Яшчэ плюс 41. На літоўскай мяжы затрымалі чарговую партыю мігрантаў з Беларусі

Усяго з пачатку 2021 года на мяжы з Беларуссю літоўскія памежнікі затрымалі 2158 нелегальных мігрантаў, распавядае «Свабода».

Паводле памежнай службы Літвы, гэтая лічба ў 26 разоў перавышае паказчык 2020 года. Толькі ў ліпені літоўскія памежнікі затрымалі 1497 мігрантаў. У чэрвені — 473, у маі — 77, у красавіку — 70, у сакавіку — 8.

Сярод агульнай лічбы затрыманых на літоўскай мяжы мігрантаў 1153 былі грамадзянамі Іраку альбо назваліся такімі. Акрамя таго, затрымалі 182 грамадзян Конга, 121 — Камеруну, 78 — Гвінеі, 70 — Ірану, затрымлівалі і грамадзян іншых дзяржаў.

Большая частка затрыманых імкнецца праз Літву трапіць у краіны Заходняй Еўропы. У папярэднія дні мігрантаў, якія незаконна перайшлі мяжу з тэрыторыі Беларусі, затрымлівалі і ў Польшчы, але 20 ліпеня Памежная варта краіны не інфармуе пра выпадкі нелегальнай міграцыі.

9 ліпеня Літва пачала ўзводзіць 550-кіламетровую агароджу з калючага дроту на мяжы з Беларуссю, абвінаваціўшы беларускія ўлады ў тым, што яны пускаюць у краіну мігрантаў з-за мяжы, каб затым незаконна перапраўляць іх у ЕС. Агароджа на мяжы з Беларусьсю, якую пачала рабіць Літва, будзе каштаваць ёй больш як 40 млн еўра.

Афіцыйная Вільня перакананая, што да мігранцкага крызісу непасрэдна датычныя беларускія ўлады. Гэтага ў Мінску не аспрэчвалі, спасылаючыся на вымушанае скарачэнне выдаткаў на ахову мяжы ў сувязі з заходнімі санкцыямі. Аляксандар Лукашэнка сказаў у бок Літвы пра наркотыкі і мігрантаў: «Самі будзеце іх есці і лавіць».

Аднак 19 ліпеня ў інтэрв'ю тэлеканалу Sky News Arabia Лукашэнка ўжо адпрэчыў абвінавачанні ў спрыянні дастаўцы мігрантаў на літоўскі бок. Ён заявіў, што да міграцыйнага крызісу нібыта датычныя «групоўкі людзей злачыннага характару», якія знаходзяцца ў самой Літве. А таксама заявіў, што гатовы дапамагчы Літве ў гэтай барацьбе, «але не задарма».

Міністар замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс назваў словы Лукашэнкі «шантажом», дадаўшы, што Літва «не разлічвае на штосьці іншае ад тэрарыстычнага рэжыму» ў Мінску.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: