Яркія яйкі: выйшлі новыя птушыныя маркі

Сёння, 1 кастрычніка, на галоўпаштамце ў Мінску адбудзецца спецыяльнае гашэнне на канверце «Першы дзень» і адмысловых паштоўках.

З 1 кастрычніка паштоўкі ці канверты можна ўпрыгожыць яркімі выявамі птушак з іх яйкамі. У абарачэнне выпускаюцца чатыры паштовыя маркі з новай серыі «Яйкі птушак».

Над маркамі, канвертам і паштоўкамі для картмаксімумаў працавалі мастак і арнітолаг Аляксандр Міцянін з дызайнерам Марынай Віткоўскай.

Абраныя птушкі з найбольш цікавай афарбоўкай яек. На марках — беларускія вераб’іныя птушкі і іх яйкі: таўстадзюб, зялёная перасмешка, вялікая сініца і дрозд-спявун.

Афарбоўка, форма, памер і структура шкарлупіны яек розныя ў розных відаў птушак. Афарбоўка робіць яйкі меней заўважнымі на фоне гнязда ці наваколля. У птушак, якія гняздуюцца ў дуплах ці іншых закрытых месцах, яйкі звычайна аднатонныя — белыя ці блакітнаватыя. А птушкі, якія будуюць адкрытыя гнёзды, часта маюць яйкі з адметным малюнкам і колерам. Некаторыя віды птушак адкладваюць яйкі з крапінкамі, а іншыя — з каляровымі разводамі і размытымі плямкамі. Частку гэтай прыгажосці цяпер можна пабачыць на беларускіх марках. Аднак устрымайцеся ад таго, каб шукаць гнёзды дзікіх птушак: ваша ўвага можа прывабіць драпежнікаў, і кладка ці птушаняты загінуць.


Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар АПБ распавёў:

— АПБ супрацоўнічае з РУП «Белпошта» з 2002 года. Беларускія маркі з дзікімі жывёламі карыстаюцца вялікай папулярнасцю за мяжой. Нашым суайчыннікам часта заказваюць менавіта такія маркі і для пост-кроссінгу. Гэта першыя маркі з яйкамі птушак. Паколькі ў нас гняздуецца каля 250 відаў — не ведаю, колькі яшчэ марак у серыі плануе Белпошта!

Маркі маюць розны намінал. Намінал «А» (з таўстадзюбам) — для перасылкі простага ліста масай да 20 г уключна па Беларусі. Намінал «N» (з зялёнай перасмешкай) — для перасылкі міжнароднай простай паштовай карткі непрыярытэтнай. Намінал «M» (з вялікай сініцай) — для перасылкі міжнароднай простай паштовай карткі прыярытэтнай. Намінал «H» (з драздом-спевуном) — для перасылкі міжнароднай простай пісьмовай карэспандэнцыі (лістоў, бандэроляў, дробных пакетаў) масай да 20 г уключна непрыярытэтнай.

На аркушы шэсць марак аднаго віду. На палях марачных і малога аркушаў — лога АПБ. Маркі выйшлі накладам 60 тысяч.

Паводле прэс-службы ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны»



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: