Якім бачаць мемарыял у Курапатах польскія і беларускія архітэктары?

Сёння ў Мінску адзначаюць лепшыя праекты грамадскага конкурсу.

 

27 красавіка а 15.00 у сталічным Палацы мастацтва пачнецца цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў і ўдзельнікаў адкрытага грамадскага творчага конкурсу “Курапаты — народны мемарыял” пад дэвізам “Праз Курапаты — да пакаяння”. Яго арганізатараў — грамадскую ініцыятыву “Эксперты ў абарону Курапатаў” і суполку “Пагоня” Беларускага саюзу мастакоў падтрымалі больш за 10 структураў грамадзянскай супольнасці краіны.

За перыяд з 10 сакавіка 2016-га па 22 лютага 2017-га ў аргкамітэт конкурсу паступілі 44 працы ў скульптуры, інсталяцыі, графіцы, жывапісе, архітэктурна-ландшафтным праектаванні і літаратуры. А паколькі большасьць гэтых працаў  38 аўтараў з Беларусі і Польшчы з 22 па 28 лютага экспанаваліся ў Мінску на II дакументальна-мастацкай выставе “Праўда пра Курапаты. Факты, дакументы. сведчанні”, хацелася б пазнаёміць нашых чытачоў з архітэктурна-ландшафтнымі праектамі, якія маюць найбольшую цікавасць у сувязі з тым, што дзяржава таксама аб’явіла правядзенне падобнага творчага спаборніцтва.


Праект майстэрні “Danseras” (Лодзь, Польшча)


На грамадскі конкурс ў галіне архітэктурна-ландшафтнага праектавання былі дасланыя прапановы з майстэрань Danseras” (Лодзь, Польшча) і “Рэстабіліс” (Мінск, Беларусь).


Праект майстэрні “Рэстабіліс” (Мінск, Беларусь)

Пры азнаямленні з сітуацыяй у Курапатах маладыя польскія архітэктары Юлія Сабалеўская і Рафал Ёзвяк былі ўражаны вялікай колькасцю пахаванняў і бясконцым гулам аўтатранспарту, што рухаецца па МКАД і Заслаўскай шашы, якія з двух бакоў атачаюць лясное ўрочышча. Вось чаму аўтары найперш лічаць неабходным узвесці акустычныя экраны паміж Курапатамі і аўтатрасамі.

Прапанаваны дойлідамі архітэктурны ансамбль “Цэнтру нацыянальнай памяці” павінен задаволіць інфармацыйныя і духоўныя патрэбы людзей розных канфесій і веравызнанняў — наведнікаў гэтага месца масавай згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій эпохі сталінізму. Вось чаму ансамбль з бетону, які  месціцца ў ахоўнай зоне каштоўнасці, складаецца з дзвюх частак — наземнай (экуменічная капліца — 222 м2, h=12м) і падземнай (інфармацыйна-музейны цэнтар — 620 м2).

Панэлі бетоннага фасаду будынку мяркуецца ўпрыгожыць беларускім нацыянальным арнаментам. Прычым ва франтальнай частцы будынку мяркуецца ўжыць мабільныя панэлі, якія дазваляюць “разгарнуць” капліцу на вуліцу. Такі варыянт аўтары лічаць карысным, калі колькасць жадаючых паўдзельнічаць у набажэнстве пераўзыходзіць мажлівасці святыні.

Музейную частку ансамбля аўтары заглыбілі ў падзем’е на 2,5 метры (сярэднюю глыбіню пахаванняў). На думку архітэктараў, такі падыход дазваляе наведнікам “зблізіцца“ з расстралянымі і адчуць змрочнасць трагедыі. І толькі адтуліна ў столі як бы злучае свет памерлых з светам жывых.


Верхняя частка будынку памерам 26х18 метраў прыстасавана для агляду навакольнага ландшафту.

Спадары Юлія і Рафал таксама прапанавалі маршрут агляду Курапатаў . Маршрут  пачынаецца ад паркоўкі (на паўночны захад ад лесу каля “Бульбаш-холу”, які неабходна разабраць і перанесці ў іншае месца), ідзе праз Галгофу да “Цэнтру нацыянальнай памяці”, а затым праз тунэль пад МКАД — у паўднёва-заходнюю частку народнага мемарыялу.

У грунт сваёй прапановы беларускія архітэктары Вадзім Гліннік. Раман Забэла і Дар’я Мандзік паклалі планіровачную схему, якая аб’яднае асобныя існуючыя элементы ўшанавання расстраляных ахвяраў у адзіную мемарыяльную структуру. Пры гэтым прадугледжана абмежаваць аб’ёмы новага будаўніцтва ўзвядзеннем у ахоўнай зоне каштоўнасці невялікага Музею народнай памяці з экуменічнай капліцай (на здымках паказаны абодва варыянты размяшчэння гэтага комплексу) і арганізацыяй камунальнай зоны.


Важным элементам мемарыялу аўтары лічаць жытнёвае поле і частку т.зв. “Дарогі смерці” — апошняга шляху ахвяраў на расстрэл.

Прапануецца арганізаваць два маршруты наведвання мемарыялу:

1.     “Крыжовы шлях” (горад — “Дарога смерці” — кампазіцыя “Брама” — кампазіцыя “Галгофа” — “Народны мемарыял” — Музей народнай памяці з капліцай — горад

2.     Горад — Музей народнай памяці з капліцай — “Народны мемарыял” — горад.  


На думку буларускіх архітэктараў, усе пабудовы і пластычныя кампазіцыя неабходна ствараць праз адкрытыя конкурсы. Агароджу мемарыялу мэтазгодна зрабіць у выглядзе крыжоў зададзеных габарытаў, каб кожны жадаючы мог узвесці памятны крыж у гонар сваіх рэпрэсаваных продкаў.

Аўтары зазначаюць, што аб’ядналі шэраг размаітых ідэй, выказаных калегамі і аднадумцамі, а ў графічнай частцы свайго праекту скарысталі матэрыялы грамадскага конкурсу “Курапаты — народны мемарыял” з дазволу яго арганізатараў.  

Апроч таго, у актавай залі Палаца мастацтва будуць прадстаўленыя прапановы аргкамітэту грамадскага конкурсу ўдзельнікам яго другога этапу (19 красавіка — 1 лістапада 2017-га).


 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Абмеркаванне:

  • Валеры мазынскі
  • 2017-04-30 23:01:54
Мне падабаецца рашэньне польскіх сяброў з музэям ,але мажліва не ў тым месцы, бо ім (музэям) зьнішчаецца "дарога сьмерці" па жытнёвым полі. Менавіта жытнёвае поле,як найбольш эфектыўная частка мемарыялу, якое мусіць штогод засявацца. Увесь мемарыял дзеліцца на некалькі фрагментаў, дзе дамінантай для кожнага ,можа быць выбраны індывідуальны мастацкі вобраз (напрыклад рашэньне Г. Лойкі). У такім разе будуць выкарыстаныя многія праекты. Ну і адзін галоўны вобраз! Ці то Галгофа, ці дзе індзей. А для падтрыманьня "народнасьці" у мемарыяле - даць магчымасьць,на працягу усяго астатняга ,далейшага яго існаваньня , ставіць малыя крыжы. (В. Мазынскі)
  • Марат Гаравы
  • 2017-05-03 21:57:08
Дарагі Валеры!

Поўнасцю з табою згодны, апроч небяспекі знішчэньня "Дарогі сьмерці"
Музэям гісторыі Курапатаў. Справа ў тым, што будынак Цэнтру нацыянальнай памяці з музэям не даходзіць да "Дарогі сьмерці". Гэта па-першае. А па-другое, галоўнае ў тым, што ўсе нашыя захады далі ВЫНІК -- мы пакрысе вяртаем Курапаты беларусам. А ўсё астатняе -- другараднае. Няхай ідзе палеміка і конкурсы, але зараз ўжо НІХТО НЕ ВЕРНЕ Ў МІНУЛАЕ сітуацыю з Курапатамі. Пагадзіся.

Абдымаю,
з вялікай павагай,
Марат Гаравы

Больш цікавага на «Новым Часе»: