«Яны забіваюць дзіця». Непаўналетняга палітвязня Мікіту Залатарова пераарыштавалі па новай справе

Палітвязень Мікіта Залатароў, якому 12 траўня споўнілася 17 гадоў, сёння быў «пераарыштаваны» для правядзення следчых дзеянняў у рамках распачатай у дачыненні да яго другой крымінальнай справы. Мікіту абвінавачваюць у нападзе на супрацоўніка СІЗА, паведамляюць «Моцныя навіны»

Бацькі Мікіты паведамляюць, што ў чаканні афармлення працэдуры новага арышту іх сына цягам доўгага часу пратрымалі ў аўтазаку. «Падлетка вагой 50 кг ахоўвалі чацвёра велізарных сілавікоў», — з горыччу кажа бацька Мікіты Міхаіл.

Перадаць яму ежу і ваду не дазволілі. Бацькі адзначаюць, што выглядае Мікіта вельмі бледным і схуднелым, яго самаадчуванне з часу апошняга спаткання відавочна пагоршылася.

Калі пракурор афармляў арышт, Мікіта задаў яму пытанне: «Чаму я сяджу ў камеры адзін?» Але адказу ён не атрымаў.

Адвакат Мікіты параіў бацькам напісаць заяву ў пракуратуру з нагоды ўтрымання іх сына ў «адзіночцы», спаслаўшыся на тое, што, верагодна, пракуратуры невядома пра гэты факт.

Пагаварыць з сынам бацькам не дазволілі. Мікіта паспеў толькі сказаць ім, што больш не можа трываць: калі застанецца адзін у камеры — ён не вытрымае.

«Ці ведаюць жонкі, дзеці, маці тых, хто цяпер нясе адказнасць за майго сына, што яны забіваюць дзіця?» — пытаецца Міхаіл.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: