Як ваўка назавеш, так ён і пабяжыць: выбіраем імя для ваўка разам!

Напрыканцы мінулага года грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) у межах навуковых даследаванняў пазначыла GPS-ашыйнікамі двух ваўкоў на Палессі. Прапанаваць імя для аднаго з шэрых драпежнікаў можа кожны.

Для гэтага трэба запоўніць невялікую анкету ці пакінуць каментар на старонках праекта ў фэйсбуку, інстаграме альбо УКантакце. Імя ваўку абяруць 10 лютага 2019 года.

Новы герой – дарослы воўк-адзінец. Яму тры гады, а гэта час дысперсіі (рассялення), калі самцы пакідаюць зграю і пачынаюць шукаць лепшага жыцця. У месцы, дзе ён жыве, ужо ёсць ваўчыная зграя, аднак ён да яе не належыць. Магчыма, зграя яго не прымае. А магчыма, яму самому нешта не падабаецца ў ёй. Самотнаму ваўку вельмі складана паляваць зімой, таму сілкуецца ён выключна падлай.

Як выберуць імя для другой ваўчыцы, АПБ раскажа 8 студзеня.

Даследаванні ваўкоў грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» праводзіць у межах прыродаахоўнага праекта для Палесся пры падтрымцы Франкфурцкага заалагічнага таварыства. Даведацца больш пра жыццё ваўкоў і навуковыя даследаванні праекта можна на сайце vouk.by і на старонках праекта ў сацыяльных сетках.

Паводле прэс-рэлізу

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!