Яўген Афнагель: Аварыя на Калініскай АЭС — кепскі знак

Аварыя на расійскай Калініскай АЭС у Цвярской вобласці — гэта кепскі знак для Беларусі, — лічыць каардынатар грамадскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель. На гэтым аб’екце з-за кароткага замыкання былі спынены тры рэактары.


Як кажа Яўген Афнагель, у Беларусі ў Астраўцы, на мяжы з Літвой, паблізу ад сталіцы гэтай краіны Вільні, будуецца АЭС па аналагічным расійскаму праекце.

 — Мы ўсе ведаем, як яна будуецца. Мы ведаем, як у нас у краіне адбываюцца будаўнічыя працы, як ставяцца да працы. Крадуць будаўнічыя матэрыялы, як нядбала ставяцца да сваіх абавязкаў, як у нас здараюцца выбухі на салютах, як у нас сходзяць цягнікі з рэек, як у нас будуюць дарогі, якія развальваюцца праз год-паўтара. А атамная электрастанцыя — гэта нашмат больш сур’ёзна. Большасць беларусаў, я думаю, памятаюць пра Чарнобыль і ведаюць пра небяспеку атамных электрастанцый. Для нашага народа гэта вельмі балюча.

Яўген Афнагель нагадаў, што пры будаўніцтве АЭС у Астраўцы было некалькі сур’ёзных аварыяў. Напрыклад, пры мантажы там упаў і атрымаў пашкоджанні рэактар. Але поўнай праўды пра гэты і іншыя выпадкі ўлады грамадству так і не паведамілі.

«У нас сур’ёзную інфармацыю хаваюць ад насельніцтва. Таму самы час усім задумацца, што мы ствараем, што мы запускаем і якую небяспеку гэта нясе для нашага народу і для суседзяў», — кажа Яўген Афнагель.

Беларускае Радыё Рацыя

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!