Як выдаліць зуб і застацца жывым

«Выдалілі цешчы зуб, а яна праз тыдзень памерла. З іншай прычыны, але сваякі доўга пазіралі скоса». Цяжка адназначна вызначыць, падоўжыла выдаленне зуба цешчы жыццё ці скараціла, але штогод у Беларусі некалькі пацыентаў паміраюць з «зубных» і «калязубных» прычын. Гэты артыкул для тых, хто хоча выдаліць зуб, але застацца жывым.

Фота stosekretov.ru


Калі выдаляць зуб

Ідэальны момант для выдалення зуба выглядае так: вы адпачылі, добра пачуваецеся, старыя раны і хваробы маўчаць, вы нікуды не спяшаецеся, цягам наступнага тыдня вас не чакае фотасесія, вяселле, лазня, даклад на асамблеі ААН, узыходжанне на Эверэст, пагружэнне ў Марыянскую ўпадзіну і неўзараны дачны ўчастак. А на руках у вас рэнтгенаўскі здымак вашага героя ў поўны рост разам з суседзямі па зубным шэрагу.

Для жанчын ідэальны момант — калі крытычныя дні нядаўна скончыліся ці бліжэйшым тыднем не пачнуцца.


Тыповыя памылкі

Варта пазбягаць памылак на перадаперацыйным этапе. А менавіта, не трэба чакаць, пакуль зуб забаліць. Боль сведчыць пра абвастрэнне: інфекцыя сабрала вялікае войска, дачакалася, пакуль аслаблі абарончыя сілы цела, і атакуе. Вы з лейкацытамі ў меншасці. Боль у зубе, якому прысуд вынесены даўно, — гэта ўжо ўскладненне, вы рызыкуеце захварэць усур’ёз і надоўга. Акрамя таго, гэта кепскія ўмовы для анестэзіі.

Не трэба чакаць, і калі боль скончыцца. З 40 ложкаў гнойнай сківічна-тваравай хірургіі 11-й ГКБ сама мала 20 цэлы год запоўненыя тымі, у каго само не прайшло. На памяць пра марныя надзеі застаюцца бяззубыя раты і шабельныя шнары на твары. За год 1–2 чалавекі выпісваюцца праз морг.

Адзначым: калі зубны боль дапоўнілі ацёк (асабліва, калі ацёклыя ўчасткі цвёрдыя, чырвоныя і баляць), тэмпература, моцны боль пры глытанні, пры спробе разявіцца, калі кепска рухаецца альбо не змяшчаецца ў рот язык, з’яўляюцца цяжкасці з дыханнем — вашае жыццё пад пагрозай. Што кепска: у асобных выпадках чалавек можа згубіць здольнасць крытычна ацэньваць свой стан; атручэнне арганізма гноем выклікае суб’ектыўную ілюзію паляпшэння. Гэта — інтаксікацыйны дэлірый, трызненне, — і калі вы бачыце такога чалавека, ведайце: ягонае жыццё лічыцца гадзінамі.

Абавязкова папярэдзьце доктара, калі вы маеце праблемы са здароўем, а менавіта: перанеслі інфаркт ці інсульт, хіміятэрапію ці апраменьванне, маеце дыябет ці эпілепсію, цыроз печані, лейкоз ці гемафілію, арытмію, анеўрызму, цяжарнасць любога тэрміну.

Падкрэслю: мае значэнне, на што вы хварэеце і якімі лекамі ратуецеся. Да прыкладу, рэдкі дзень у нашай лякарні абыходзіцца без таго, каб сціплыя сардэчнікі, якім прызначаны варфарын, не прыязджалі з бледным тварам і поўным ротам крыві. А трэба было папярэдзіць хірурга, здаць аналіз на хуткасць згусання крыві, пры патрэбе — пад наглядам кардыёлага перапыніць прыём варфарыну, знізіць дозу ці замяніць.

Яшчэ адна памылка: не буду есці, каб… (не званітаваць, мець чыстыя зубы, не патыхала з рота).

Голад + смага + страх + лекі + страта крыві = агульная слабасць. Можна страціць каардынацыю ці нават знепрытомнець. А значыць, атрымаць траўму: разбіць твар ці галаву, зламаць сківіцу ці іншую костку, параніцца аб шкло, пабіцца аб пліту, станок — падзенне небяспечнае і ў лекавай установе, і на вуліцы, і ў транспарце, і дома, і на працы.

Страта прытомнасці можа суправаджацца сутаргамі.

Рэальнасць беларуса выглядае так: прамучыцца з хворым зубам некалькі дзён без нармальнай ежы ды сну, на пачках абязбольваючых, пайсці а пятай за талонам на другую змену, адмучыцца палову дня на працы, збегчы ў паліклініку, адседзець чаргу да кабінета, атрымаць накіраванне на рэнтген, адседзець чаргу, дачакацца здымка, адседзець чаргу, перанесці аперацыю і пачуць… Правільна: 2 гадзіны не есці!

Нават калі на зуб не накусіць ад болю — выйсцяў процьма: любыя віды дзіцячага харчавання, канцэнтраваныя булёны ці разведзеныя пюрэ, каларыйныя напоі — смакчыце праз саломінку. Марозіва з’ешце: холад дапаможа часова зменшыць ацёк, цукар ды тлушч падтрымаюць сілы, эндарфіны падымуць настрой (адзінае выключэнне — перад агульным наркозам).

 

Дзе выдаляць зуб

Там, дзе вы давяраеце лекару. Добры лекар — не той, хто робіць, як падабаецца вам, а той, хто даступна тлумачыць, што для вас лепей. Выбар лекавай установы і спецыяліста за вамі.

Плюс, які цяжка пераацаніць, — магчымасць на месцы зрабіць рэнтген.

Варта ўлічваць: аперацыя выдалення зуба можа запатрабаваць шчыльнага назірання ў пасляаперацыйным перыядзе (удакладніце, за чый кошт будуць перавязкі). Спытайце, ці выдадуць вам лісток непрацаздольнасці (калі для вас тое актуальна).


«Усыпіце мяне!»

Наркоз — гэта падарожжа на той свет без гарантыі вяртання.

Паказанні: дзеці да 5 гадоў, псіхічна хворыя, алергікі, якім нельга падабраць прэпарат для мясцовай анестэзіі нават пад прыкрыццём гармонаў. Выпадкі, калі аперацыйнае поле вялікае, і такая колькасць ушпіленых лекаў можа быць таксічнай (неабходна некалькі разрэзаў з глыбокім пранікненнем).

Ваш выбар мусіць супасці з выбарам спецыяліста-анестэзіёлага, які адказвае за вашае жыццё. Дантысту, па вялікім рахунку, пляваць, спіце вы ці дрэмлеце. Наркозам ведаюць анестэзіёлагі, але яны могуць толькі перавезці вас на той бок Леты. Вяртацца будзеце з Боскае ласкі (назавіце гэта тэорыяй верагоднасці, таксама ок). Як казаў д’Артаньян, не турбуйцеся, спадарове, назад мы вернемся не ўсе.

Ну, вось вы і ў крэсле. Выдаленню зуба папярэднічае анестэзія. І так павінна быць у кожным разе. Калі ад пацыента патрабуецца гераізм — значыць, у доктара адсутнічае прафесіяналізм.


Не бярэ анестэзія

Замарозка «не бярэ» з розных прычын. Напрыклад, з-за адсутнасці даверу да канкрэтнага лекара (прычына значэння не мае).

Яшчэ прычына — лекар рэдка практыкуецца ў тэхніцы анестэзіі, таму коле не туды. Сучасныя лекі і шпрыцы дазваляюць рабіць анестэзію каля зуба, пры гэтым рызыка ўскладненняў мінімальная, дый прэпарату трэба менш. Але прыйдзе той пацыент, якому трэба больш глыбокая анестэзія, а яе апошні раз лекар рабіў у студэнцтве… і не сам.

Трэцяя прычына — казуістычная: гэтаму пану гэты лек што вада (насамрэч, нават у наркаманаў анестэзія наступае, хоць успрымаецца не так выразна), альбо гэта — чалавек-амфібія, і нервовыя ствалы ў яго ідуць невядомым фантастычным чынам. Іншых прычын, на маю прафесійную думку, няма. Ёсць адно «але»: усё ж анатомія розніцца, і нават дасведчаны лекар можа з першага разу выключыць толькі частку нервовых ствалоў. Але прафесіянал адчувае, як укалоць другі раз, каб не спатрэбіўся трэці — восьмы і г.д.

Анестэзія зубоў наступае не адразу, не імгненна. Чым таўсцейшы нервовы ствол, тым даўжэй. Зверху хутчэй, чым знізу. Спераду — хутчэй, чым ззаду (анатамічныя нюансы). Калі мозг прызвычаіцца, можа з’явіцца адчуванне, што анестэзія заканчвае дзейнічаць. Сучасныя прэпараты выключаюць нервы на некалькі гадзін.

Анестэзія выключае не ўсю адчувальнасць, а боль. Як правіла, вы адчуваеце дотык, ціск. Не прымайце гэта за боль: вы прысутнічаеце на аперацыі, мозг, які атрымлівае скажоную інфармацыю, злёгку панікуе і спрабуе вытлумачыць карціну на свой лад. Нехта можа літаральна не адчуваць, ці ёсць у яго вусны, але, дакрануўшыся языком, спалохацца: я ўсё адчуваю! Гэта натуральна: язык жа не адмарожаны.

Існуюць канкрэтныя крытэры наступлення канкрэтнай анестэзіі, яны залежаць ад таго, які нерв выключаецца. Калі вам абязболілі верхні зуб, не чакайце, што занямее язык, як у суседа, якому абязболілі ніжні зуб. Увогуле, не прымярайце на сябе суседскую скуру. Пры абязбольванні ніжніх задніх і бакавых зубоў у вас можа з’явіцца здранцвенне, адчуванне «мурашак» і г.д. на баку анестэзіі: у палове ніжняй губы, вобласці кута рота, шчацэ, зубах і дзяснах, кончыку ці краёчку языка. Гэта класіка.

Бонусам у асобных шчасліўчыкаў ідзе: здранцвенне вушной ракавіны, сценкі глоткі, вока — аж да немагчымасці заплюшчыцца. Гэта варыянты нормы, усё пройдзе разам з анестэзіяй. Здараецца такое і пры абязбольванні верхніх зубоў мудрасці.

Фразу «дзве гадзіны не есці», да сэнсу якой я буду вяртацца ніжэй, трэба ўспрымаць так: «2 гадзіны не есці, і нават даўжэй, пакуль не адновіцца адчувальнасць у роце». Іначай вы рызыкуеце сябе моцна ўкусіць, бываюць глыбокія раны.

У рэдкіх выпадках боль усё ж адчуваецца, як правіла, калі зуб балеў працяглы час. Гэта хімія: кіслы асяродак запалення не спрыяе працы анестэтыку. Скажыце лекару, у які момант вам баліць. Калі можна нешта з гэтым зрабіць, ён зробіць.

У тых, хто панікуе, анестэзія як след возьмецца на аўтобусным прыпынку па дарозе дамоў. Яно вам трэба? Значыць, не панікуйце.

Не думайце, што для выдалення зуба патрэбна сіла. З таго моманту, як з’явіліся хірургічныя стаматалагічныя прылады, хірургу-стаматолагу патрэбная толькі сіла волі, астатняе вырашае тэхніка і кантакт з пацыентам.

Веданне анатоміі плюс адчуванне фізікі працэсу, плюс кантакт з пацыентам ёсць выдаленне зуба.

Калі любы са складнікаў замяніць на фізічную сілу, сума зменіцца ці на «траўматычнае выдаленне зуба з наступствамі» альбо на «выдаленне зуба іншым хірургам», як пашанцуе.


Ускладненні стаіліся ў кустах

Дапусцім, вы ўсё яшчэ жывыя. Не расслабляйцеся: цешча цэлы тыдзень думала, што жывая. У параўнальна здаровых людзей могуць быць два пасляаперацыйныя ўскладненні: інфекцыя на маршы і кровацячэнне.

Не, вам не «занеслі інфекцыю». Вы з гэтай інфекцыяй жывяце з той секунды, як ваша маці ўпершыню аблізала вашую дунду. Проста маніфестуе інфекцыя не круглыя суткі, а пры зручным выпадку. Выдалены зуб нічога не гарантуе. Пакінуты хворы зуб гарантуе пагаршэнне. Такі расклад.

Самае бяскрыўднае ўскладненне — пустая лунка. Ідэальны варыянт — лунка пасля выдалення запоўнілася крывёй, кроў згусцілася ў жоўценькі фібрын — найлепшая біялагічная павязка, пад якой усё зажывае быццам на сабаку.

Парады дзве гадзіны не есці, рот не паласкаць, зубы не чысціць, не перанапружвацца, у лазню не хадзіць, цяжкое не падымаць і г.д. скіраваныя на захаванне фібрынавай плёнкі і папярэджанне кровацячэння.

Існуюць антыбіётыкі ды антысептыкі, тут проста слухайце лекара.

Гэта што тычыцца інфекцыі.

Разбяром прычыны кровацячэння з лункі выдаленага зуба. Гэта: падвышэнне артэрыяльнага ціску (АЦ); парушэнне сістэмы згусання крыві, глабальнае (хваробы ці лекі — ХЛ); лакальнае (механічнае пашкоджанне згустку — МП); пашырэнне сасудаў (ПС).

Фізічная нагрузка = АЦ. Гарачы душ, лазня = ПС. Стрэс = АЦ. Паласканне, чыстка зубоў = МП.

Залезлі ў лунку языком ці пальцам = МП. Выпілі аспірын ці цытрамон — ХЛ. Прынялі алкаголь = ПС.

Гарачая ежа ці пітво = ПС. Пад’елі, не счакаўшы дзве га­дзіны, = МП.

Перачытайце абзац пра ідэальны момант для выдалення зуба. Усё вельмі проста, праўда?


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!