Як гарадзенцы перажылі “Хаўер”?

Цыклон “Хаўер”, які практычна паралізаваў учора пад вечар жыццё ў Мінску і нарабіў бяды і ў іншых рэгіёнах, не абмінуў і гарадзенцаў. Хаця горад ён не закрануў, спыніўшыся недзе каля Ліды. Там, як кажуць сведкі была “сапраўдная жэсць”.



Шмат хто з гарадзенцаў апынуўся на заснежанай дарозе. Увечары пятніцы трасу М6, як і ўсе астатнія дарогі, што вялі ў Мінск, закрылі. Каля Валожына атрымаўся вялікі корак. Стаялі тут ўсе — і фуры, і легкавікі, і аўтобусы.

Вось што распавядае “Твайму стылю” Вольга, якая на сваёй машыне ехала ў Мінск на фестываль сярэднявечнай культур “Белы замак”, які, нягледзячы на цяжкія ўмовы надвор’я, праводзіцца пад Мінскам.

Мы выехалі з Гродна ў 19 гадзін вечара. Думалі, даедзем гадзін за пяць. Дарога спачатку была нармальнай, потым, недзе каля Ліды ўжо пачаліся заносы. Каля Валожына сталі. Так і стаялі да 5 гадзін раніцы.

Спачатку ўвогуле нікога не было вакол — ні міліцыі, ні ДАІ. Што рабіць, чаму стаім, снегам замятае... Ніхто нічога не ведае. Потым ужо, праз некалькі гадзін, мы знайшлі ДАІшнікаў.

Прапанавалі ехаць у Валожын, але месцаў у гатэлях ды санаторыях ужо не было. У нас у машыне — дзіцё. Але дапамагчы нам ніхто не змог.

А ці прапанавалі гарбату, каву?

Не, ніхто не прапанаваў. Проста стаялі ўсю ноч на дарозе. У пяць гадзін раніцы паехалі паціху. Добра, што паліва хапіла.

Марына, што таксама апынулася ў гэтым жа корку, дадае:

У нейкі момант зразумела, што паліва не хопіць на тое, каб і сагравацца, і потым даехаць да Мінска, пачала адключаць печку. Праз нейкі час разумею — замярзаю. Добра, людзі дапамаглі — падзяліліся бензінам. У нейкі момант падумала, што вось занясе снегам, і дакапаюць мяне толькі недзе праз суткі, замёрзлую. Сапраўды спужалася ў нейкі час.

Вадзім Саранчукоў, старшыня гарадзенскай арганізацыі партыя БНФ, таксама апынуўся ў ноч з пятніцы на суботу недзе каля Валожына. Ехаў на маршрутцы:

Столькі пабітых машын яшчэ ніколі не бачыў. Шлях ад Гродна да Мінска зацягнуўся: 12 гадзін ехалі!

Сайт МНС паведамляе, што ў Валожыне ў гасцініцы быў арганізаваны начлег для 52 чалавек, а ў інтэрнаце мясцовага каледжа — для 25. А таксама была арганізавана буксіроўка транспартных сродкаў, дастаўка гарачай гарбаты ды харчавання.

На Гродзенскім форуме карыстальнікі таксама дзеляцца сваімі ўражаннямі ад дарогі:

Мой брат у дзве гадзіны дня выехаў з Мінска, вось толькі-толькі зараз прыехаў дахаты (у 22 гадзіны — рэд). Трасы ўвогуле няма.”

“Ехалі з Мінска амаль 10 гадзін. Трэсла так, як ніколі ў жыцці. Замест трасы — белае поле”.

“Дарогі на Воранава амаль няма — усё занесла”.

Пра тое, што адбывалася на дарогах можна ўявіць, прачытаўшы таксама форумы tut.by ды onliner.by:

Стаіць мама ў корку Мінск — Гродна, не даязджаючы Ракава, з 17:00, зламалася печка яшчэ. Гасцініцы запоўненыя, кафэ таксама, супрацоўнікі МНС давялі да АЗС, хоць трохі пагрэцца”.

Замярзалі гарадзенцы і на іншых трасах. Зміцер, што ехаў з камандзіроўкі па трасе М1 распавядае:

Проста ў нейкі момант рух стаў. І нікуды — ні наперад, ні назад. Машыны ДАІ міма праязджаюць, гойсаюць туды-сюды, у гучнагаварыцель кажуць, што траса закрытая. Калі адкрыецца — невядома. Так і стаялі ўсю ноч.

Гарачая гарбата? Можа недзе далей і раздавалі. Да мяне не дайшло. Вельмі ўразіла ўзаемадапамога людзей. Дзяліліся ежай, гарачай кавай адзін з адным. Праходзілі перыядычна, грукаючы ў вакны, ці не замярзае кіроўца.

www.t-styl.info

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: