Як у Слуцку хапалі не па-людску (суб'ектыўныя нататкі)

Карэспандэнт НЧ у Слуцку пайшла асвятляць сустрэчу з кандыдатам у прэзідэнты, а ў выніку, паводле міліцэйскага пратаколу, «узяла ўдзел у мітынгу з мэтай адлюстравання пратэсту супраць дзейснай улады».


У Слуцку другі дзень абмяркоўваюць сарваную сустрэчу з Святланай Ціханоўскай і хапун. Сустрэча павінна была адбыцца 4 чэрвеня ў 17:30 на пляцоўцы каля Моладзевага цэнтра на вуліцы Леніна. Але ў пазначаны час случчане з здзіўленнем убачылі, што пляцоўку займае тэхніка ЖКГ з прычыны раптоўнага рамонту даху і каналізацыі. Сабраліся, па розных падліках, ад 500 да 9000 чалавек — хтосьці на пляцоўцы, але збольшага на прылягаючых вуліцах.


Раптам з’явіліся «чужыя» аўтобусы, а разам з імі людзі, падобныя на мусульманскіх радыкальных баевікоў: у чорным адзенні і чорных масках, з-пад якіх толькі вочы блішчалі. У міліцэйскі мегафон прагучала, што мітынг несанкцыянаваны і патрабаванне ўсім разысціся. Паколькі людзей было многа, гукі мегафона не дасягалі тых, хто стаяў наводдаль. Людзі перапытвалі адзін аднаго: «Што адбываецца? Чаго яны ад нас хочуць? Чаму не даюць сустрэцца з кандыдатам?» Жыхары Слуцка — народ даволі кансерватыўны і паслухмяны. У палітычных вулічных бойках да гэтага часу не быў заўважаны. Калі б да случчан своечасова давялі інфармацыю, што мерапрыемства не дазволенае, наўрад ці людзі сталі рызыкаваць патрапіць у пастарунак.


Калі амапаўцы пачалі грузіць случчан у аўтобусы, значная частка народу ў жаху пакінула небяспечнае месца. Але большасць усё ж засталася. Паводзіны сілавікоў раптам абудзілі ў людзей супраціў. Жыхары горада, выцесненыя з пляцоўкі, па-партызанску разбіліся на групы і з суседніх вуліц назіралі, што ж будзе далей? Я ведала, што далей будуць «хапун» і судовы канвеер. Але засталася, бо мела заданне рэдакцыі напісаць, калі штосьці будзе цікавае.


Цікавым было ўсё: і рэакцыя людзей, і выкручванне мірным грамадзянам рук за спіну, і бясплатныя «таксі» па рэйсу «Моладзевы цэнтр» — Слуцкі РАУС. Высветлілася, што зрусіфікаваныя случчане разам з воклічам «Позор!» добра ведаюць беларускамоўныя «Ганьба» і «Жыве Беларусь!» Першы быў адрасаваны амапаўцам, а воклічам «Жыве Беларусь!» віталі кіроўцаў аўтамабіляў, якія калонамі ездзілі туды-сюды па вуліцы Леніна і гудзелі.


Не паспела я зрабіць колькі здымкаў і занатаваць невялікі тэкст, як мяне таксама схапілі і кінулі ў аўтазак. Пасведчанне журналіста амапаўцаў не зацікавіла.


У міліцэйскім пастарунку прыйшлося адседзець больш за 4 гадзіны, пакуль урэшце склалі адміністрацыйны пратакол па артыкулу 23.34 ч.1. Мне, як і іншым затрыманым, пагражаў ізалятар. Прыйшлося тэрмінова пісаць хадайніцтва на імя начальніка Слуцкага РАУС аб неабходнасці забеспячэння мяне ў зняволенні складанымі лекамі ў сувязі з цяжкім захворваннем. Пры іх адсутнасці знаходжанне ў ізалятары для мяне будзе з'яўляцца катаваннем.

Выпусцілі пад падпіску і з позвай у суд на 5 жніўня ў 9:30. Дамоў вярнулася апоўначы. Паколькі ў пастарунку трэслі сумку, ключы ад кватэры перамясціліся ў непатрэбнае месца і згубіліся ў аўтамабілі. Дзякуючы дапамозе добразычлівага суседа неяк а першай гадзіне ночы трапіла ў кватэру...

І вось у 9:30 я ля судовай залы. Стаяць, сядзяць случчане — родзічы і сябры затрыманых. Сабралася каля 40 чалавек. Як высветлілася, з 18 затрыманых ноч на волі правяла я, непаўналетні хлопчык і чалавек з перанесеным інсультам. Яшчэ 14 — у ізалятары. Родзічы затрыманых казалі, што міліцыянты нахапалі выпадковых людзей. Напрыклад, чатыры маладыя баксёры не цікавіліся палітыкай, вярталіся з спартыўнага клуба, чакалі гарадскі аўтобус на прыпынку. Раптам падышлі амапаўцы і прапанавалі паехаць з імі альбо сысці з прыпынку. Хлопцы выбралі рэйсавы гарадскі аўтобус, але былі закінутыя ў спецаўтамабіль.


Ягор, 20 гадоў: «Працую ў Мінску. Толькі што прыехаў. Зайшоў у краму за малаком. Палітыкай не цікавіўся, выбарамі таксама. Цікавіць заробак, як час правесці цікава. Не разумею, за што мяне закінулі ў спецмашыну і хочуць ізаляваць?»

Каля будынка суда ў чаканні судовага выраку цэлы дзень марнела бабуля Змітра Мацэлі.
 
— Змітру 34 гады, учора на адзін дзень забраў сына з бальніцы — змешчаны пералом, — распавяла Зінаіда Мікалаеўна. — Ехалі з бальніцы ў сваю вёску, убачылі многа людзей. Падышлі да натоўпа, каб пацікавіцца, што здарылася. Кандыдатам Ціханоўскай малады мужчына не цікавіўся, бо на выбары не ходзіць, інтэрнэтам не карыстаецца. Як толькі падышлі, АМАП стаў разганяць, і Зміцер літаральна аказаўся крайнім. Яго схапілі адным з першых і нават надзелі кайданкі. Унук паспеў сыну крыкнуць, каб той уцякаў.
     
 Бабуля паскардзілася, што ў Змітра дома засталіся галодныя цялё, 5 свіней, куры, авечкі, гусі… Жонка з рання на працы.

 — Ноч не спала. Ледзве жывая, на мыліцах. Інвалід 2-й групы. Навошта так хапаюць людзей? Хай бы неяк зрабілі па-разумнаму. Ну хочуць людзі сустрэцца — хай сустрэнуцца. Раней добра адносілася да Лукашэнкі, а цяпер не пайду на выбары.

Марнела бабуля Змітра Марцэлі, цэлы рабочы дзень правяла каля будынка суда і я. Так мяне на судовую разборку і не запрасілі. Каля 13:00 напісала ў кнізе заўваг і прапаноў, што такое абыходжанне з людзьмі — асобы від знявагі і катавання з боку міліцэйска-судовай сістэмы. Вынікам скаргі стаўся прыход супрацоўніка РАУС, які прапанаваў мне пайсці разам з ім у аддзяленне міліцыі, атрымаць новы ўдасканалены пратакол, і наўпрост у аддзяленні па скайпу суддзя разгледзіць маю справу. Ад такой прапановы я адмовілася. У выніку міліцыянт вынес мне новы пратакол, у якім ужо не было ўзгадвання мітынгу ў падтрымку кандыдата Ціханоўскай. Засталося абвінавачванне ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу з мэтай адлюстравання пратэсту супраць дзейснай улады. Таксама для мяне падазроным з’явіўся ўласнаручны подпіс там, дзе яго не павінна было быць. Толькі а 16-й гадзіне ўдалося дабіцца ад канцылярыі тлумачэння сітуацыі. Высветлілася, што адміністрацыйная справа з РАУС супраць мяне перададзена ў суд толькі пасля 15:00, а за дзіўную міліцэйскую позву на 9:30 суд не нясе адказнасці. Урэшце, сакратар уручыла мне павестку ў суд Слуцкага раёна 6 жніўня а дзясятай гадзіне.

Вынікам сённяшняга судовага канвееру сталі штрафы памерам у 2-3 базавыя выпадковым людзям, Віталь Амяльковіч атрымаў 5 содняў. Колькі чаго не пашкадуюць мне — даведаюся ўжо заўтра. 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: