Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Якаў Гутман: «У ХХІ стагоддзі могілкі знішчалі толькі баевікі ІДІЛ і ўлады Беларусі»

Гомель наведаў прэзідэнт «Сусветнага згуртавання беларускіх габрэяў» Якаў Гутман.

Дзеяч габрэйскага руху Якаў Гутман нарадзіўся Казахстане, але ў трохмесячным узросце разам з бацькамі прыехаў у Мазыр.

Арганізацыя «Сусветнае згуртаванне беларускіх габрэяў» займаецца пытаннямі аховы спадчыны габрэйскага народу. Кіраўнік уплывовай амерыканскай арганізацыі вырашыў разабрацца ў канфлікце вакол габрэйскіх могілак у Гомелі, на месцы якіх пачынаецца будаўніцтва жыллёвага комплексу «Ветразь».

— Чым займаецца арганізацыя «Сусветнае згуртаванне беларускіх габрэяў»?

— Нашых людзей (беларускіх габрэяў у эміграцыі) цікавіць усё, што звязана з Беларуссю. Трэба адзначыць, што сябрамі арганізацыі з’яўляюцца мігранты некалькіх пакаленняў, у тым ліку нашчадкі тых, хто некалькі пакаленняў назад трапіў у ЗША. Але ў першую чаргу людзей цікавіць стан могілак: ці не чапаюць парэшткі? Натуральна, што мы занепакоеныя захаваннем габрэйскай гістарычнай спадчыны ў Беларусі. Гаворка ідзе пра могілкі, помнікі архітэктуры, сінагогі і гэтак далей.

Я пастаянна сутыкаюся з людзьмі, чые дзяды (і прадзеды) з’ехалі з Беларусі. І яны выдатна ведаюць, што іх продкі, напрыклад, з Чашнікаў, я ўжо не кажу пра Менск, Віцебск… Дарэчы, на хвалі гэтай зацікаўленасці Беларуссю створаная адпаведная ўрадавая Камісія — U.S. Commission for the Preservation of America’s Heritage Abroad (Камісія ЗША па захаванні амерыканскай спадчыны за мяжой).

У верасні мінулага года міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей і старшыня Камісіі падпісалі пагадненне аб супрацы ў справе захавання гістарычнай спадчыны ў Беларусі. Такім чынам, з пункту гледжання амерыканскага ўраду, тыя ж могілкі ў Мазыры, дзе пахаваныя мае дзяды і бацькі, уваходзяць у амерыканскую спадчыну ў Беларусі.

Якаў Гутман

— Як выконвае свае міжнародныя абавязальніцтвы ў сферы захавання памяці пра габрэяў беларуская дзяржава?

— Вось тое пагадненне, пра якое мы гаварылі вышэй, — сур’ёзнае. Але выкананне яго пакідае жадаць лепшага. Прычына, праз якую я прыехаў у Гомель, сведчыць пра тое, што відавочна не ўпершыню Беларусь парушае ўзятыя на сябе абавязальніцтвы па міжнародных пагадненнях. Калі казаць пра канкрэтныя факты, за апошнія 20 гадоў знішчаная сінагога на вуліцы Дзімітрава ў Мінску, знішчаныя апошнія сляды так званай Халоднай сінагогі на Нямізе, якая была збудаваная ў 1570 годзе. Акрамя гэтага, разбураная сінагога ў Любані, прычым у 1996 годзе на будынку гэтай сінагогі была ўсталяваная шыльда ў памяць аднаго з найбольш аўтарытэтных рабінаў ХХ стагоддзя Мошэ Файнштэйне. Гэта мы гаварылі пра сінагогі.

А што да могілак, у Гародні на месцы кладоў габрэйскай грамады ў 2008 годзе пабудавалі стадыён. У Мазыры ў 2003 годзе на тэрыторыі могілак раптам пачалі будаўніцтва катэджа, пры гэтым раскапалі шмат чалавечых парэштак. Будаўніцтва тады спынілі.

Пачынаючы з 2003 года, я патрабую, каб зрабілі ўсё згодна з патрабаваннямі беларускага заканадаўства, то бок абазначылі тэрыторыю могілак. Аднак яны, замест абазначэння тэрыторыі могілак, выдзелілі пад забудову зону для ўзвядзення 10-павярховага дома. У тым жа 2003 годзе паўз іншыя габрэйскія могілкі ўвогуле праклалі газаавод.

— Што думаеце наконт гомельскага канфлікту вакол габрэйскіх могілак?

— Мне неяк патэлефанаваў нехта з гомельцаў і паведаміў, што ёсць такая інфармацыя пра планы будаўніцтва дамоў у раёне вуліц Сожскай і Валатаўской. На старадаўніх планах горада ў гэтым месцы абазначаныя могілкі. І гэтая сітуацыя якраз здарылася пасля мазырскіх спраў. Прычым, подласць якая, яны пачалі капаць у Мазыры на 2-гі дзень Ханукі. Яны не ведаюць, што такое Ханука. Але Бог ясна паказвае існасць гэтых людзей. І ўвогуле, у ХХІ стагоддзі могілкі знішчалі толькі баевікі ісламскай дзяржавы і ўлады Беларусі.

Я заклікаю неабыякавых грамадзян, палітычныя і грамадскія рухі, далучыцца да абароны габрэйскіх могілак у беларускіх гарадах і мястэчках. Вы зразумейце, гэта старое як свет: спачатку яны прыйшлі па нас, а потым прыйдуць па ўсіх астатніх. Будуць будаваць і на каталіцкіх, і на праваслаўных могілках.

Асобна хачу адзначыць момант пераследу беларускіх абаронцаў габрэйскіх могілак. Яшчэ нядаўна Сяргея Ляпіна спрабавалі судзіць нібыта за нанясенне шкоды дзелавой рэпутацыі забудоўшчыку і дзяржаўнай газеце. У гэты момант справа супраць Сяргея Ляпіна не скончаная, чакаецца наступнае судовае пасяджэнне. Такія людзі, як Сяргей Ляпін і Яўгеній Малікаў, робяць тое, што рабілі праведнікі свету падчас Другой сусветнай вайны. Праведнікі ваеннага часу выратоўвалі габрэяў, рызыкуючы сваімі жыццямі, жыццямі сваіх дзяцей. Сяргей і Яўгеній абараняюць тых, хто ніколі не зможа падзякаваць ім. Яны таксама рызыкуюць сваёй працай, рызыкай трапіць пад судовы пераслед з усімі матэрыяльнымі і маральнымі наступствамі.

Мы разглядаем магчымасці судовага разбіральніцтва з уладамі Гомельскай вобласці, якія далі дазвол на будаўніцтва жыллёвых дамоў на габрэйскіх могілках у Гомелі і Мазыры.

Мікола Бянько, Гомель, Беларускае Радыё Рацыя

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2017-08-07 11:23:25
"Адкрыты ліст" ад Якава Г., два месяцы таму: http://belisrael.info/?p=11213

Каментаваць