Якія дакументы зараз выдаюць беларусам пасля поўнай вакцынацыі ад кавіда

Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, на 21 красавіка больш за 211 тысяч чалавек атрымалі першую дозу вакцыны супраць COVID-19, больш за 75 тысяч — прайшлі поўны курс вакцынацыі. Чытачы пацікавіліся ў TUT.BY, якія дакументы цяпер атрымліваюць прышчэпленыя беларусы.
Поўны этап вакцынацыі з інтэрвалам у 21 дзень паміж двума дозамі прышчэпкі ўжо паспелі прайсці беларусы з прыярытэтных груп: медработнікі, выкладчыкі.

Марына — лекар адной з менскіх бальніц. Як толькі з'явілася магчымасць, яна ў шэрагах першых трапіла на вакцынацыю (тады прапаноўвалі толькі Расійскі «Спадарожнік V»). Першы ўкол ад каронавіруса зрабіла ў студзені, другі — у лютым. Пасля кожнага ёй на рукі выдалі даведку з інфармацыяй пра тое, чым яна прышчапілася і ў які дзень.

— Нешта накшталт выпіскі, — тлумачыць Марына. — Але пра тое, дзе і каму яна можа спатрэбіцца, я нічога не чула.

Ганна таксама працуе ў медыцынскай сферы. Вакцынавалася таксама расейскім «Спадарожнікам V», але значна пазней — другі ўкол лекар зрабіла 21 красавіка. Пасля працэдуры ёй таксама выдалі выпіску з паліклінікі.

— У медычных чатах «гуляе» ўзор спецыяльнага сертыфіката аб вакцынацыі супраць каронавіруса — на дзвюх мовах (руская і англійская), які нібыта будзе афіцыйным ад Міністэрства аховы здароўя. Яго на ўсялякі выпадак распячатала, калі ішла за другім ўколам, — распавядае Ганна. — Мне запаўняць яго не сталі, сказалі пачакаць: быццам бы праз два тыдні пачнуць выдаваць усім жадаючым, якія прайшлі вакцынацыю, нейкія афіцыйныя дакументы.

У некаторых паліклініках Менска вісяць аб'явы аб тым, што дакументы аб вакцынацыі будуць выдавацца лекарам пасля другога ўколу. Па-ранейшаму не да канца ясна, што гэта будзе — даведка або больш «салідны» дакумент у фармаце сертыфіката.

Нагадаем, з сярэдзіны красавіка менчукоў, якія запісваліся на прышчэпку ў сваіх паліклініках, сталі масава запрашаць на вакцынацыю. Тыя, хто паспеў зрабіць першы ўкол, на рукі атрымліваюць выпіскі аб выкананай працэдуры. Аднак, мяркуючы па фота нашых чытачоў, як мінімум у чатырох паліклініках Мінска такія выпіскі маюць зусім розны выгляд.

TUT.BY звярнуўся ў Міністэрства аховы здароўя па ўдакладненне: на дадзены момант нам параілі чакаць з'яўлення інфармацыі на сайце і ў телеграм-канале ведамства.


Паводле tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: