Яшчэ адно вяселле за кратамі. Муж распавёў, як гэта было

Cёння ў брэсцкім СІЗА адбылося вяселле — палітзняволеная Аліна Муратава выйшла замуж за Валерыя, паведамляе Брэсцкая газета.

Аліна — фігурантка справы аб блакаванні чыгуначных шляхоў і развешванні пудзілаў ў Брэсце. Ёй былі прад'яўленыя абвінавачванні па ч. 2 арт. 339 КК (Злоснае хуліганства). З 26 студзеня і да суда знаходзілася пад хатнім арыштам.

У віну Муратавай ставілася вывешванне манекена (лялькі-пудзіла) з надпісамі «АМАП».

18 траўня Аліна асуджаная судом Ленінскага раёна Брэста на 1 год пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

«Мы разам з Алінай ужо каля 4 гадоў, — расказаў «Нашай Ніве» Валеры, цяпер ужо муж дзяўчыны. — Якраз перад яе хатнім арыштам з'ехаліся. Размовы пра шлюб у нас да таго былі, але мы не спяшаліся. А тут такія падзеі — ну і вырашылі, што гэта будзе правільным, распісацца зараз. І з майго боку — гэта такая дадатковая падтрымка для Аліны. Тым больш, што вяселле мы ў любым выпадку асабліва святкаваць не збіраліся.

Я сабраў дакументы: дазвол у суддзі, паперы з ЗАГСа, усё перадаў у СІЗА, там прызначылі дату — 15 чэрвеня. Ну і сёння мы распісаліся. Я прыйшоў у звычайных джынсах — туды ж, у СІЗА, нават з кветкамі не прапусцяць.

Пярсцёнкі нам дазволілі адзець, але амаль адразу пасля знялі.

Сведкаў не было. Прысутннічала дзяўчына работніца СІЗА і той, хто распісвае, з ЗАГСА.

У Аліны быў нармальны настрой: была бадзёрая. Выглядае добра, можа нават паправілася трохі. Цікава, што яна яшчэ раніцай не ведала, што вяселле будзе менавіта сёння: я пісаў ёй ліст, але ён, здаецца, не паспеў дайсці. Вось такі быў сюрпрыз.

Пасля нам далі хвіліны 2 пагаварыць і Аліну адразу вывелі.

Ці ўпэўнены я ў такім учынку? Канечне! Што я дачакаюся яе, то таксама ўпэўнены на ўсе 100. Каб не быў упэўнены, то пра шлюб і не думаў бы. Сваякі таксама не адгаворвалі, ды і не іх гэта справа. Мы з Алінай усё ж не падлеткі: мне 31, ёй 27».

Віншуем Аліну і Валерыя з вяселлем і жадаем найхутчэйшага ўз'яднання на волі!

Адрас для лістоў: СІЗА-7. 224030, г. Брэст, вул. Савецкіх памежнікаў, 37.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: