Як выжыць за кратамі і захаваць здароўе

У Беларусі на 12 сакавіка 285 палітычных вязняў. Затрыманых па крымінальных артыкулах, звязаных з падзеямі пасля выбараў, у некалькі разоў больш. Крымінальных спраў каля тысячы. Свабода распытала былых зняволеных, як захаваць за кратамі фізічнае і псіхалагічнае здароўе.


Зміцер Дашкевіч: Самае кепскае, што разрываюцца сем’і

Зміцер Дашкевіч быў асуджаны па крымінальных артыкулах у 2006 і ў 2011 годзе. Агулам правёў за кратамі некалькі гадоў. Найбольш цяжкім у зняволенні ён называе «разрыў з сям’ёй»

«Людзі пакутуюць, калі не бачаць родных, калі не бачаць сваіх дзяцей. На гэтым фоне фізічныя пакуты адыходзяць на другі план. За кратамі могуць абвастрацца праблемы са здароўем. Часам 20 хвілін спіш, 20 хвілін ад падлогі адціскаесся, каб кроў разагнаць. Там важна заставацца свабодным у думках, жыць свабодай, а ня зонай, гартавацца духоўна. Фізічны стан абумоўлены нашым псіхалагічным станам. Трэба думаць пра сваё жыццё на свабодзе. Вельмі важна лісты атрымліваць, іх значэнне немагчыма перабольшыць, гэта магутны стымул для маральнага ўмацавання», — кажа Зміцер Дашкевіч.

За кратамі, каб падтрымліваць фізічную форму, ён раіць рабіць практыкаванні «раніцай і ўвечары», калі гэта дазваляюць умовы ў камэры.

Міхаіл Жамчужны: «Трэба нікога не баяцца і смела глядзець іншым у вочы»

Міхаіл Жамчужны — праваабаронца і навуковец, нядаўна вызваліўся з-за кратаў пасля 6,5 года зняволення. Раней, у 2006 годзе, быў асуджаны на 5 гадоў зняволення. Агулам адбыў за кратамі 11 гадоў.

На ягоную думку, «самае складанае за кратамі — не баяцца».

«Многія людзі пужаюцца, ня ведаюць, як сябе паводзіць. Трэба смела глядзець у вочы і міліцыі, і іншым асуджаным, трымаць на ўзроўні свой гонар. Тады будуць паважаць. Нельга прыніжацца і прыстасоўвацца. Я так прайшоў 11 гадоў калоній», — кажа Міхаіл Жамчужны.

Паводле Міхаіла Жамчужнага, у зняволенні «вельмі цяжка з медыцынай і лекамі». Таму важна «берагчы здароўе і не правакаваць хваробы».

«Трэба трымаць імунітэт у форме, ужываць вітаміны, кальцый. Такая магчымасць у калоніі ёсць, для перадачаў неабмежаваная колькасць гародніны і садавіны. Трэба спортам займацца. Важна, каб быў добры настрой. Нават у адзіночнай камеры можна адціснуцца, зрабіць нейкія практыкаванні. Рэкамендую дыхальныя практыкаванні, надта мучыць сабе спортам у камеры не варта. Не трэба сядзець на халодных лавах ці падлозе. Варта больш хадзіць, у камерах малой плошчы гэта варта рабіць узад-уперад, не рабіць кругавых крокаў, а то могуць пацярпець суставы», — раіць Міхаіл Жамчужны.

Сваякам асуджаных ён раіць не пісаць у лістах пра свае перажыванні, бо чалавеку ў зняволенні «неабходныя станоўчыя эмоцыі». Палітзняволеным важна ведаць «пра дзяцей, пра надвор’е». А вось палітычную інфармацыю ў лістах «пісаць не варта».

Шмат перадач таксама «не трэба», а «лепш перавесці грошы на рахунак», бо ў турме ўсе прадукты можна набыць. Лепш перадаваць «гародніну і садавіну», гэта больш захоўваецца.

Каб не ўпадаць у дэпрэсію, трэба «разумець, за што вы седзіце».

«Трэба разумець, што вы не бандыт, вы змагаецеся за свае інтарэсы і інтарэсы іншых людзей. Пра гэта трэба з гонарам казаць іншым асуджаным. Зняволеныя з павагай ставяцца да палітзняволеных. Пры гэтым сябраваць са злачынцамі не варта. Трэба трымацца бліжэй да спартоўцаў, яны не даюць сваіх у крыўду. Трэба сачыць за гігіенай, за чысцінёй. Ва ўсіх зонах бойкамі вырашаць справы не прынята, не павінна быць фізічнага ўздзеяння. Калі што — можна звярнуцца да наглядчыка, яго справа — разбірацца ў канфліктах», — раіць Міхаіл Жамчужны.

Ларыса Жыгар: «Вялікая падтрымка — гэта сваякі»

Стваральніца руху «Маці 328» Ларыса Жыгар займаецца праблемамі асуджаных па «антынаркатычным» артыкуле 328. Гэтая ініцыятыва аб’ядноўвае 1,5 тысячы бацькоў.

Паводле Ларысы Жыгар, адно з галоўных для зняволеных — гэта падтрымка сваякоў.

«Найперш — гэта падтрымка блізкіх. Гэта і перадачы, і лісты, і спатканні. На жаль, цяпер спатканні не так часта. Зусім па-іншаму чалавек пераносіць зняволенне, калі ён адзін. Важная моц характару, ад гэтага шмат залежыць. Могуць пагражаць, прымушаць прызнаць віну. З медыцыны там — таблетка анальгіну ці аспірыну, таму трэба сябе гартаваць, даваць фізічную нагрузку. У шматлікіх папраўчых установах ёсць спартовыя пляцоўкі. Мы ня раз звярталіся, каб адміністрацыя калоній улічвала, што цяпер XXI стагоддзе, каб людзі маглі нармальна жыць у месцах зняволення», — кажа Ларыса Жыгар.

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: