалы, шчыліны, – кажа Аляксей Шпак.  Ім падабаюцца месцы, дзе няма чалавека, але ў нас няма натуральных падзямелляў, гор і пячор. Таму ў нас кажаны вымушаныя зімаваць у так званых антрапагенных сховішчах. Не тое каб яны жылі ў сімбіёзе з чалавекам, але чалавек стварае для іх сховішча.

Узімку яны часта трапляюць у вельмі небяспечныя сітуацыі: пачынаюць зімаваць побач з чалавекам і не знаходзяць для гэтага месца. Шмат кажаноў знаходзць месца у пад’ездах, на вуліцы, у снезе.

Людзі, якія знаходзяць кажаноў, звычайна тэлефануюць у МНС, Мінпріроды, камітэты Мінпріроды – і звычайна ўсе гэтыя званкі перанакіроўваюцца да мяне. Мы прыязджаем да людзей і забіраем жывёл”.

Так можа выглядаць месца, якое выбралі кажаны на зіму ў горадзе. Фота – gorod.lv

Кажаны – вельмі ўразлівая група жывёлаў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення на прасторы Еўропы і ў Беларусі. У Чырвонай кнізе знаходзіцца 8 з 19 відаў. У той жа час кажаны – вельмі важны від для чалавека.

“Яны змаймаюць верхнія ступені трафічнай піраміды і з’яўляюцца вельмі важным складнікам любых экасістэм. Яны ядуць вельмі шмат шкоднікаў: улетку за ноч адзін кажан з’ядае колькасць насякомых, роўную палове масы яго цела. Нарыклад, рудая вячэрніца важыць 40 грамаў – уявіце сабе”, – тлумачыць Аляксей Шпак.

Калі да вас трапіў кажан, то найперш патэлефануйце па нумары +375 29 2139257. Адкажа і дасць інструкцыі навуковы супрацоўнік НПЦ па біярэсурса НАН Аляксей Шпак.

Праект быў запачаткаваны трыма бакамі: ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, НПЦ па біярэсурсах НАН і Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краяўнаўства, дзе зараз і знаходзіцца «Кажанаполіс».

У мінулым годзе праз платфому “Мае сэнс” з дапамогай АПБ сабралі грошы (2137 рублёў) на гэты праект і выдаткавалі яго на абсталяванне, у тым ліку на вагі і абсталяванне для вырошчванне корму.



greenbelarus.info

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!