Як выглядае месца лагеру абаронцаў Курапатаў сёння? Фотафакт

Плот стаіць па-ранейшаму, затое сцягі ды крыжы зніклі.

Лагер абаронцаў урочышча прастаяў два тыдні, а ў панядзелак 6 сакавіка быў згорнуты ўзамен на абяцанні інвестара Анішчанкі канчаткова спыніць будоўлю ды прыбраць вакол яе плот. Абаронцы Курапатаў сваю частку дамовы выканалі, чаго не скажаш пра забудоўшчыка і Зеленбуд.

Зараз на месцы лагеру ўжо амаль нічога не нагадвае пра двухтыднвае супрацьстаянне. Крыжы, ўкапаныя фактычна на мяжы колішняй ахоўнай зоны ўрочышча, зніклі на наступны ж дзень пасля зняцця лагеру. Роўна як і сцягі, якія луналі над МКАДам.

Дзіўна, што на сваім месцы, то бок на будаўнічым плоце, засталіся партрэты рэпрэсаваных, плакаты ды малюнкі, вывешаныя пратэстоўцамі. Засталіся нават постэры з выявамі НКВДыстаў ды апеляцыямі да хвалебных выказванняў у бок чэкістаў міністра ўнутраных справаў Шуневіча.

Ніякага бруду ды смецця пасля сябе абаронцы не пакінулі. Намёты, будаўнічыя паддоны ды лагерны рыштунак актывісты вывезлі «да наступнага разу». Вопратка і тэрмасы, якія прыносілі людзі, апынуліся на сядзібе БНФ (вул. Чарнышэўскага, 3): там менчукі могуць іх забраць назад. Рэчы, якія не будуць забраныя гаспадарамі, актывісты плануюць перадаць на патрэбы бяздомных.

Фота: Андрэй Мельнікаў

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: