Як зрабіць свой двор птушыным?

Сёлета 10 мая свет святкуе Міжнародны дзень птушак, якія мігруюць. Гэтая дата — выдатная нагода паназіраць за крылатымі ў іх прыродным асяроддзі. Але, каб убачыць іх, зусім не абавязкова пакідаць гарады. 


Калі прыкласці некаторыя намаганні, цікавыя віды птушак можна прывабіць нават да шматпавярховага дома.


Асноўнае, што патрэбна птушкам для засялення, — кормвада (для піцця ды купання) ды месца адпачынку. Для большасці відаў істотным фактарам таксама з'яўляецца наяўнасць шматгадовых дрэваў, кустоўя ды іншай расліннасці.


Па-першае, з ежаю ў цёплы час крылатыя хутчэй за ўсё справяцца самі, але мы ведаем, што добра зробленых кармушак шмат не бывае: іх нескладана нарыхтаваць загадзя на восень ды зіму. Меркаванні арнітолагаў наконт падкормкі птушак улетку разыходзяцца: адны лічаць, што дадатковая ежа дапамагае бацькам выгадаваць птушанят, а другія — што дзіцяняты такім чынам могуць не навучыцца здабываць корм самастойна і маюць больш шансаў загінуць у халады. Гэтыя палярныя погляды не дагматычныя, таму выбірайце на свой густ: вешаць у летні час кармушку ці не. Калі вы ўсё ж рашыліся, то вам ёсць з чаго выбраць: зрабіць просты варыянт ці больш арыгінальныя адпаведнікі, стварэнне якіх цудоўна пасуе для сумеснай сямейнай працы.




Па-другое, у цёплую, засушлівую пару года птушкі пакутуюць з-за адсутнасці вады часам болей, чым зімой з-за недахопу ежы. Таму старайцеся, каб у вашым двары заўжды была крыніца з чыстай вадою, улетку гэта сапраўды вельмі актуальна.


Самы просты варыянт купальні ды паілкі адначасова — выставіць на двары не вельмі глыбокі латок пад расаду, напоўнены вадой. Не забывайцеся, што ваду ў ім трэба мяняць пастаянна, каб яна не застойвалася. Можна таксама пакласці ўнутр чысты камень — гэта абароніць паілку ад моцнага ветру. А калі хочацца больш эстэтыкі, можна пашукаць цікавыя варыянты тут.


Купальня ды паілка адначасова

Купальня ды паілка адначасова


А вось асноўныя віды дамкоў, якія можна размясціць у сваім двары:




Круцігалоўка. Фота Дзмітрыя Якубовіча

Круцігалоўка. Фота Дзмітрыя Якубовіча



Сіняя сініца

Сіняя сініца


Тут можна прачытаць болей пра асаблівасці будавання птушыных дамкоў.


 

Некалькі важных парад:


  • Па магчымасці не стаўце дамкі ды купальні на зямлю ды сукі дрэваў, а вешайце: так птушкі будуць больш абароненыя ад драпежнікаў. Рэкамендаваная вышыня размяшчэння — 2-3 метры, на тоўстым дрэве без сукоў унізе. Старайцеся, каб пры гэтым само дрэва і кара не былі пашкоджанымі.

  • Вешаць дамок трэба ўваходам на паўднёвы бок. Ён мусіць быць злёгку нахіленым наперад, а ўнутраныя сценкі лепш пакінуць неадшаляванымі, шурпатымі — так птушке будзе лягчэй выбірацца. Збівайце дамок вельмі шчыльна — птушкі пазбягаюць скразнякоў.

  • Не забывайцеся і пра тое, што адной з самых вялікіх небяспек у горадзе для крылатых з'яўляюцца каты. Менавіта яны прыносяць самую вялікую шкоду папуляцыям.



Кот у ашыйніку з бубенчыкамі

Кот у ашыйніку з бубенчыкамі


Што можна зрабіць, каб прадухіліць птушыныя ахвяры? На сёння існуюць спецыяльныя ашыйнікі з ультрагукам, якія адпужваюць птушак ды не даюць катам падабрацца да крылатых блізка. Выйсцем з сітуацыі таксама могуць быць стандартныя ашыйнікі, але з прымацаванымі на іх бубенчыкамі. Зразумела, што адразу «нейтралізаваць» усіх дваравых жывёл будзе няпроста, але можна пачаць з некалькіх самых актыўных паляўнічых, а ў працэсе далучаць да «ашыйнікавай акцыі» неабыякавых суседзяў.

 

Хто ж з птушак найверагодней паселіцца ў вашым двары?


У асноўным гэта могуць быць сініцышпаківаласяніцырудахвосткі ды папаўзні. Для горада досыць папулярныя чорныя свіргулі, бо яны выбіраюць сабе для месцаў засялення акурат гарадскую забудову. А калі ў вашым двары ёсць туі, елкі ды ядловец, то вялікая верагоднасць, што вашымі суседзямі стануць зелянушкі,канаплянкі ці грычуны. Яны будуюць сабе гнёзды ў схаваных месцах кустоўя ды ў хваёвых дрэвах.


Зелянушка

Зелянушка


Не забывайцеся, што назіраць за птушкамі таксама можна і ў лесапаркавых зонах. Там часта сустракаюцца берасцянкідразды-піскунызелянушкітаўстадзюбы, совы вушатыя і іншыя цікавыя віды.


Вушатая сава. Фота Ірыны Самусенкі

Вушатая сава. Фота Ірыны Самусенкі


Спадзяемся, што нашыя парады дапамогуць вам у самым хуткім часе стварыць больш спрыяльныя ўмовы для камфортнага пражывання птушак у горадзе ды займець суседства цікавых і прыгожых крылатых.  


Рудахвостка

Рудахвостка


 Юлія Бондар, Зялёны партал 

Фота: wildbirdseeds.co.uk, picsfab.com, webmandry.com, ptushki.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: