Ці гатовыя мы да вольнай Беларусі?

Гэты ліст мы атрымалі ад вязня Глыбоцкай папраўчай калоніі №13. У ім наш даўні чытач Ігар Златагурскі дзеліцца думкамі пра волю, незалежнасць, беларускасць ды іншыя праблемы нашага грамадства. Ліст цікавы яшчэ і тым, што напісаны ён чалавекам, які шмат гадоў знаходзіцца за кратамі і можа сачыць за тым, што адбываецца ў краіне, толькі адтуль. Мы вырашылі пазнаёміць з меркаваннем Ігара чытачоў НЧ і запрасіць да дыскусіі.


Цалкам натуральна, што кожны зняволены чакае і марыць пра дзень, калі станецца вольным. Уяўленне малюе гэты час выключна яскравымі фарбамі. Калі і паўстае цень адчування, што разам з воляю па той бок кратаў падпільноўваюць і турботы — дзе, як і на што жыць, — то свядомасць адціскае гэта ў найдалейшы куток. Галоўнае — выйсці на волю, тады і мецьмецца час думаць, што і як рабіць.

Пераважная большасць колішніх вязняў, якія кіруюцца падобнымі меркаваннямі, не здольныя даць рады цяжкасцям вольнага жыцця, і адно пытанне часу, калі яны зноў трапяць у вязніцу.

Жодзінская турма №8. Фота Радыё Свабода


Што ёсць воля?

Існуе падабенства паміж чаканнямі і лёсамі як уласна вязняў, гэтак і той часткі грамадства, што пачуваецца паняволеным. Было б карысна асэнсаваць гатоўнасць не гэтулькі атрымаць волю, колькі ўтрымаць яе досыць працяглы час. Воля не гарантаваная анікому. Ані асобнаму чалавеку, ані народу ў цэлым. Заўжды можа з’явіцца нехта, хто паставіць права на яе пад сумнеў.

Варта прызнаць, што не для кожнага грамадзяніна Беларусі, які вызнае волю за галоўную каштоўнасць, разуменне яе непарыўна звязанае з наяўнасцю незалежнай, суверэннай і беларускамоўнай дзяржавы беларускага народа.

Пры гэтых акалічнасцях адзіна слушнай падаецца прапанова вядомага грамадскага актывіста: «Трэба рабіць тое, што намагаліся рабіць бацькі-заснавальнікі БНР, — будаваць». Але кожнаму будаўніцтву павінны папярэднічаць выпрацоўка плану і інвентарызацыя будаўнічых матэрыялаў.

Пачаць належыць з нацыянальнай тоеснасці беларусаў — дарожнага каменю нацыянальнага і дзяржаўнага будаўніцтва беларускага народу. Стагоддзе таму, паводле Устаўных грамат, фундатары БНР разумелі Беларусь як тэрыторыю, «дзе пераважная большасць (больш за 50%) насельніцтва размаўляе па-беларуску, то-бок з’яўляецца беларускім народам». БНР павінна была «“абняць” Магілёўшчыну, беларускія часткі Міншчыны, Гродзеншчыны (з Гродна, Беластокам і інш.), Віленшчыны, Віцебшчыны, Смаленшчыны, Чарнігаўшчыны і сумежнае часці суседніх губерняў, заселеных беларусамі». То-бок, у той час падмуркам тоеснасці беларусаў была беларуская мова.

Якая колькасць насельнікаў Беласточчыны, Віленшчыны і Чарнігаўшчыны са Смаленшчынай пачуваюцца сёння беларусамі і размаўляюць на беларускай мове, пытанне рытарычнае. Значна больш важна, ці дастане цяпер колькасці носьбітаў беларускай мовы ў межах сучаснай Рэспублікі Беларусь, каб умоўна засяліць прынамсі некалькі раёнаў?

Нельга не заўважаць, што сёння беларуская мова як фактар умацавання самавызначэння не ёсць бясспрэчнай умовай для ўсіх грамадзян краіны. Нават для тых, хто пераймаецца гэтым пытаннем. Але калі падмуркам нацыянальнай тоеснасці беларусаў не ёсць беларуская мова, тады што ёй наўзамен? Агульная гісторыя? Не. Для адных яна заканчваецца разам з падзеламі Рэчы Паспалітай ці ў 1918 годзе. Для іншых — толькі тады і пачынаецца. Трэція, падаецца, увогуле вядуць яе адлік з 1994 года.


Культура?

Чаго дзівіцца, што пры гэтым становішчы частка беларусаў, як і сто гадоў таму, не супраць задаволіцца нацыянальна-культурніцкай аўтаноміяй у складзе Расіі. Але і пра сучасную беларускую культуру казаць не выпадае. Яе ролю ва ўяўленні паспалітага беларуса выконвае культура руская альбо яе кланаванне мясцовага паходжання. Згадаем, прынамсі, нацыянальны (!) адбор на «Еўрабачанне–2018» з запрашэннем «варага» Аляксеева. Ці сцэнічны псеўданім папулярнага маладога спевака — Белорусских. Не «Беларускі» нават, а вось гэтак, падкрэслена на маскоўскі густ, але, што праўда, з захаваннем «нацыянальнай» адметнасці… І гэткае стаўленне беларусаў да свайго — зусім не прыкмета адно нашага часу.

У 2002 годзе выдавецтва ЗАТ «МК-Перыёдыка» надрукавала кнігу «Чыя Беларусія? Межы. Спрэчкі. Крыўды» аўтарства М. Зяньковіча, колішняга супрацоўніка ЦК КПБ і ЦК КПСС. Кніга з’явілася ў выніку працы аўтара над аналітычнай запіскай па гісторыі і сацыяльна-палітычным становішчы Беларусі на замову органаў дзяржкіравання Расіі, што займаюцца інтэграцыяй нашых краін.

Датычна беларускай культуры аўтар, у прыватнасці, піша: «На побытавым узроўні велізарнай папулярнасцю карыстаўся рэпертуар спевакоў Яраслава Еўдакімава і Віктара Вуячыча, кампазітара-песенніка Эдуарда Ханка. Яны стваралі па-руску. Ці была эстрадная беларуская песня? Так, была. Але, за рэдкім выняткам, народ яе не спяваў. Аддавалі перавагу тым, хто пісаў і спяваў па-руску. І справа не ў памеры таленту, беларускамоўныя паэты і кампазітары не саступалі рускамоўным, але творы першых збольшага гучалі адно на дзяржаўным радыё. Як ні парадаксальна, карэнныя жыхары Беларусі спявалі песні прыхадняў». Праблема паўстала значна раней.

Трэба лічыцца і з сусветнай тэндэнцыяй прыросту колькасці людзей (27% паводле Яраслава Раманчука з цэнтру Мізеса), якія не бачаць патрэбы ў нейкай нацыянальнай прыналежнасці. Павялічваецца і колькасць публікацый, якія кажуць, што дзяржава-нацыя памірае.

Пагаджаецца з гэтым меркаваннем і кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка: «…людзі, якія дастаткова адукаваныя, якія могуць працаваць па ўсім свеце, канкурэнтаздольныя, добра ведаюць некалькі моваў… могуць утварыць уласную дзяржаву».

Вядомыя свету навукоўцы ўжо спрабуюць рэалізаваць гэтую ідэю на практыцы. Мяркуецца на сабраныя з грамадзянаў будучай віртуальнай дзяржавы сродкі пабудаваць і запусціць на арбіту спадарожнік з серверам, што будзе ўтрымліваць асабістыя дадзеныя гэтых людзей, каб гэткім чынам набыць экстэрытарыяльнасць. Вядуцца і кансультацыі на ўзроўні ААН наконт юрыдычнага абгрунтавання распрацоўкі і міжнароднага прызнання будучага віртуальнага грамадзянства.

Застаецца адно гадаць, колькі беларусаў з акрэсленымі Заікам якасцямі ў выпадку поспеху гэткіх захадаў палічаць за лепшае змяніць грамадзянства на іх карысць.


«Рускія са знакам якасці»

Здавалася б, пры ўсіх згаданых варунках спроба пабудовы беларускай нацыянальнай тоеснасці на грунце беларускай мовы не мае шанцаў на поспех. Але, паводле міжнароднага апытання, зладжанага пазалетась, грамадзяне большасці эканамічна паспяховых краін вызначылі самым галоўным чыннікам, які ўплывае на нацыянальную ідэнтычнасць, менавіта мову.

У згаданай кнізе Зяньковіча адзначаецца, што ў Беларусі «ў 1998 годзе рускіх было блізу двух мільёнаў, ці 20% усяго насельніцтва. У адрозненне ад большасці іншых краінаў СНД, рускіх у Беларусі не паменшылася, а дадалося. Беларусь прыняла шматлікіх рускіх выгнанцаў з Цэнтральнай Азіі і Закаўказзя».

Даследаваў аўтар і структуру рускай дыяспары. Толькі блізу 200 тысячаў рускіх атабарыліся ў сельскай мясцовасці і «працуюць пераважна на тэхніцы — кіроўцамі і трактарыстамі». Астатнія жывуць у буйных, сярэдніх і малых гарадах Беларусі: «…300 тысячаў этнічных рускіх занятыя ў прамысловасці, палова з іх — інжынерна-тэхнічныя работнікі, рэшта — рабочыя». Але «самую буйную частку складаюць вайсковыя пенсіянеры і чальцы іх сем’яў… іх блізу 600 тысячаў». Астатнія — навукоўцы, выкладчыкі, настаўнікі і дзеячы культуры. Значная прысутнасць этнічных рускіх і ў органах дзяржаўнага кіравання.

Іншымі словамі, пераважная большасць этнічных рускіх у Беларусі — гэта тыя, хто ў любой дзяржаве свету лічыцца элітай. Напэўна, аніхто дакладна не ведае працэнт, які прыходзіцца на іх у эліце Беларусі ў цэлым. Але тое, што руская дыяспара мае вялікі ўплыў на грамадска-палітычныя працэсы, бясспрэчна.

Паводле пададзеных у кнізе высноваў, зладжаных асабіста Зяньковічам апытанняў сярод розных групаў рускай дыяспары ў Беларусі, бачна, што сярод эліты этнічных рускіх пераважае меркаванне: «без Расіі беларусы ні на што не здатныя». І толькі рускія ІТРаўцы «пачуваюцца больш беларусамі, чымсьці рускія… Мяркуюць і дзейнічаюць як грамадзяне карэннай нацыянальнасці».

Згадвае аўтар і цікавую акалічнасць, што выявілася падчас перапісу насельніцтва Беларусі: «больш за 300 тысячаў асобаў некарэнных нацыянальнасцяў назвалі сваёй роднай мовай беларускую. З іх рускіх было менш за тысячу. Абсалютная большасць рускіх (99%) не ведаюць і не жадаюць ведаць мовы сваёй другой Радзімы».

Ёсць хібай лічыць большасць рускай дыяспары прыхільнікамі скасавання незалежнасці і дзяржаўнасці Беларусі, яе інкарпарацыі ў Расію. Хутчэй, шмат хто жадаў бы бачыць нашую дзяржаву паспяховым прыкладам краіны рускага свету з чалавечым тварам без усялякіх двукоссяў.


Русіфікацыя супраць Расіі

Якімі аргументамі магчыма схіліць гэтых людзей да ідэі ўладкавання Беларусі як менавіта нацыянальнай беларускай дзяржавы? Складанае пытанне. Хіба што прапанаваць асэнсаваць наступнае.

Зрусіфікаваўшы беларусаў, этнічныя рускія атрымалі за суграмадзянаў людзей, якія, прыстасоўваючыся да ўмоваў сумеснага існавання, выракліся родных мовы і культуры. Ці магчыма засцерагчыся, што ў будучыні не складзецца становішча, пры якім беларусы гэтаксама адмовяцца ўжо ад рускай мовы і культуры? Аднойчы здрадзіўшы свайму роднаму, яшчэ лягчэй здрадзіць прышчэпленаму.

Сёння чуюцца аргументы кшталту: «Навошта тая беларуская мова ў час глабалізацыі, больш карысна вывучаць англійскую ці кітайскую». Але свет змяняецца найімкліва, і ніхто не здолее гарантаваць, што праз 10–20 гадоў веданне той жа кітайскай мовы не падасца больш карысным за веданне мовы рускай.

Мажліва, мае сэнс і звярнуць увагу тых рускіх грамадзян Беларусі, якія крытычна ставяцца да курсу сённяшняй Расіі, што цывілізаваны варыянт «рускага свету» ў нашай краіне будзе гэтак жа непрымальны для расійскіх уладаў, як і беларуская нацыянальная дзяржава. Бо паставіць пад сумнеў слушнасць здзейсненага імі напрамку развіцця самой Расіі.

Нам, беларусам, у сваю чаргу, належыць цвёрда ўсведамляць, што беларусізацыя нашага жыцця, — у першую чаргу пашырэнне ўжытку беларускай мовы, — якую мы ўспрымаем як дасягненне абумоўленых Канстытуцыяй правоў роўнасці з мовай рускай з боку пераважнай большасці нашых грамадзян рускага паходжання будзе ўважацца за дэрусіфікацыю. Нават наймякчэйшы яе варыянт. У выніку яе яны змушаныя будуць пачувацца нацыянальнай меншасцю, чаго і блізка няма зараз. Гэткае пачуццё з натуральных чыннікаў неўласцівае рускаму менталітэту і, безумоўна, не можа не выклікаць адпрэчвання.

Працэс паразумення між намі на гэты конт льга параўнаць з хадою па крохкім лёдзе.

Усё напісанае не мае сэнсу, калі не развязаць найгалоўнейшае пытанне: як павярнуць да беларушчыны абыякавую да яе большасць уласна беларусаў па крыві.

Аніхто дакладна не ведае, як гэтае здзейсніць. Хтосьці ўжо чвэрць стагоддзя чакае, калі ў гэтай масы абудзіцца раптам нацыянальная самасвядомасць, дый самі ўцямна не разумеюць, якім чынам тое мусіць атрымацца. Іншыя бясконца заклікаюць неадкладна ўзяцца за гэтую справу ўладу. Бясспрэчна, калі б гэтак сталася, беларусізацыя адбылася найхутчэй. Ды давайце цвяроза разважым, ці магчыма гэта ўвогуле.

Сённяшняя ўлада, пры ўсіх хібах і заганах, папраўдзе ёсць выразнікам чаканняў і памкненняў менавіта гэтай бальшыні насельніцтва Беларусі. Адмаўляць гэты факт — аблуда і самападман. Іншая справа, што сёння нестае рэсурсаў задаволіць прагненні гэтых людзей. І адно гэтая акалічнасць і выклікае зараз у іх незадаволенасць. Гэтыя людзі жадаюць, каб было «як раней», гадоў з 10 таму. Ім не трэба «неяк інакш». Калі існая ўлада замест вырашэння гэтага пытання знянацку прыслухаецца да альтэрнатыўных заклікаў, то з вялікай верагоднасцю страціць падтрымку згаданай масы. Для гэтых людзей на першым месцы стаяць не пытанні нацыябудавання і незалежнасці, а выжыванне і ўласны дабрабыт. Магчыма пагарджаць гэтым, але нельга не лічыцца.


Эканоміка павінна быць!

Калі ўжо зусім шчыра, падобныя людзі гэтаксама маюць уласную рацыю. У падмурку каштоўнасцяў што асобнага чалавека, што грамады заўжды месціцца дабрабыт. Тая праўда, што не хлебам адзіным жыве чалавек, роўная праўдзе, што і без хлеба з пітвом, вопраткі і жытла яму гэтаксама не абысціся.

У падмурку ўсяго павінна быць эканоміка. Менавіта ад яе эфектыўнасці залежыць і дабрабыт асобнага грамадзяніна, і незалежнасць краіны. Як і лёс беларускай мовы.

Стан сучаснай эканомікі Беларусі апісаны абазнанымі ў справе экспертамі не адзін раз. Састарэлыя тэхналагічна і ментальна прадпрыемствы імкліва губляюць канкурэнтаздольнасць. Ледзь не татальная залежнасць ад Расіі як крыніцы сыравіны, танных энерганосьбітаў, рынку збыту вырабленай прадукцыі і працы для плоймы грамадзянаў нашай краіны.

Марна спрачацца наконт таго, хто каму больш вінен і хто для каго што робіць — больш карысці Расіі ад Беларусі ці наадварот. Няўмольная праўда ў тым, што залежнасць беларускай эканомікі ад Расіі цягне за сабой і залежнасць ад яе беларускай дзяржавы. Нашы суверэнітэт і незалежнасць праз гэтыя акалічнасці досыць хісткія. Ці не таму шмат хто з грамадзянаў Беларусі ўскладае свае спадзяванні на лепшы дабрабыт больш на развіццё тых ці іншых дачыненняў з Расіяй, чымсьці на пабудову Беларусі як нацыянальнай і незалежнай дзяржавы? Ні аб суверэннасці і незалежнасці, ні аб нацыянальным развіцці няма чаго і казаць, калі беларусы не навучацца самі зарабляць сабе на пражыццё. На жаль, здзейсніць гэта будзе не менш складана за абуджэнне нацыянальнай самасвядомасці.

Справа ж не толькі ў тым, што існая ўлада не наважваецца на неабходныя для эканомікі і іншага структурныя рэформы. Нават перад тым гіпатэтычным, ліберальным і рынкавым, што зменіць яе і пажадае распачаць гэтую працу, адразу паўстануць пытанні, што і як рабіць ды адкуль узяць грошы. Вельмі складаныя пытанні, якія не маюць гатовага адказу, хто б што ні казаў.

Прыкладам, спрабаваць і далей мадэрнізаваць тыя прадпрыемствы, што маюцца, альбо ад пачатку будаваць прамысловасць новага тэхналагічнага ладу?

Цяжкасці мадэрнізацыі, якая здзяйснялася ў Беларусі апошнім часам, абумоўленыя ж не адно тым, што рабілася не тымі і не гэтак, як трэба. Па меркаванні дасведчаных адмыслоўцаў, у сучаснай сусветнай эканамічнай навуцы ўвогуле няма вартых распрацовак па мадэрнізацыі эканомік для невялікіх краінаў, што развіваюцца. Парады МВФ ці Сусветнага банку даць рады праблеме не дапамогуць. Да таго ж, нават мадэрнізаваныя прадпрыемствы савецкай спадчыны не вытрымаюць канкурэнцыі з прадпрыемствамі тэхнічнага ладу 4.0, дзе пануюць 3D-прынтынг, штучны інтэлект і біятэхналогіі.

Гэта азначае, што мае сэнс будаваць новую эканоміку — з новымі прадпрыемствамі, паводле тэхналогіі новага ладу, з нуля. Але, па меркаванні Аляксандра Абуховіча, уласнікі гэтых тэхналогій задарма іх не дадуць. Уласнымі рукамі канкурэнтаў сабе не ствараюць. І купіць не атрымаецца — Кітай навучыў не прадаваць. І ці добра мы ўсведамляем, што нават «пры спрыяльнейшым збегу акалічнасцяў — наяўнасці разумення і плану, што і як рабіць, тэхналогій, грашовых і чалавечых рэсурсаў, палітычнай і грамадскай волі — эфект ад рэфармавання пачне праглядацца добра калі гадоў праз сем. І ўвесь гэты час усе выдаткі дзяржавы прыйдзецца фінансаваць па рэштавым прынцыпе». Што непазбежна выкліча сацыяльна-палітычнае напружанне ў грамадстве. І не толькі яго.


Расія з намі назаўсёды?

Аляксандр Абуховіч цалкам слушна заўважае, што «поўная незалежнасць невялікіх дзяржаў побач з буйнымі суседзямі заўжды была, ёсць і будзе ілюзіяй. Гэткім чынам ажыццяўленне нацыянальна арыентаванай эканамічнай палітыкі — складаная і працаёмкая праца. Часцяком — на грунце кампрамісаў з дзяржавамі-партнёрамі».

Мы заўжды будзем змушаныя шукаць паразумення з Расіяй. Нават тады, калі асэнсуем, што плаціць ёй за нафту з газам ці што іншае па рынкавых коштах — адзіна слушная і карысная для Беларусі пастанова. Нават тады, калі аддадзім ёй усе пазыкі да апошняга рубля, і мецьмем патрэбы ў новых пазыках. Расія заўжды будзе мець свае, адрозныя ад нашых, інтарэсы ў Беларусі. Толькі таму, што мы ёсць суседзямі, і гэтага не змяніць. Не важна, будуць гэтыя інтарэсы неаімперскімі ці прагматычна-бізнесовымі. Наш сусед як больш буйны гулец заўжды будзе імкнуцца ўплываць на нас на сваю карысць. Падобнае робяць усе вялікія краіны: што аўтарытарныя, што дэмакратычныя. Розніцы няма.

Гэта не залежная ад нашай волі дадзенасць. Але ў волі беларусаў, прынамсі, распачаць выпрацоўку плану нацыянальнай эканамічнай палітыкі ў дачыненнях з Расіяй.

Даць рады гэткай справе здатныя адно людзі з адмысловымі ведамі і кампетэнцыямі. Асобы, здольныя працаваць ва ўмовах, якія вельмі красамоўна абмаляваў кіраўнік Расійскага Сбербанку Герман Грэф па наведванні «Сіліконавай даліны» ў ЗША: «Дзве самыя галоўныя высновы, якія я вынес, парадаксальныя. Першая: на самай справе няма ніякай канкурэнцыі тавараў, прадуктаў ці паслуг. Ёсць канкурэнцыя мадэляў кіравання. Кампаніі ўжо не канкуруюць за прадукт, прадукт гэтак хутка мяняецца, што бессэнсоўна спрабаваць нешта прайграваць… Прайграць можна ўсё, што заўгодна. І можна выйграць толькі за кошт больш эфектыўнай сістэмы кіравання, якая злучае ў сабе ўсе аспекты. І ў тым ліку, і, можа быць, у першую чаргу, аспект культуры. Ні адна буйная кампанія не мае шанцаў выжыць, калі яна не трансфармуе сваю мадэль кіравання… Гэткую хуткасць нельга перадаць на словах, яе трэба перадаваць максімальна ў адчуваннях. Калі я скажу, што сённяшні год — гэта як 5 ці 7, як 10 гадоў таму, я, напэўна, не вельмі моцна памылюся. Таму што за год адбываюцца вельмі вялікія змены… Усюды канкурэнцыя… Паўсюль каласальная канкурэнцыя… Яна нарастае, яна набліжаецца і да нашага дому. І мы не пазбегнем яе. Нам трэба гэта разумець».

Прапаную прыпыніцца на хвіліначку і задумацца: а ці шмат ведаем у сваім асяродку людзей, здольных не тое што працаваць, а прынамсі, разважаць у гэткім рэчышчы? Няшмат. Лічаныя адзінкі. Падобныя людзі — адзінкавы прадукт. І не толькі ў Беларусі — па ўсім свеце. А між тым, яны ў нас маюцца. І не ўсе яны з’ехалі за мяжу. Пакуль не з’ехалі. У нечым гэтыя асобы — антыподы сярэднестатыстычнага беларуса, што пераважае ў нашым грамадстве. Жорсткая штодзённая канкурэнцыя не толькі не пужае іх, але і ёсць нормай жыцця.


Кадры вырашаюць усё!

Калі не здарыцца нейкая глабальная катастрофа, пры тэндэнцыях, што набіраюць хаду ў сусветнай эканоміцы, годная будучыня Беларусі залежыць не гэтулькі — а можа, і зусім не залежыць! — ад працы сялянаў і рабочых, колькі ад таго, у якім памеры крэатыўная супольнасць нашых суайчыннікаў здолее рэалізаваць свой патэнцыял.

Іншымі словамі, калі беларусы і надалей будуць ахвяраваць інтэлектам і ведамі на карысць уяўных роўнасці і справядлівасці, не атрымаецца захаваць нават той узровень жыцця, што маем зараз. І не толькі яго. Мажліва, праз пэўны час пад пытанне паўстануць і незалежнасць, і дзяржаўнасць.

А ўсім, хто пераймаецца лёсам беларускай мовы і праблемай умацавання нацыянальнай тоеснасці, ужо даўно варта было б скіраваць усе свае высілкі на працу менавіта з вось гэтымі адукаванымі крэатыўнымі людзьмі. Зрабіць гэтак, каб беларуская мова сталася мовай унутранай камунікацыі ПВТ, каб да яе выявілі цікаўнасць уласнікі сярэдняга і малога бізнесу, — і за яе далейшы лёс, як і за лёс Беларусі як нацыянальнага ўтварэння, можна больш не хвалявацца. Гэтую працу належала выканаць яшчэ ўчора, бо распачынаць яе заўтра можа быць запозна.

На пошукі развязання, як здзейсніць яе найлепшым чынам, і мусіла б скіравацца творчая інтэлігенцыя, што дбае пра беларушчыну. Простыя заклікі поспеху не зазнаюць. Крэатыўныя асобы на іх вядуцца мала. Калі гэтыя людзі насамрэч не адчуюць, што беларуская мова і гісторыя мусяць стацца часткай іх самасвядомасці, не адчуюць, што менавіта ў беларускай Беларусі іх сапраўдны дом, — не дапаможа нічога. Вельмі шмат іншых утульных і ўладкаваных дамоў ужо зараз гатовыя гасцінна расчыніць перад імі дзверы.

Гэткія людзі шануюць адметнасць, і самі імкнуцца вырабляць унікальны прадукт. Магчыма, варта спрабаваць звярнуць іх увагу на адметныя бакі беларускіх мовы і культуры. Прапанаваць новы погляд на іх, які арганічна злучыць у сабе былое і павевы новага часу. Беларуская мова і культура павінны перастаць атаясамлівацца з адсталай калгаснай вёскай і стаць натуральным складнікам гарадской культуры інтэлектуальнага класу, чальцы якога здольныя самі фармаваць сваю будучыню. Тады Беларусь і насамрэч будзе жыць.


На завяршэнне

Напрыканцы вярнуся да таго, з чаго пачаў: існуе апокрыф, як Аўгуста Піначэт ператварыў Чылі з краіны, у якой, як і паўсюль у Лацінскай Амерыцы заўжды буяў крымінал, у дзяржаву, дзе да нашага часу захоўваецца адзін з найменшых у свеце паказчыкаў узроўню злачыннасці. Нібыта генерал загадаў падчас усталявання дыктатуры расстраляць усіх злачынцаў, што трапілі за краты трэці раз.

Хто ведае, ці праўда тое. Але з назіранняў за сваім сённяшнім атачэннем мяркую, што першага разу ў вязніцу магчыма трапіць праз глупства ці выпадкова. З некаторым прыпушчэннем на неспрыяльны збег акалічнасцяў — і другога. Датычна ўвязненых трэцяга разу належыць прызнаць, што, мусіць, яны хранічна няздатныя да жыцця на волі. Бо яно, у першую чаргу, вымагае адказнасці за самога сябе.

Гісторыя давала беларусам шанец на стварэнне незалежнай нацыянальнай дзяржавы ў 1918 годзе. Спроба пабудаваць БНР атрымалася няўдалай.

Распад СССР у 1991 годзе дазволіў стварыць Рэспубліку Беларусь. Што атрымаецца ў выніку — мы пабачым на ўласныя вочы.

Паводле логікі, будзе і трэці шанец. Але ці будзем мы гатовыя да яго? Бо ён, бадай, можа быць і апошнім…



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!