Якой бачыць сваю будучыню беларуская моладзь?

Наколькі моцна ў Беларусі сацыяльная няроўнасць, чаму ўсё больш маладых людзей не бачаць тут для сябе перспектыў і як гэта змяніць?
Паводле тэорыі П. Бурд'ё і Ж.-К. Пасрона (1970), сацыяльная няроўнасць не перадаецца па спадчыне, а прайграваецца ў перыяд атрымання адукацыі і выхаду на рынак працы. Менавіта тады маладыя людзі альбо мяняюць сваю жыццёвую траекторыю і «падымаюцца» ў сацыяльным статусе, альбо абмяжоўваюць свае амбіцыі.

Паводле сацыялагічнага даследавання «Няроўнасць і мабільнасць. Вобраз будучага вачыма моладзі», праведзенага ў ліпені-кастрычніку 2019 года ў Расіі, Беларусі, Украіне і Арменіі, у гэтых краінах існуе значная сацыяльная няроўнасць.

— Грамадства ў іх краінах ўспрымаецца як піраміда з шырокай асновай і элітай, аддзеленай ад асноўнай часткі, — распавяла на прэзентацыі даследаванні ў Мінску сузаснавальніца «Фонду Барыса Нямцова за свабоду» Жанна Нямцова.

Пры гэтым ацэнка няроўнасці ў Беларусі прыкметна адрозніваецца ад астатніх краін.

Калі ў Расіі, Украіне і Арменіі рэспандэнты казалі аб няроўнасці і сацыяльным расслаенні як аб велізарнай праблеме, то для беларускай моладзі яны не мелі вялікага значэння, — кажа Жанна Нямцова.

Паводле яе слоў, беларусы больш паказвалі на няроўнасць у магчымасцях паміж жыхарамі Мінска і іншых гарадоў. Што тычыцца краіны ў цэлым то, на думку рэспандэнтаў, моцнага сацыяльнага расслаення ў Беларусі няма.

Гэтаму ёсць вельмі простае тлумачэнне, лічыць кіраўнік аддзела даследаванняў кампаніі «НОВАК», дырэктар агенцтва «Твоё заўтра» Віталь Каратыш.

— Сацыяльная няроўнасць у Беларусі не з’яўляецца такой важнай праблемай, таму што мы ўсе з большага бедныя, — кажа эксперт.

Паводле дадзеных даследавання Інфармацыйна-аналітычны цэнтр пры Адміністрацыі прэзідэнта, праведзенага ў 2018 годзе, 80% насельніцтва марнуюць увесь свой заробак на задавальненне штодзённых патрэбаў і не маюць ніякіх зберажэнняў. Яшчэ 15% маюць магчымасць адкладаць толькі перыядычна. Сярод тых 5 працэнтаў, чые даходы значна пераўзыходзяць выдаткі большасць,

Айцішнікі і кіраўнікі буйных прадпрыемстваў, чые заробкі значна вышэй, чым у большасці беларусаў, але не ідуць ні ў якое параўнанне з даходамі расійскай ці ўкраінскай эліты.

— У Беларусі ёсць пэўныя касты людзей, якія атрымліваюць больш, чым іншыя, але на ўзроўні школы ці ВНУ сацыяльная няроўнасць практычна не адчуваецца, — кажа актывіст аб’яднання «Маладзёжны блок» Стас Шашок.

У той жа час моладзь не бачыць перспектыў для развіцця і павышэння свайго сацыяльнага статусу ў Беларусі. Галоўнымі перашкодамі для гэтага, паводле даследавання, маладыя беларусы называюць сістэму размеркавання і нядаўняе скарачэнне адтэрміновак ад ваеннай службы.

— Гэта сапраўды рэчы, якія вельмі хвалююць моладзь. Новы закон аб адтэрміноўцы не дае магчымасці працягнуць адукацыю — для гэтага трэба спачатку адслужыць у арміі. Размеркаванне ж фактычна з’яўляецца проста узаконенай формай рабства. Людзей часта размяркоўваюць працаваць за капейкі, у сельскую мясцовасць і не па спецыяльнасці, — распавядае сябра Рады Асацыяцыі беларускіх студэнтаў Алана Гебрэмарыям.

У цэлым большасць рэспандэнтаў лічаць беларускую сістэму занадта жорсткай і абмяжоўваючай магчымасці. І маладыя беларусы ўсё часцей задумваюцца аб тым, каб эміграваць з краіны.

Жаданне эміграваць няўхільна расце. Усё больш і больш з’яўляецца адукацыйных праектаў, якія рыхтуюць для паступлення і працы ў Польшчы, Чэхіі, Германіі. Кошт кліку па кантэкстнай рэкламе «Вучоба ў ЕЗ» вымяраецца ўжо не ў цэнтах, а ў далярах, а ў памежных гарадах пустуюць цэлыя пад’езды бо іх жыхары з’ехалі на заробкі, — распавядае заснавальнік праекту «Народны падручнік» Сяргей Альшэўскі.

Аднак пакуль беларусы больш схіляюцца да часовай міграцыі, чым да пастаяннай, разлічваючы вярнуцца ў Беларусь у будучым.

У адрозненне ад Украіны і нават ад Расіі беларуская моладзь апалітычная. Большасць апытаных беларусаў паведамілі, што яны не вераць у тое, што могуць змяніць існуючую палітычную сістэму і не плануюць прадпрымаць для гэтага нейкія намаганні.

— За апошнія 25 гадоў сістэма зрабіла ўсё магчымае, каб запалохаць і задушыць на корані ня толькі палітычную актыўнасць, а любую грамадзянскую свядомасць і ініцыятыўнасць, — распавядае Стас Шашок.

Паводле яго слоў, сёння ў Беларусі няма працоўных механізмаў і рычагоў уздзеяння на ўладу і большасць маладых беларусаў баяцца праяўляць любую актыўнасць, баючыся адлічэнні, пазбаўлення месца ў інтэрнаце.

— Аднак сітуацыя паступова змяняецца ў лепшы бок. Інтэрнэт стаў агульнадаступным, а маладыя людзі менш вераць прапагандзе, часцей чытаюць альтэрнатыўныя крыніцы інфармацыі і ўсё больш пачынаюць праяўляць актыўнасць, — кажа Стась Шашок.

Такога ж меркавання прытрымліваецца і Сяргей Альшэўскі.

— Асноўная праблема ў тым, што ў нас практычна няма пазітыўных прыкладаў. Калі будуць з’яўляцца такія прыклады, то і актыўнасьць будзе расці ў геаметрычнай прагрэсіі, — упэўнены ён.

Паводле Заўтра тваёй краіны

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Грамадства: галоўнае

Больш цікавага на «Новым Часе»: