Як ўчорашняга школьніка ператварыць у ідэальнага работніка

Чаму нямецкім кампаніям выгадна аплачваць прафесійнае навучанне моладзі?
У гэтым годзе ў Беларусі вырас попыт на працоўныя прафесіі. Па дадзеных Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, самая запатрабаваная ў краіне — прафесія швачкі: на 1125 вакансій прыходзіцца 201 беспрацоўны. Вялікі попыт таксама на арматуршчыкаў, кіроўцаў аўтамабіляў, касіраў, кур'ераў, мантажнікаў будаўнічых канструкцый, афіцыянтаў, повараў.

Папулярнасць і даступнасць вышэйшай адукацыі разам з нізкім прэстыжам рабочых прафесій аказваюць негатыўны ўплыў не толькі на беларускі рынак працы.

Як з падобнай праблемай спраўляецца Германія, распавяла рэферэнт па пытаннях прафесійнай падрыхтоўкі школьнікаў і моладзі Рамеснай палаты зямель Усходняга Брандэнбургу (Германія) Наталля Франкэ-Маліноўская падчас семінара «Роля і функцыі прадпрымальніцкіх аб'яднанняў у сучаснай сацыяльна-эканамічнай сістэме: замежны вопыт і напрамкі развіцця ў Беларусі».

Амаль палова маладых немцаў атрымлівае прафесійную адукацыю ў школе. Навучанне доўжыцца два-тры гады, складаецца з тэарэтычнай падрыхтоўкі і практыкі на прадпрыемстве.

Нярэдка аплату за прафесійную падрыхтоўку бяруць на сябе прадпрыемствы, якім патрэбныя спецыялісты. Прычым попыт на вучняў з боку кампаній стала расце.

— Да прыкладу, калі школьнік з Брандэнбурга заканчвае дзесяты клас, ён можа заключыць дамову з кампаніяй, пачаць працаваць на прадпрыемстве і прайсці прафесійнае навучанне, якое аплочваецца наймальнікам, — распавядае Наталля Франкэ-Маліноўская.

Малады чалавек адначасова працуе і навучаецца. З моманту падпісання дамовы з наймальнікам аб прафесійнай падрыхтоўцы ў школьніка ўжо назапашваецца працоўны стаж.

Такі падыход дапамагае абодвум бакам. Малады работнік адначасова атрымлівае атэстат аб адукацыі і набіраецца досведу. «Кампанія-апякун» можа за гэтыя гады перадаць яму асноўныя практычныя навыкі і даць першае месца працы.

— Прафесійнае навучанне мае індывідуальны падыход, каб зрабіць на кожнага вучня сваю адукацыйную мадэль. Вывучаемыя дысцыпліны цалкам адпавядаюць абранай прафесіі, — тлумачыць прадстаўнік Рамеснай палаты.

Па словах Наталлі Франкэ-Маліноўскай, выпускнікам, якія не змаглі самастойна знайсці «кампанію-апекуна», часта дапамагаюць профільныя палаты.

— Рамесная палата дапамагае малым і сярэднім прадпрыемствам у пошуку вучняў. Калі хтосьці прыходзіць да нас і кажа, што не знайшоў месца для атрымання прафесійнай адукацыі, яго шукаем мы, — кажа эксперт.
Выпускныя іспыты праводзяць профільныя палаты: гандлёва-прамысловыя або рамесныя. Па заканчэнні навучання выпускнік атрымлівае атэстат і сведчанне пра досвед працы.

Як падкрэслівае эксперт, сумяшчэнне тэарэтычнага і практычнага навучання дапамагае юнакам і дзяўчатам паглыбіцца ў сутнасць абранай прафесіі. Гэта дае ім магчымасць альбо канчаткова пераканацца ў правільнасці выбару, альбо ўсвядоміць, што здзейснілі памылку.

— Падчас практыкі вучань можа пераканацца ў плюсах і мінусах прафесіі, каб вырашыць ці падыходзіць яму абраная спецыяльнасць. Да прыкладу, пекар павінен ўставаць на працу ў дванаццаць гадзін ночы, а цырульнік працуе перад Калядамі і па суботах, — тлумачыць Наталля Франкэ-Маліноўская.

Колькасць гадзін, адведзеных для практыкі на прадпрыемствах, як правіла, амаль у два разы перавышае час на тэарэтычную падрыхтоўку. Выпускнікі школ могуць адразу працаваць па спецыяльнасці, якую атрымалі без адрыву ад вучобы. Прычым, абавязковага размеркавання няма: можна застацца на прадпрыемстве, дзе адпрацоўваліся практычныя навыкі, або знайсці новае месца працы.

А вось беларускім наймальнікам, як вядома, часцяком прыходзіцца перавучваць маладых спецыялістаў, не кажучы ўжо пра ўчорашніх школьнікаў.


Паводле zautra.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: