
У выніку амаль усіх, акрамя непаўналетніх дзяцей і маладых
маці, якіх адпусцілі, сёння пачалі судзіць, прызначаючы суткі і штрафы, распавядае «Наша Ніва».
Менеджарка гурта «РСП» Настасся Доль, што вызвалілася з жодзінскага ізалятара
са штрафам у 30 базавых, распавяла падрабязнасці таго вечара.
Падобныя канцэрты на турбазе «Аганёк» праходзілі і раней,
але ўпершыню сталі мішэнню для міліцыі. Некалькі сцягоў, канфіскаваных у людзей
пры затрыманні, міліцыянеры адразу кінулі на падлогу.
«13 лютага ў 20.00 пачала спяваць LEAR. Пасля яе на сцэну
выйшлі хлопцы з «РСП». Яны паспелі выканаць усяго адну песню «Бег», як у
памяшканне ўварвалася каля 30 амапаўцаў і іншых супрацоўнікаў міліцыі. Яны
нічога не тлумачылі, проста загадалі ўсім стаць тварам да сцяны і пачалі
забіраць у людзей тэлефоны», — згадвае Настасся.
Яна кажа, што першыя хвіліны гледачы і артысты думалі, што
адбываецца шоу ад «РСП», нейкая тэатральная пастаноўка, якая хутка скончыцца.
Але неўзабаве стала зразумела, што ўсё гэта па-сапраўднаму. Амаль усіх
удзельнікаў адвезлі ў Смалявіцкае РАУС, дзе яны прасядзелі ў актавай зале да
наступнага дня.
«Мы пастаянна чулі там ад супрацоўнікаў міліцыі іх версію
падзей: што мы сабраліся на несанкцыянаванае мерапрыемства, каб выказваць сваё
незадавальненне дзейнай уладай. На нас склалі пратаколы пад капірку — 1-я
частка артыкула 23.34 КоАП. Мяне і ўдзельнікаў гурта павезлі ў жодзінскі
ізалятар каля 17.00 14 лютага. З моманту затрымання нас, вядома, не кармілі.
Але хаця б вадзілі ў прыбіральню, дзе мы маглі піць ваду з-пад крана. Толькі
вечарам наступнага дня ўжо ў Жодзіна далі кіслай капусты».
У камеры на восем месцаў Настасся апынулася яшчэ ў кампаніі
чатырох дзяўчат.
«Гэта вельмі яркі ўспамін, бо мы былі ў пальчатках, паліто і
куртках, але ніяк не маглі сагрэцца. Усе прачыналіся ад холаду: матрацаў не
было, мы спалі на жалезных нарах. А батарэя грэла зусім слаба», — расказвае
Настасся.
Суд над Настассяй цягнуўся каля пяці хвілін, і яна шчыра
здзівілася, што ёй далі штраф. Яе калегам пашанцавала менш: ужо вядома, што
спявачцы LEAR і клавішніку, вакалісту «РСП», акцёру Паўлу Гарадніцкаму і
басісту Андрэю Асіпчыку прысудзілі 15 сутак.
Чаму АМАП «накрыў» канцэрт? Настасся кажа, што самі
міліцыянеры намякалі, што іх «здалі» з фармулёўкай «там будзе адбывацца нешта
забароненае». Пры тым, што раней праблем з канцэртамі на гэтай жа базе
адпачынку не было, у такім фармаце вечарыны праходзілі там ужо не першы раз.
«Нібыта гэта звязана са зменай уласніка пункта. Але гэта ўсё
выключна падазрэнні», — каментуе Настасся.