Як выглядае кветнік коштам 11 тысяч рублёў?

У рэдакцыю Зялёнага парталу трапіў каштарыс «на выкананне рамонтна-будаўнічых работ» па ўладкаванні кветніка па адрасе вул. Жудро, 37, 39 у Мінску. Выніковая сума па каштарысе — 11 158,35 рублёў.
Усё аказалася ў стылі саркастычна мема «чаканне vs рэальнасць»: на ўчастку паміж дамамі нас чакаў не цуд ландшафтнага дызайну, а самая звычайная і не надта прывабная клумба.

Адразу абмовімся, што атрымаць каментары інжынера Заграбайлавай, якая падпісала каштарыс, майстра ўчастка ці ўвогуле хоць каго-небудзь з ЖЭС №53 або ЖКГ №2 нам не ўдалося: спачатку нам паведамлялі, што супрацоўнікі, якія маглі б пракаментаваць сітуацыю, паехалі на аб'ект, а потым перасталі адказваць на званкі.


Чаканне


Згодна з каштарысам, для кветніка былі закуплены іглічныя расліны і кветкавая расада: пяць саджанцаў туі, пяць саджанцаў ядлоўца, расада хосты (200 штук), расада астыльбы арэндса «Сільвер Пінк» (200 штук), расада прымулы «чырвоная мініяцюрка» (220 штук) , расада ачытка «лідыйскі» (800 штук) і расада каменяломніку арэндса (220 штук). Усяго, такім чынам, павінна было быць высаджана больш за паўтары тысячы раслін.

Вось як выглядаюць гэтыя расліны:

rastenievod.com

rastenievod.com

7ogorod.ru

crocus-vl.ru

moroznik.by

baltiya-garden.ru

rastenievod.com

Рэальнасць


З гэтых раслін можна было б зрабіць сапраўды добры кветнік, але ... У рэальнасці ўсё аказалася куды больш сумна, чым мы маглі чакаць. Адзіны аб'ект, які можна было б назваць «кветнік па адрасе вул. Жудро 37,39 », выглядае вось так:


На ім толькі дзве з дзесяці заяўленых іглічных раслін, ды і астатніх відавочна менш, чым паўтары тысячы. Больш за тое, відаць, што ў рэальнасці высаджаны не тыя расліны, якія былі заяўлены ў каштарысе.

Як так магло атрымацца? Варыянтаў маса: гібель раслін з-за адсутнасці дагляду, крадзеж ужо высаджаных раслін, нядбайнасць выканаўцаў ці нават адмыванне грошай.

Але якой бы ні была рэальная прычына такіх адрозненняў паміж заяўленым і рэальным, выглядае ўсё гэта сумна. І, вядома, узнікае пытанне, кім і на што былі выдаткаваныя названыя ў каштарысе сродкі (нагадаем, гаворка ідзе пра 11 тысячаў рублёў). На якім этапе работ усё пайшло не так? Ці былі гэтыя марнаванні абгрунтаваныя? Застаецца здагадвацца.


На чые сродкі быў зроблены кветнік па адрасе вул. Жудро 37,39, невядома. Але ў цэлым азеляненне двароў у Мінску адбываецца не толькі за кошт сродкаў бюджэту. Пра тое, што мінчукам прапаноўваюць даплаціць за добраўпарадкаванне двароў, вядома даўно: пра гэта казалі яшчэ ў 2012 годзе і працягвалі пасля.

Улетку 2018 года начальніца аддзела землеўпарадкавання і капрамонту дваровых тэрыторый «Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі» Галіна Гілевіч заяўляла, што плануецца прыцягнуць больш за мільён рублёў з асабістых сродкаў мясцовых жыхароў. На думку спецыялісткі, такі падыход дапамагае захоўваць двары ў лепшым стане, таму што людзі больш акуратна ставяцца да таго, за што самі заплацілі.


Па словах Віталя Курца, галоўнага спецыяліста аддзела па добраўпарадкаванні і санітарным утрыманні жылфонду «Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі», з пачатку 2019 года гараджане патрацілі на добраўпарадкаванне прыдамавых тэрыторый больш за 230 тысяч рублёў і зрабілі гэта па сваёй ініцыятыве.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!