Як змяніць «устойлівае няўстойлівае» развіццё краіны?

Грамадскія актывісты і журналісты ў Мінску абмеркавалі «ўстойлівае няўстойлівае развіццё краіны».

«Грамадзянская супольнасць у Беларусі: давер і ўдзел насельніцтва, асаблівасці ўзаемадзеяння з уладнымі структурамі дзеля мясцовага развіцця» — пад такой назвай 23 лютага ў Мінску адбылося пасяджэнне прэс-клуба, арганізатарамі якога выступілі грамадская культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!» і Цэнтр даследавання грамадскага кіравання SYMPA ў межах праграмы «Разам да справы».

Наколькі мясцовыя жыхары ангажаваныя ў працу грамадскіх арганізацый? Якім чынам павялічыць цікавасць грамадзянаў да грамадскіх арганізацый? Як узаемадзейнічаць з медыя і дзяржаўнымі ўстановамі? Якім чынам грамадскія актывісты могуць садзейнічаць устойліваму развіццю краіны? Пытанняў, якія абмяркоўвалі ўдзельнікі сустрэчы, было шмат.

Таццяна Кузіна, эксперт у галіне партысіпатыўнага кіравання, прэзентавала вынікі комплекснага сацыялагічнага даследавання, якое праводзілася ў межах «Разам да справы» па ўсёй Беларусі ў снежні 2017 года. У ім удзельнічалі 1250 чалавек. Даследаванне выявіла высокі ўзровень недаверу насельніцтва як да дзяржавы, так і да недзяржаўных грамадскіх арганізацый. Нашы грамадзяне спадзяюцца самі на сябе, а моладзь болей, чым сталае пакаленне, схільная да індывідуалізму. Толькі 1 адсотак суграмадзян прытрымліваецца погляду, што дзяржаве трэба «ставіць палкі ў калёсы». Больш за 80 адсоткаў апытаных палічылі, што дзяржава і дзяржаўныя арганізацыі — асноўныя суб’екты палітыкі. 55 адсоткаў грамадзян выказаліся за актыўны ўдзел насельніцтва ў працы дзяржавы.

Пры гэтым мала хто з апытаных выказаў гатоўнасць праяўляць грамадскую актыўнасць. Часцей за ўсё гучалі такія аргументы для няўдзелу: «няма часу», «трэба мець прафесійныя навыкі для грамадскай актыўнасці».
Невялікая колькасць людзей заявіла, што калі ў арганізацыі зразумелыя і канкрэтныя мэты і калі яна блізкая да дому — яны могуць паўдзельнічаць.

Даследаванне выявіла, што ўлады і грамадскія арганізацыі па-рознаму ставяцца да ўзаемадзеяння. Часцей за ўсё ўлады разглядаюць грамадскія арганізацыі як перашкоду ў сваёй дзейнасці, не гатовыя з імі супрацоўнічаць, а калектыўныя звароты разглядаюць не як інструмент дзеяння, а як форму грамадскага апытання.

Алег Сівагракаў, эксперт па ўстойлівым развіцці, спрабаваў крыху змякчыць негатыўныя ўражанні ад вынікаў даследавання. Ён падараваў удзельнікам прэс-клуба сваю кніжку «100 крокаў да ўстойлівага развіцця нашага мястэчка». Прывёў пазітыўныя прыклады грамадскага актывізму ў краінах Заходняй Еўропы.

— У Нідэрландах пра гэта не патрэбна гаварыць — там у некамерцыйным сектары заняты 15 адсоткаў насельніцтва. У Германіі, Ірландыі і Даніі — каля 12,5 адсоткаў. Праз арганізацыі грамадзянскай супольнасці ў многія краіны ідуць вялікія грошы, — зазначыў эксперт. — У нашай краіне арганізацыі грамадзянскай супольнасці не ўспрымаюцца насельніцтвам і ўладамі як структуры, якія ўплываюць на рэгіянальнае і мясцовае развіццё. Тым не менш, у 2014 годзе яны прыцягнулі ў нашу краіну каля 50 мільёнаў долараў.

Звышцэнтралізаваная сістэма кіравання пры слабым мясцовым кіраванні, дазваляльная сістэма рэгістрацыі міжнароднай дапамогі, адсутнасць заканадаўства аб дабрачыннай дзейнасці, бяздзейнасць сацыяльнай дамовы — асноўныя хібы, што перашкаджаюць прытоку грошай на праграмы па ўстойліваму развіццю.

— У нямецкай вёсцы на 800 чалавек — 11 грамадскіх арганізацый, у галандскай — 100 валанцёраў рознага ўзросту на 1000 жыхароў. Чаму? Бо людзі хочуць развівацца. Пры гэтым віды валанцёрства бываюць зусім простыя — накшталт паглядзець суседскае дзіця, дапамагчы перасунуць стол, навучыць дзяцей вязаць, пачытаць суседскім дзецям кніжкі і гэтак далей.

На думку эксперта, даўно наспеў час на нацыянальным узроўні ажыццявіць лакальныя рэформы. Спачатку можна хаця б у выглядзе эксперыменту дазволіць некалькім раёнам самакіраванне, распараджэнне рэсурсамі, ініцыятыву. У якасці прыкладу ён прывёў аднаўленне разбуранага вайной горада Быхава падчас ВКЛ. Каб паўстаць з руін гораду дазволілі 10 гадоў не плаціць падатак у казну, а таксама на патрэбы горада праводзіць штогадовы кірмаш.

Таксама трэба перагледзець канцэпцыю муніцыпальнай палітыкі і ўвесці адказнасць чыноўнікаў за дзеянні на шкоду НДА. На мясцовым узроўні патрэбна мець распрацоўкі стратэгій устойлівага развіцця, стварыць спрыяльны клімат для НДА, захоўваць пратаколы паседжанняў дэпутатаў.

На погляд эксперта, патрэбна распрацоўка чакаемага вобраза будучыні — што мы хочам праз 10-15 гадоў?

Далейшая дыскусія выявіла, што абыякавасць нашых грамадзян і праблема ўстойлівага развіцця для грамадскіх актывістаў не навінка.

Дзяніс Кобрусеў, які ўзначальвае ініцыятыву «Генплан для мінчан», выказаў думку, што пакуль не зменіцца характар улады, устойлівае развіццё нашых гарадоў і вёсак немагчыма.

Дамоўленасці парушаюцца з прыходам новых адміністрацый, — распавёў актывіст. — Мы, як грамадская арганізацыя, для мясцовых уладаў не патрэбныя. Ім лепш, каб з боку грамадства не было ніякіх прапаноў. Мы запатрабаваны ўладамі толькі тады, калі з’яўляецца магчымасць для інвестыцый, якія мы не ў стане кантраляваць.

Голас з залы: Я жыву ў вёсцы. Улада такая, як і мы. Жыхары чакаюць ад уладаў, што яны зробяць, а ўлады чакаюць ад жыхароў, каб яны самі вырашылі праблемы. Мы самі знайшлі для сваёй вёскі брэнд, магчымасці для развіцця.
Голас з залы: Немагчыма ўстойлівае развіццё пры цяперашняй ўладзе, якая заўтра можа страціць незалежнасць сваёй краіны.
Голас з залы: Адэкватнасць, прафесіяналізм і аўтарытэт — гэта тое, што патрэбна актывістам, каб заваяваць давер людзей.

Аліна Нагорная падзялілася досведам узаемадзеяння з уладамі Слуцка. Яе досвед камунікацыі з мясцовымі ўладамі Слуцка паказвае, што яны не зацікаўлены ў пазітыўных зменах гораду на карысць гараджан.  

 — У параўнанні з папярэднімі гадамі можна бачыць, што ўлады сталі з аднаго боку больш ісці насустрач, часам нават падтрымліваць некаторыя ініцыятывы, але ў той жа час і ствараць перашкоды, —  гаворыць Аліна Нагорная. — Як прыклад можна назваць пазітыўнае стаўленне да курсаў «Мова нанова», але ў той самы час адмову прадаставіць памяшканне для іх правядзення па надуманых прычынах. Або дазвол на правядзенне канцэрту ў гонар Слуцкага збройнага чыну, але ў той жа час стварэнне для арганізатараў канцэрту цяжкіх фінансавых і тэхнічных умоў для яго правядзення. Толькі рэальнае самакіраванне і выбарнасць гарадскіх уладаў дазволяць вырашыць пытанне аб устойлівым развіцці Слуцка на карысць горада і гараджанаў.


Напрыканцы Таццяна Кузіна падсумавала вынікі дыскусіі:

«У нашых умовах патрэбны звышмагчымасці, каб мець устойлівае развіццё. Практыкі паспяховыя ёсць, але яны патрабуюць каласальных сіл. У іншых краінах гэта магчыма пры меншых высілках і за больш кароткі час. Пра беларускую сітуацыю можна сказаць так: «Устойлівае няўстойлівае развіццё».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!