Як звужалася ахоўная зона Курапатаў ля «Бульбаш-холу»

Прапануем нашым чытачам кароткую гісторыю звужэння ахоўнай зоны Курапатаў ля рэстарацыі «Паедзем, паядзім», якая мела першапачатковую назву «Бульбаш-хол».

1. Таямніца Курапатаў была адкрытая беларускімі археолагамі пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка яшчэ ўвесну 1988 года. Для ўзяцця Курапатаў пад ахову дзяржавы айчыннымі археолагамі з Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі на чале з доктарам гістарычных навук Георгіем Штыхавым былі вызначаныя межы помніка археалогіі.

2. «Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 30–40-х гадоў XX стагоддзя ва ўрочышчы Курапаты» атрымала статус нерухомай матэрыяльнай гістарычна-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння ў 1993 годзе, калі Міністэрства культуры зацвердзіла скарочаныя (у параўнанні з вызначанымі навукоўцамі) межы помніка. Пастановай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 10 красавіка 2003 года Курапаты ўнесены ў «Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь».

Паводле заканадаўства, Курапаты мусяць мець яшчэ і зоны аховы, якія рэгламентуюць рэжымы ўтрымання тэрыторыяў помніка і прылеглых абшараў. Аднак толькі праз 11 гадоў урочышча атрымала адпаведныя зоны аховы. Яны складаюцца з наступных зонаў: ахоўнай, дзе новае будаўніцтва дазволена выключна для патрэбаў Курапатаў, рэгулявання забудовы, дзе забаронена ўзвядзенне прамысловых прадпрыемстваў і шматпавярховікаў, а таксама аховы ландшафту.

3. У 2003 годзе па заказу Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій архітэктары Таццяна Косціч і Вольга Кукуня са сталічнага інстытуту «Праектрэстаўрацыя», зыходзячы з сусветнага вопыту ў падыходзе да помнікаў такога ўзроўню, распрацавалі гістарычна абгрунтаваны праект ахоўнай зоны Курапатаў з мемарыялізацыяй урочышча.

На думку аўтараў праекту, мяжа новай забудовы павінна праходзіць на адлегласці не менш за 300 метраў ад Курапатаў. Сваю пазіцыю архітэктары матывавалі неабходнасцю максімальнага захавання ад антрапагеннага ўціску сістэмы гістарычнай планіроўкі з былымі дарогамі, ландшафтам і краявіднымі кропкамі, што фарміруюць старадаўняе асяроддзе і атачэнне гістарычна-культурнай каштоўнасці.

4. 20 траўня 2003 года праект быў аднагалосна ўхвалены сябрамі Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гістарычна-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры.

5. Аднак насуперак рашэнню рады пастановай №15 ад 12 траўня 2004 года Мінкультуры значна скараціла — да 120 метраў —прапанаваную спецыялістамі «Праектрэстаўрацыі» шырыню ахоўнай зоны помніка з яго заходняга боку. Свае дзеянні чыноўнікі матывавалі тым, што праект Косціч і Кукуні не адпавядае існуючым нормам, але так і не змаглі адказаць на пытанне, якім канкрэтна.

Прадстаўленне ад 17 лістапада 2012 года Генпракуратуры старшыні Мінскага аблвыканкама Барысу Батуру «Аб устраненні парушэнняў заканадаўстава па ахове гістарычна-культурнай спадчыны, прычынаў і ўмоваў, якія ім спрыялі»

6. У 2012 годзе СТАА «БелРэстІнвест» пры ўзвядзенні каля Курапатаў аб’екту прыдарожнага сервісу з першапачатковай назвай «Бульбаш-хол» самавольна і незаконна парушыла межы ахоўнай зоны каштоўнасці, дзе на плошчы 1,1 гектара пабудавала частку будынку рэстарацыі, чатыры дамкі модульнага тыпу і дзіцячую пляцоўку.

І хоць 27 лістапада 2012 года Генеральная пракуратура накіравала Мінскаму аблвыканкаму адпаведнае прадстаўленне аб неабходнасці цягам месяца ліквідаваць гэтыя парушэнні заканадаўства, вышэйназваныя пабудовы стаяць і да гэтага часу пад новай назвай — рэстарацыя «Паедзем, паядзім».

Ліст ад 24 красавіка 2013 года грамадскай актывістцы Таццяне Колышавай ад намесніка міністра культуры Віктара Кураша

7. Міністэрства культуры сваёй пастановай №70 ад 1 снежня 2014 года зацвердзіла змяншэнне ахоўнай зоны Курапатаў з заходняга боку на 1,1 га, дзе якраз і былі самавольна і незаконна збудаваныя вышэйпералічаныя аб’екты.

У выніку шырыня ахоўнай зоны з заходняга боку Курапатаў скарацілася да 50 метраў.

І апошняе. На меркаванне актывістаў грамадзянскай ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў», Міністэрства культуры стварыла дадатковыя цяжкасці для грамадзянаў, якія сутыкаюцца з азначэннямі «зоны аховы» і «ахоўная зона», што звычайна ўжываюцца разам. Нават тым, хто часцяком карыстаецца тэрміналогіяй у галіне аховы спадчыны, патрабуюцца немалыя і непатрэбныя высілкі, каб не пераблытаць адно паняцце з другім. Дык навошта было гэта рабіць?



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Anatol Starkou
  • 2018-06-09 14:55:59
" У 2003 годзе па заказу Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій архітэктары Таццяна Косціч і Вольга Кукуня са сталічнага інстытуту «Праектрэстаўрацыя», зыходзячы з сусветнага вопыту ў падыходзе да помнікаў такога ўзроўню, распрацавалі гістарычна абгрунтаваны праект ахоўнай зоны Курапатаў з мемарыялізацыяй урочышча."

Больш нічога ў артыкуле няма. То бок ПА ЗАКАЗУ адной лавачкі быў створаны праект "зыходзячы з СУСВЕТНАГА вопыту ў падыходзе да помнікаў ТАКОГА ўзроўню", а ПА ЗАКАЗУ іншай лавачкі праект рэстарацыі ТАКОГА ўзроўню можа змяшчацца там, дзе лавачка-ўлада ўкажа.
Не аб чым твой артыкул, Марат.
  • Anatol Starkou
  • 2018-06-09 15:08:27
P.S. Ведаеце, некалі мне на Камсамольскай вуліцы ў Мінску (тамака за кіно Пабеда, калі ўніз ісці ад праспекта Незалежнасці) Мінгарвыканкам выдзяліў зямлю для праекта. А гэта зямелька гістарычнай частцы Мінска. Быў распрацаваны праект і я прайшоў з ім усе адпаведныя на той момант экспертныя лавачкі нашае ўлады. Таму трохі ведаю і каментую ў гэтай тэме. Мая гісторыя - гэта гісторыя 1996 года.