Як у Мінску дэзінфікуюць грамадскі транспарт, лесвіцы і прыпынкі

У Мінску пакуль няма маштабнай дэзінфекцыі грамадскіх прастор. Аднак Мінскі гарадскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі распрацаваў спецыяльныя рэгламенты па штодзённай дэзінфекцыі транспарту і аб'ектаў камунікацый. Што ўжо робяць, каб папярэдзіць распаўсюджванне COVID-19, даведваўся TUT.BY.

Так сёння выглядала дэзінфекцыя грамадскага транспарту на дыспетчарскай станцыі «Лошыца-2»

Як мыюць грамадскі транспарт

У арганізацыі «Сталічны транспарт і сувязь» тлумачаць, як цяпер мыюць аўтобусы, тралейбусы і трамваі.

Для дэзінфекцыі пасажырскага транспарту ў Мінску выкарыстоўваюць сродкі «Полидез» і «Гексадекон».

У аўтобусах міжгародніх, міжнародных зносін і тых, што ездзяць з аўтавакзала «Цэнтральны» ў Нацыянальны аэрапорт, усталявалі локцевыя дазатары з дэзінфікуючым сродкам «Унодез».


Асноўная прыборка ў наземным транспарце — па начах: з 22.00 да 5.00. Пакуль тэхніка знаходзіцца ў аўтапарках, у салонах праціраюць сядзенні, поручні, дзверы, пластыкавыя элементы ашалёўкі, вокны і дзверы, шкло, свяцільні, прыбіраюць пясок. Праводзяць вільготную прыборку і дэзінфекцыю, у тым ліку распыляюць дэзраствор.

З учорашняга дня пачалі дэзінфікаваць салоны дадаткова і на дыспетчарскіх станцыях — пры адстоі транспарту ў абед і падчас перазменкі. Заязджаюць на апрацоўку па такім графіку: з 8.30 да 11.00 і з 18.30 да 21.30.

— Абавязкі падзялілі паміж паркамі, з некаторых адносна свабодных працоўных месцаў знялі людзей і адправілі дэзінфікаваць транспарт, — распавёў TUT.BY супрацоўнік аднаго з аўтапаркаў. — Кожнаму выдалі комплекс — касцюм, рэспіратар, ахоўныя акуляры і гумовыя пальчаткі. І па адным распыляльніку з дэзсродкам на дыспетчарскую.



Што ў метро

У Мінскім метрапалітэне для пасажыраў спачатку паставілі простыя бутэлечкі з антысептыкам, а на днях пачалі ўсталёўваць бескантактавыя сэнсарныя дазатары. Гэта больш разумны падыход: каб скарыстацца антысептыкам з такога дазатара, сотням пасажыраў не трэба дакранацца да адной і той жа ёмістасці.

— На станцыях метрапалітэна мыйнымі і дэзінфікуючымі сродкамі апрацоўваюцца дзвярныя ручкі, месца ля білетных касаў — падваконнікі, талеркі для грошай, шкло, а таксама турнікеты, поручні эскалатараў, поручні маршавых сходаў, кабіны ліфтаў. Гэта значыць, усё, да чаго дакранаецца ці можа дакрануцца пасажыр, — распавёў TUT.BY прэс-сакратар Мінскага метрапалітэна Андрэй Дроб.


Фота Дар'і Буракінай

Цягнікі грунтоўна прыбіраюць па начах, а апрацоўваюць дэзінфікуючымі сродкамі цяпер кожны раз, калі цягнік заходзіць у дэпо. За змену гэта адбываецца ад аднаго да некалькіх разоў, адзначаюць у метрапалітэне.

— Нашы касіры маскі не апраналі, пакуль такога распараджэння не было. Аднак усе яны працуюць у пальчатках, — дадаў Андрэй Дроб.

У сакавіку ў падземцы знізіўся пасажырапаток — метро наведвалі прыкладна на 200 тысяч чалавек у суткі менш, чым у лютым.

TUT.BY вядома, што ў Мінску ёсць распараджэнне ўладаў скараціць інтэрвалы руху электрацягнікоў і наземнага транспарту — каб пазбегнуць навалы пасажыраў.

Што з прыпынкамі і дарогамі

Новыя рэгламенты распаўсюджваюцца і на «Гаррамаўтадар» — менавіта гэтая арганізацыя адказвае за прыборку дарог, падземных пераходаў.

Што прапісана ў рэгламентах? Праціранне прыпынкаў, лавак, парэнчаў, вільготнае падмятанне прыступак лесвічных сходаў і падлог падземных пешаходных пераходаў, праціранне дзвярэй падземных пешаходных пераходаў, ручак, кнопак, сцен кабіны ліфта, адкідных поручняў пад'ёмных платформаў і іх пультаў кіравання ў пераходах.

У «Гаррэмаўтадары» тлумачаць, як часта ўсё гэта робіцца.

Напрыклад, лаўкі на прыпынках з мыйнымі сродкамі праціраюць раз у суткі, шкленне прыпынкаў — раз у 72 гадзіны.

Раз у суткі праціраюць парэнчы на ​​лесвіцах, двойчы ў суткі прадугледжана вільготнае падмятанне прыступак і падлог падземных пераходаў, праціранне дзвярэй у пераходах.

Вось тут можна пачытаць падрабязней інфармацыю па прынятыя меры.

У канцы сакавіка мінчане звярнулі ўвагу, што парэнчы некаторых падземных пераходаў у горадзе выглядаюць быццам пасыпанымі соллю. Магчыма, так сябе вядуць пры зніжэнні тэмператур сродкі, якімі апрацоўваюць поручні.

Што яшчэ. «Без панікі», гэта не дэзінфекцыя

Сёння раніцай людзі ў ахоўных касцюмах мылі слупы прама ў цэнтры праспекта Незалежнасці, у раёне плошчы Перамогі.

Некаторыя ўжо падумалі, што гэта дэзінфекцыя, аднак агенцтва «Мінск-Навіны» «супакойвае»: «Без панікі! Септадэза там няма».

Аказалася, што так ад солі і бруду адмывае апоры асвятлення «Мінгарсвятло».

 Гэта планавыя работы, якія праводзяцца кожную вясну, і не толькі на пр. Незалежнасці, але і на іншых вуліцах сталіцы. Зараз у горадзе ідзе месячнік па прыборцы, добраўпарадкаванні і азеляненні, і наша прадпрыемства, як і іншыя, прыводзіць у парадак свае аб'екты пасля зімы, — распавёў начальнік вытворчага аддзела УП «Мінгарсвятло» Уладлен Чухін.

Паводле Сняжаны Інанец, фота Вадзіма Заміроўскага, tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: