«Ясна ўсведамляў, што мяне могуць расстраляць». Як сілавікі імітавалі пратэстоўцам пакаранне смерцю

Максіму спецназаўцы паклалі гранату ў сподняе і сказалі, што яна зараз выбухне. Уладзя паставілі на калені тварам да сцяны, і амапавец камандным голасам паведаміў: «Цяпер мы вас будзем расстрэльваць». Жанчыну вывелі перад шыхтом узброеных людзей, сказалі, што зараз будуць страляць па іх, і далі каманду ўцякаць.
Усе гэтыя людзі жывыя, таму што гэта была імітацыя пакарання смерцю. Такое катаванне сілавікі ўжывалі не толькі пасля выбараў 2020 году, але і раней. Ці вучаць такому спецыяльна? Чаго хочуць дамагчыся сілавікі такой імітацыяй? Як гэты досвед адбіваецца на псіхіцы? Ці магчыма будзе прыцягнуць за такое да адказнасці? Гісторыі і рэакцыі пацярпелых, каментары псіхатэрапеўтаў з карысным лайфхакам і ацэнка праваабаронцы — у публікацыі «Свабоды».

«Пра што я думаў перад смерцю?»

Максіма (імя змянілі па просьбе суразмоўцы) затрымалі 11 жніўня ў Мінску каля ГЦ «Рыга» пасля поўначы. Паводле яго, у той вечар у гэтым месцы ніякіх жорсткіх сутычак з барыкадамі, счэпкамі паміж пратэстоўцамі і сілавікамі не было. Быў інцыдэнт, калі хтосьці кінуў у бок бусікаў пару пустых бутэлек і слоік з фарбай. Але гэта было задоўга да таго, як пратэстоўцаў пачалі хапаць.

«Было ўжо каля 12-й гадзіны ночы. Людзі паступова разыходзіліся. Засталося, напэўна, чалавек 200. І тут мы ўбачылі калону аўтазакаў, якія спыніліся на скрыжаванні, і з іх пачалі выскокваць амапаўцы. Адначасова з гэтым на людзей рушылі сілавікі, якія ўвесь гэты час знаходзіліся ўздоўж дарогі ў бусіках і назіралі. Мы вырашылі, што гэта спецпадраздзяленне „Алмаз“, бо людзі былі ўзброеныя аўтаматамі, баявымі гранатамі, цалкам экіпіраваныя, выглядалі так, быццам збіраюцца штурмаваць будынак. Форма была цалкам чорная, апазнавальных знакаў я не заўважыў», — расказвае Максім.

Паводле слоў хлопца, сілавікі атачылі «Рыгу», затрыманых клалі на зямлю каля крамы, на іх кідалі рэчы. У адным з заплечнікаў знайшлі слоік з фарбай. І камандзір спецпадраздзялення зрабіў выснову, што гэта заплечнік каардынатара. Спрабуючы дамагчыся прызнання, што Максім і ёсць каардынатар, афіцэр аддаў яго двум сваім падначаленым.

«Яны адвялі мяне ад „Рыгі“, „туды, дзе няма камер“, — расказвае хлопец. — Калі я адмовіўся прызнаць, што гэта мой заплечнік і я каардынатар, яны сказалі: „Мы зараз бяром гранату, засоўваем табе яе ў майткі, ты на ёй падрываешся, мы кажам, што падарваўся на неапазнаным выбуховым прыстасаванні. Тут няма камер, ніхто нічога не дакажа, нас не пакараюць, а ты будзеш у магіле“. Я вельмі спалохаўся: „Мужыкі, вы чаго, нейкую херню чыніце“.

Яны паклалі мяне на зямлю са звязанымі рукамі, дасталі баявую гранату, засунулі яе ў бялізну і адбеглі прыкладна на 10 метраў.

Пра што я думаў перад смерцю? Ні пра што не думаў, жыццё не пралятае перад вачыма — надыходзіць проста вакуум, усё вакол замірае...

Праз некалькі секундаў спецназаўцы вярнуліся, дасталі гранату, пачалі мяне біць у пах з крыкамі, каб прызнаваўся, і зноў пагражалі, што заб’юць».

Максіма пазначылі фарбай, праз гэта яго неаднаразова і жорстка білі, перакідаючы з аўтазака ў аўтазак. У выніку — больш за 10 швоў на галаве, ЧМТ, адбітыя ногі, пашкоджаная барабанная перапонка. Цяпер Максім за межамі Беларусі.

«Вядома, я траўмаваны гэтым досведам. Мяне спрабавалі забіць, я так гэта бачу. І гэта не адбылося толькі таму, што ім проста не пашанцавала», — кажа пацярпелы.


«Я ўсведамляў, што мяне могуць расстраляць»

Уладзя (імя змененае па просьбе суразмоўцы) амапаўцы схапілі 10 жніўня позняй ноччу на пустыннай вуліцы ў Мінску ў раёне «Белай вежы», калі ён вяртаўся з бара. Як расказаў Уладзь, яго проста ўдарылі па нагах, падхапілі за рукі і кінулі ў бус, які быў ужо перапоўнены: людзі сядзелі адно на адным. Там яго неаднаразова білі шокерам за дапамогу тым, каму стала дрэнна. Прыкладна каля 3–4-й гадзіны ночы затрыманых прывезлі ў Кастрычніцкае РУУС.

«Нас паставілі перад плотам на калені. Ззаду стаялі машыны з уключанымі фарамі. Мы бачылі перад сабой толькі сцяну і цені амапаўцаў, якія хадзілі побач у сваіх чорных ботах і шчытках. Яны перыядычна кагосьці білі, усяляк самасцвярджаліся. Гэта было страшна. Выглядала як у фільмах пра вайну. Змрок, крык, узброеныя людзі. Ніхто не ведаў, што з намі будзе. Надзея на адэкватнае развіццё падзей знікла. І ў нейкі момант адзін амапавец гучным камандным голасам сказаў: „Мы зараз вас будзем расстрэльваць“.

Гукаў затвора не было, гэта былі проста словы. Але тады было незразумела, да якога ўзроўню перастала працаваць сістэма. Я ўсведамляў, што мяне могуць расстраляць. Як я гэта перажыў? У мяне, відаць, спрацавалі ахоўныя механізмы. А можа, быў проста шок. Але я паставіўся да гэтага ўсяго спакойна, і хутчэй... з цікаўнасцю».

«Я лічу да 10. Потым пачнём страляць. Бяжыце!»

Урач-псіхатэрапеўт Яўгенія Тачыцкая, якая ў жніўні аказвала псіхалагічную дапамогу пацярпелым, расказала яшчэ пра адзін кейс.

«Да мяне звярнулася жанчына, якую затрымалі ў першыя дні пасля прэзідэнцкіх выбараў. Яна расказала, што трапіла ў аўтазак, яе білі, асабліва была пашкоджана нага, побач з ёю білі іншых людзей. І ў нейкі момант ноччу яе і яшчэ некалькі чалавек вывелі з аўтазака на глухую вуліцу, паставілі перад шарэнгай людзей у форме, у якіх у руках была стралковая зброя, якая — незразумела. І адзін з сілавікоў сказаў: „Я лічу да 10. Потым пачнём страляць. Бяжыце!“ — і ўсміхнуўся. І яны пабеглі, жанчына кульгала, але намагалася рухацца як мага хутчэй. Паводле яе ўспамінаў, пакуль яны беглі, ззаду пачуліся стрэлы. Але, хутчэй за ўсё, у паветра, бо нікога не параніла. Яны ўцяклі, даганяць іх ніхто не стаў.

Жанчына ўпершыню ў жыцці сутыкнулася з такімі нерэальнымі рэчамі. Для яе гэта было вельмі страшна, шок. І яна, безумоўна, верыла, што ў яе будуць страляць, да розыгрышу гэта не было падобна».

Жанчына звярнулася па дапамогу не адразу, а праз некалькі тыдняў. Псіхатэрапеўтка адзначыла ў яе парушэнне адаптацыі: трывогу, бяссонніцу, страх выйсці на вуліцу, дэпрэсіўную сімптаматыку, адчуванні, што яна не гаспадыня свайго жыцця. Паводле звестак доктаркі, пацярпелая пакінула краіну, вырашыўшы, што ў гэткай небяспецы больш знаходзіцца не будзе.


Імітацыя расстрэлу — не ноў-хаў сілавікоў

Аказалася, што імітацыя расстрэлу — не ноў-хаў жніўня 2020 году. Гэтае катаванне ўжывалі і да пратэстоўцаў, якіх затрымалі ўначы ў апошні дзень намётавага лагера на Кастрычніцкай плошчы 24 сакавіка 2006 году. Сярод затрыманых быў і вядомы праваабаронца Алег Граблеўскі. 3 лютага 2021 года, ужо пасля нашай размовы, яго затрымалі. Праваабаронцы абвясцілі яго палітвязнем.

У 2006 годзе яму было 30 гадоў, і ён прыбыў на плошчу бараніць лагер пратэстоўцаў. Ноччу іх усіх схапіў АМАП, па апісанні Алега — «касманаўты ва ўсім чорным», закінулі штабелямі ў аўтазак і прывезлі ў ЦІП на Акрэсціна.

«Пасля „калідора“ амапаўцаў, праз які нам трэба было прабегчы, нас паставілі каля бетоннай сцяны на вуліцы. Нейкі час мы стаялі з паднятымі рукамі тварам да сцяны. Людзей было вельмі шмат, можа 100, можа больш. Я стаяў у той частцы сцяны, дзе побач быў ганак, выхад з іх адміністрацыйнага будынка. Якраз на гэты ганак выйшла чалавек пяць „касманаўтаў“. І я пачуў фразу: „Рыхтуйся!“, пстрычкі затвораў — і „Плі!“ або „Страляй!“ (цяпер ужо дрэнна памятаю), і зноў пстрычкі. Я бачыў, як побач падалі людзі, губляючы прытомнасць. Памятаю, што ўпала жанчына, мужчына споўз па сцяне.

Я не ўпэўнены, што затрыманыя, якія былі шмат далей ад уваходу, чулі гэта. Але ўсе, хто стаяў побач з дзвярыма, чулі каманды вельмі добра, таму што гэта было сказана павышаным, выразным, камандзірскім голасам. Пасля гэтай імітацыі расстрэлу сілавікі пасмяяліся і сышлі. А нас завялі ў будынак, потым асудзілі на „суткі“.

Як я гэта перажыў? У момант „смяротнага пакарання“ ў мяне не было вострых адчуванняў. Я яшчэ здзіўлена павярнуўся і ўбачыў накіраваныя на нас аўтаматы. Чаму павярнуўся? Рэфлекс: напэўна, калі ў цябе страляюць, вырашыў я, трэба, каб гэта было ў твар. Я ясна ўсведамляў, што цяпер мяне могуць расстраляць. Але страху не было. Было хутчэй атупенне ад усяго. Да таго ж, у мяне моцна балела спіна ад доўгіх стаянняў на абароне лагера, мне хацелася толькі аднаго — зменшыць боль. Як псіхатраўму я гэты эпізод тады не ўспрыняў, дый цяпер не ўспрымаю».


Як гэта адбіваецца на псіхіцы?

«Імітацыя смерці — гэта неверагодны ўзровень стрэсу для чалавечай псіхікі, — тлумачыць псіхатэрапеўтка Яўгенія Тачыцкая. — Як гэта адгукнецца — залежыць ад індывідуальных асаблівасцей асобы. У кагосьці можа наступіць нават посттраўматычны стрэсавы разлад, а хтосьці можа справіцца без цяжкіх наступстваў. Імавернасць таго, што псіхіка сучаснага чалавека застанецца зусім непашкоджанай, малая. Мы гадаваліся ў даволі бяспечных умовах, у звычайным жыцці мы не прыстасаваныя да сустрэчы з гвалтоўнай смерцю і, цяжэй за гэта, — з чаканнем яе непазбежнасці».

Якія наступствы адчуваюць амаль праз паўгода героі публікацыі?

«Калі іду па вуліцы, я заўсёды праглядаю на сто метраў вакол сябе, мозг працуе ў фармаце баявых дзеянняў», — кажа Максім.

У тыя дні ён не змог атрымаць псіхалагічную дапамогу, а цяпер лічыць, што справіцца сам.

Уладзь у першыя дні баяўся выходзіць з дому. Але моцны страх доўжыўся, паводле яго слоў, каля двух дзён. А потым хлопец нават стаў хадзіць на мітынгі, хоць да гэтага ніколі на іх не бываў. Выходзіў, нягледзячы на тое, што, калі бачыў побач АМАП, яго пачынала трэсці ад трывогі і страху.

«Калі я выйшаў з-за кратаў і ўбачыў жаночыя ланцугі салідарнасці па ўсім горадзе, зразумеў, што ў народа ёсць рэакцыя на тое, што адбылося, — я тады расплакаўся першы раз. Усё ўнутры загарэлася, захацелася ісці далей. Флэшбэкі, кашмары мяне не пераследуюць. Я знаёмы з дэпрэсіямі і думаю, што здольны сам справіцца з перажытым досведам. Але паколькі няма адчування бяспекі, у любым выпадку, калі я скончу тут свае справы, то з'еду, таму што занадта шмат стрэсу ў бытавым жыцці. Калі праходзіш міма праваахоўных органаў і табе некамфортна, гэта трызненне», — кажа Уладзь.


Як уратаваць сваю псіхіку? Парады гештальт-тэрапеўта

«Імітацыя пакарання — старадаўні від катавання з мэтай зламаць супраціў чалавека, разбурыць асобу, увесці яе ў глыбокі псіхалагічны рэгрэс — стан залежнага, паслухмянага, безабароннага дзіцяці, — тлумачыць гештальт-тэрапеўтка Васіліна Данілава. — Тыповыя рэакцыі на такую пагрозу — страх, аж да страты прытомнасці і паслаблення сфінктараў кішэчніка і мачавога пухіра, а потым ваніты; альбо — моцнае напружанне ад чакання смерці з уздымам артэрыяльнага ціску, моцным сэрцабіццём і скарачэннем цягліц усіх частак цела, што можа прывесці да інсульту, інфаркту, кровазліцця ў розныя органы. Не кажучы ўжо пра разбуральныя наступствы для псіхікі з развіццём посттраўматычнага стрэсавага разладу.

Чалавек, які перажыў падобныя катаванні, у першыя гадзіны або дні можа адчуваць сябе знясіленым і прыгнечаным, губляе адчуванне сябе як асобы, дэзарыентаваны. У залежнасці ад індывідуальнай устойлівасці хтосьці можа адкаціцца ў развіцці да стану псіхалагічнага немаўляці, у прастамоўі — „звар’яцець“».

Але нават у такой экстрэмальнай сітуацыі чалавек можа ўратаваць сваю псіхіку. На прыкладзе гісторыі і аналізу псіхалагічнага стану Алега Граблеўскага з яго дазволу Васіліна Данілава расказвае пра адзін такі ахоўны механізм:

Рэакцыя Алега была нетыповая для такога ўздзеяння. У момант каманды „Агонь!“ ён са здзіўленнем павярнуўся тварам да ўзброеных людзей: „Вы гэта сурʼёзна?!“ — нібы не паверыў ім. Не дазволіў страху завалодаць ім. Справа ў тым, што здзіўленне, таксама як і захапленне — „Ух ты! Праўда?!“ — стварае імгненны моцны ўздым канцэнтрацыі ў крыві дафаміну, які супрацьстаіць уздзеянню стрэсавага гармону картызолу, прадухіляе яго разбуральны эфект на арганізм чалавека. Зберагае пачуццё „пераможцы“, а не „ахвяры“. Такі эфектыўны прыём псіхалагічнай абароны — замяняць страх на здзіўленне — выкарыстоўваецца ў многіх школах усходніх адзінаборстваў.

Каб зарыентавацца ў абстаноўцы і выкарыстоўваць псіхалагічныя абароны, трэба быць у прынцыпе ўстойлівым чалавекам з добрым досведам выжывання ў экстрэмальных умовах — ад небяспечнага дзіцяча-падлеткавага досведу да спецыялізаванай вайсковай падрыхтоўкі. Перажыты 15 гадоў таму досвед імітацыі расстрэлу дадаў Алегу яшчэ больш псіхалагічнай устойлівасці. Але могуць быць і аддаленыя наступствы: гранічная сабранасць і складанасці з расслабленнем, што не дазваляе арганізму паўнавартасна аднаўляцца».

Паводле Васіліны Данілавай, наступствы ад перажытага досведу імітацыі смяротнага пакарання могуць і разбураць, і гартаваць, але іх у любым выпадку нельга назваць «адсутнасцю наступстваў». З пункту гледжання псіхатэрапіі, важна правесці перапрацоўку і засваенне досведу ва ўсвядомлены набытак, які ўмацоўвае асобу, яе самапавагу і веру ва ўласныя сілы. Таму мае сэнс абмеркаваць гэты досвед з псіхатэрапеўтам хаця б у фармаце адной-дзвюх сустрэч, кажа спецыяліст.ка


Праваабаронца: «У гэтых злачынстваў няма тэрміну даўніны»


Праваабаронцы адносяць такое ўздзеянне на людзей да катаванняў.

«Непасрэдна ў гэтых канкрэтных выпадках, калі вакол адбываліся масавыя катаванні, а на вуліцах у натоўпы пратэстоўцаў сілавікі прыцэльна кідалі святлашумавыя гранаты і стралялі гумовымі кулямі, людзі ўспрымалі пагрозы смяротнага пакарання як рэальныя, — тлумачыць праваабаронца РГА „Прававая ініцыятыва“ Сяргей Усцінаў. — Адпаведна, ад такога псіхалагічнага ціску людзі адчувалі моцныя маральныя пакуты. Паколькі гэтыя пагрозы паходзілі ад службовых асоб, якія выступаюць у афіцыйнай якасці, рабіліся наўмысна і з мэтай запалохаць за ўдзел у акцыях пратэсту, то гэтыя дзеянні праваабаронцамі расцэньваюцца як катаванні».

Кейсы, прыведзеныя ў артыкуле, былі задакументаваныя Міжнародным камітэтам па расследаванні катаванняў у Беларусі. На дадзены момант тут ужо сабрана больш за 800 гісторый розных катаванняў, жорсткага, бесчалавечнага або зневажальнага для чалавечай годнасці абыходжання. Сяргей Усцінаў кажа, што кейсы заносяцца ў спецыяльную базу, пасля чаго будзе праходзіць расследаванне падзей.

«Камітэт ужо падрыхтаваў дзве справаздачы, аднак асноўная праца па расследаванні яшчэ наперадзе. Мы бачым перспектыву ў справах, заведзеных у іншых краінах. Паколькі гэта масавыя катаванні, у гэтых злачынстваў няма тэрміну даўніны. Таму рана ці позна вінаватых прыцягнуць да адказнасці», — упэўнены праваабаронца.

«Такому сілавікоў не вучаць»

Ці вучаць сілавікоў такім прыёмам уздзеяння спецыяльна? Сябры ініцыятывы BYPOL у кароткім камэнтары паведамілі, што такому сілавікоў не вучаць, гэта хутчэй уласная ініцыятыва асобных людзей. Пакуль такіх кейсаў у BYPOL на разглядзе не было.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: