Якія санкцыі могуць паўплываць на Беларусь і чаго гэта будзе каштаваць Расіі? Каментар эканаміста

Міністры замежных спраў 27 траўня абмеркавалі магчымыя санкцыі ў дачыненні да Беларусі пасля інцыдэнта з самалётам «Ryanair». Пакуль канкрэтных захадаў не абвяшчалі, шэраг краін толькі спыняюць авіязносіны і палёты над Беларуссю, але гучаць прапановы, каб санкцыі закранулі калійную прамысловасць, нафтахімічныя кампаніі і фінансавы сектар Беларусі, адзначае «Свабода».
Санкцыі. Аўтар: карыкатурыст «Радыё Свабода»

Санкцыі. Аўтар: карыкатурыст «Радыё Свабода»

Наколькі эфектыўнымі могуць быць падобныя санкцыі і ці могуць яны паўплываць на палітыку Лукашэнкі, разважае беларускі эканаміст Яраслаў Раманчук

Ці можа Еўрасаюз паўплываць на Беларусь эканамічна

— Еўрасаюз спрабуе ўплываць. Тыя абмежаванні, якія мы сёння маем, гэта ўпершыню такія значныя санкцыі, якія ўжываюцца ў дачыненні да Беларусі. Усё астатняе пакуль на ўзроўні размоў.

Упершыню загаварылі пра калійныя ўгнаенні, нафтапрадукты, хімічныя тавары — тут удар будзе ўжо смяротным.

Тут можна адзначыць мяккі сцэнар, то-бок абмежаванні датычацца камерцыйных, пасажырскіх і авіяцыйных зносін, адмены або замарожвання інвестыцыйных праектаў, і тады страты беларускай эканомікі будуць дзесьці 2-2,5% ВУП. Так, хваравіта, адчувальна, але не смяротна.

Калі ўпершыню мы загаварылі пра калійныя ўгнаенні, нафтапрадукты, хімічныя тавары — тут удар будзе ўжо смяротным, таму што без знешняй падтрымкі беларуская мадэль абрынецца. Ведаеце, калісьці Беларусь была нафтавымі і калійнымі Эміратамі. Вось гэтага Эмірата, уласна, не стала.

Ці можна будзе гэтыя тавары прадаваць праз Расію ў краіны Еўрасаюза

— Калі будуць дзейнічаць санкцыі, якія амерыканцы з 2 чэрвеня ўводзяць у дачыненні да васьмі беларускіх прадпрыемстваў, то там нават тыя арганізацыі, якія маюць справу з беларускімі санкцыйнымі прадпрыемствамі, таксама будуць падпадуць пад санкцыі. І тады магчымасць гандляваць праз расійскія структуры будзе рэзка абмежаваная. Але Беларусь ужо пачынае крэатывіць, і вось адна з арганізацый, якая трапіла ў санкцыйны спіс, ужо змяніла склад уласнікаў, змяніла назву, і беларускія ўлады думаюць, што гэта і ёсць спосаб пераадолець санкцыі Амерыкі і, адпаведна, Еўрасаюза, якіх яшчэ няма.

Кантэкст сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі

Але пагроза прымянення санкцый у Беларусі — гэта цудоўны кантэкст, у якім сустракаюцца Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка, і Лукашэнка, я думаю, папросіць і кампенсацыю, і грошы на барацьбу з Захадам. Думаю, будзе агучана парадку 5-5,5 мільярдаў долараў. Частка гэтых грошай была выдзелена фармальна на будаўніцтва БелАЭС, частка — каля 2 мільярдаў — на рамонт дарогі Брэст — Масква. Так што адзінай крыніцай фінансавання беларускага эксперыменту была і застаецца Масква.

Чаго будзе каштаваць Расіі ратаванне Лукашэнкі

— З аднаго боку, гэта не вельмі шмат, разумеючы, якую функцыю і ролю адыгрывае Аляксандр Лукашэнка. І тыя грошы, якія фармальна вылучаюцца на Беларусь, львіная іх доля асвойваецца расійскімі кампаніямі. Гэта не тое што датацыі прыйшлі — бюджэт робіць трансфер. Таму тут, напрыклад, калі выдзеляць 2 мільярды долараў на дарогу, то генпадрадчыкам будзе якая-небудзь структура Ратэнбэрга. Адпаведна, іншыя нацыянальныя праекты, у іх удзельнічаюць расіяне, а на падхваце будуць беларускія кампаніі.

І, нарэшце, самае галоўнае. Сёння цудоўны час для таго, каб нават, напрыклад, калі санкцыі будуць тычыцца «Беларуськалія», то гэта залаты час для «Уралкалія» — альбо ўвайсці ў капітал «Беларуськалія», альбо проста заняць нішы, якія сёння займае «Беларуськалій» на знешніх рынках.

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: