Якой будзе новая Беларусь? Яна ўжо ёсць!

Рэвалюцыя ў Беларусі нараджае сапраўдную магутную нацыю, дзе народ — не тыя беларусы, пра якіх звыкла кажуць: «а можа, так і трэба» ці «мая хата з краю». Аказваецца, сучасныя беларусы — салідарныя, крэатыўныя, смелыя, нястомныя і гераічныя.
Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Дзякуючы падзеям апошніх месяцаў я даведалася, што мой сусед — таленавіты паэт і музыкант, які адседзеў на Акрэсціна за тое, што выказваў сваю пазіцыю супраць гвалту і дыктатуры.

Што беларускія жанчыны — неймаверна смелыя і шыкоўныя, яны здольныя разбіць дыктатуру сілай любові і прыгажосці.

Што нашы неверагодныя студэнты — не толькі гуляюць і «стаяць у чарзе па дыпломы», а выходзяць адстойваць свой гонар і гонар краіны.

Што ў нас ёсць сапраўдныя Выкладчыкі і Настаўнікі, якія не ідуць на здзелкі з сумленнем, не баяцца аддана бараніць сваіх вучняў і свой гонар.

Нашы навукоўцы не ахвяруюць Ведай на карысць ідэалогіі. Нашы артысты — сапраўды народныя і нацыянальныя не таму, што нехта ўганараваў іх такім званнем, а таму, што ў цяжкую хвіліну яны сталі на бок народа. І спартсмены. І музыкі. І журналісты. І працоўныя. І нават многія сілавікі.

Сваімі вушамі чула ад знаёмай з райцэнтра, што тамтэйшыя міліцыянты цішком ездзяць у Мінск, каб паўдзельнічаць у акцыях пратэсту.

А самі акцыі? Штонядзелю, бачачы, як старанна сілавікі зачышчаюць горад, сэрца трымціць: «Няўжо сёння не дадуць сабрацца? Няўжо пратэст задушаны?». І нейкім цудам па ўсім горадзе ўтвараюцца шматтысячныя калоны, якія не наважваюцца разганяць. І, калі бачыш гэта, разумееш: адкату ўжо не будзе, бо страху больш няма. Мы — гаспадары на гэтай зямлі, і мы будзем жыць у гэтай краіне і развіваць яе.

Так, там-сям рэжым працягвае заціскаць гайкі. За кратамі застаюцца дзясяткі палітвязняў. Ва ўніверсітэтах і на прадпрыемствах уводзяцца драконаўскія правілы ўнутранага распарадку. Але ўсё гэта выглядае настолькі абсурдна, што ўсім зразумела: гэта — агонія, гэта — канец.

Ужываючы масавыя і нахабныя рэпрэсіі, улады пераследавалі простую мэту: напалохаць, адбіць ахвоту выходзіць, спыніць супраціў. Але атрымалася роўна наадварот. Я не сустрэла яшчэ ніводнага чалавека, які перастаў бы выходзіць на пратэсты пасля затрыманняў, судоў і арыштаў. Размаўляючы з людзьмі, якія прайшлі праз гэта, чую адну і тую ж фразу: «Мы ўсё робім правільна, усё не дарма».

Рэжыму варта было б узгадаць пра Трэці закон Ньютана са школьнага курса фізікі: сіла дзеяння роўная сіле супрацьдзеяння. Дык, можа, трэба ўжо спыніцца і зразумець: настаў час новай Беларусі, дзе гвалту, хлусні і дыктатуры — не месца? Настаў новы час.




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: