Ярмошына: Масавае хаджэнне ў ЦВК небяспечнае для жыцця і здароўя

У ЦВК прыйшло больш за 5 тысяч скаргаў на нерэгістрацыю двух кандыдатаў. Дасылаць адказы кожнаму з заяўнікаў ЦВК не плануе, бо, нібыта, пададзеныя звароты — гэта «не шмат заяваў, а адна заява, якую падала вялікая колькасць людзей». Да таго ж «масавае хаджэнне ў Цэнтральную камісію небяспечнае для жыцця і здароўя і работнікаў, і людзей, якія стаяць у натоўпе».

Фота TUT.BY

З сотняў чалавек, якія стаялі 15 ліпеня ў чарзе ў Цэнтрвыбаркам, толькі 148 паспелі падаць скаргі на адмову ў рэгістрацыі двум патэнцыйным кандыдатам. Усяго ж камісія атрымала больш за 5 тысяч падобных зваротаў.

На гэта кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына пажалілася TUT.BY.

— Прыйшло ў Цэнтральную камісію праз прыёмную па зваротах 148 чалавек, якія падалі 275 пісьмовых зваротаў. Акрамя таго за перыяд 15–16 ліпеня паступіла 1060 аналагічных зваротаў па пошце і 4067 электронных зваротаў — паведаміла Лідзія Ярмошына.

 

«Мы не ў стане прымаць такім чынам звароты» 

У канцы працоўнага дня 15 ліпеня, калі сотні чалавек яшчэ стаялі ў чарзе, каб падаць скаргу асабіста, на сайце ЦВК было апублікавана папярэджанне, што надалей звароты грамадзян, якія не з'яўляюцца кандыдатамі ў прэзідэнты або іх даверанымі асобамі, будуць прымацца толькі па пошце.

Пры гэтым у раздзеле «Праца са зваротамі» на сайце ЦВК пазначана, што пісьмовыя звароты людзі могуць дасылаць па пошце, кур'ерам, прыносіць асабіста, а таксама пакідаць адпаведныя запісы ў кнізе заўваг і прапаноў.

Кіраўнік Цэнтрвыбаркама патлумачыла, што заявы камісія працягне прымаць па пошце, у тым ліку электроннай. Анансаванае напярэдадні абмежаванне па асабістай падачы зваротаў абумоўлена неабходнасцю захаваць звыклы рытм працы ЦВК і эпідэмічнай бяспекай яе работнікаў і насельніцтва.

— Толькі ўчора ў прыёмную прыйшло 148 чалавек. Не падымаючы галавы працавалі два работнікі. Мы не ў стане нават усе гэтыя скаргі разабраць і зарэгістраваць, бо ў нас працуюць толькі 9 чалавек плюс 2 чалавекі з парламента і цэнтра па заканадаўстве (Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў. — Заўв. рэд.) — гэта прыцягнутыя работнікі. Таму мы не ў стане прымаць такім чынам звароты, — патлумачыла кіраўніца ЦВК.

Яна падкрэсліла, што прыём грамадзян разлічаны на невялікую колькасць людзей.

Я ўжо не кажу, што нягледзячы на паляпшэнне эпідэміялагічнай абстаноўкі ў краіне, яна ўсё роўна застаецца неспрыяльнай. І масавае хаджэнне ў Цэнтральную камісію небяспечнае для жыцця і здароўя і работнікаў, і людзей, якія стаяць у натоўпе, — патлумачыла Лідзія Ярмошына.

«Грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права звяртацца ў арганізацыі шляхам падачы пісьмовых, электронных або вусных зваротаў, а таксама да індывідуальных прадпрымальнікаў шляхам унясення заўваг і (або) прапаноў у Кнігу заўваг і прапаноў» (п. 1 арт. 3 Закона «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб»)

 

«Цэнтральная камісія ў адрэжысаваных акцыях удзельнічаць не будзе» 

— Тое, што рабілася ўчора, — гэта не больш і не менш як палітычная акцыя, зрэжысаваная паплечнікамі спадара Бабарыкі, перш за ўсё. Таму што менавіта так званы яго каардынатар і размяшчала абвестку, у тым ліку друкавала адзіны тэкст, — пракаментавала старшыня Цэнтральнай камісіі. — Цэнтральная камісія ў адрэжысаваных акцыях палітычных праціўнікаў, якія гуляюць у палітычныя гульні, удзельнічаць не будзе. Мы проста мы не маем ні фізічных, ні арганізацыйных, ні тэхнічных магчымасцяў гэта рабіць.

Адказ на звароты грамадзян быў апублікаваны 16 ліпеня на сайце Цэнтрвыбаркама. Публікуючы адказ на сайце, а не накіроўваючы яго кожнаму, хто звярнуўся, ЦВК спасылаецца на п. 7 арт. 25 Закона «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб». Але ў законе гэты пункт тычыцца толькі электронных зваротаў.

«У выпадку, калі паступаюць электронныя звароты аналагічнага зместу ад розных заяўнікаў і гэта мае масавы характар (больш за дзесяць зваротаў), адказы на такія звароты па рашэнні кіраўніка дзяржаўнага органа ці іншай дзяржаўнай арганізацыі <...> могуць размяшчацца на афіцыйным сайце дзяржаўнага органа або іншай дзяржаўнай арганізацыі ў глабальнай камп'ютарнай сетцы Інтэрнэт без накіравання адказаў (паведамленняў) заяўнікам» (п. 7 арт. 25 Закона «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб»)

У ЦВК такое рашэнне патлумачылі тым, што пададзеныя звароты — гэта «не шмат заяваў, а адна заява, якую падала вялікая колькасць людзей».

— Даслаць больш за тысячу адказаў ужо на гэты момант грамадзянам у трохдзённы тэрмін мы не можам. У нас няма персаналу, — дадала Лідзія Ярмошына.

— Ці былі ў зваротах пытанні, якія не адносяцца да кампетэнцыі Цэнтрвыбаркама, і ці былі яны перанакіраваныя ў адпаведныя дзяржорганы?

Мы не накіроўваем падобнае. І ў гэтых заявах гэтага не было. Не ў кампетэнцыі Цэнтрвыбаркама знаходзіцца на дадзены момант пытанне абскарджання рашэнняў аб адмове ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы. Дадзеныя асобы могуць звярнуцца ў Вярхоўны суд і падаць заяву аб адмене рашэння Цэнтральнай камісіі. Аднак на гэта існуе спецыяльны працэсуальны парадак. Што тычыцца астатніх пытанняў, напрыклад, па запрашэнні фірмаў для сацыялагічных апытанняў, то Цэнтральная камісія гэтым не займаецца — у нас гэтага няма ў кампетэнцыі. Ёсць спецыяльная камісія па сацыялагічных апытаннях пры Акадэміі Навук Рэспублікі Беларусь, яна акрэдытуе любую арганізацыю, якая звернецца і папросіць акрэдытаваць яе.

Паводле tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: