ЕС і Савет Еўропы асудзілі вынясенне смяротнага выраку ў Беларусі

"Смерць гэта не правасуддзе”, — лічаць у Савеце Еўропы.



Фота: spring96.org


Еўрасаюз выказвае надзею на тое, што ў Беларусі прысуджанаму 20 лістапада да смяротнага пакарання Івану Кулешу будзе бесперашкодна прадастаўлена права на падачу апеляцыі.

"Спадар Кулеш быў асуджаны за сур'ёзныя злачынствы, і мы выказваем нашу глыбокую сімпатыю сям'і й сябрам ахвяр гэтых злачынстваў. Тым не менш, Еўрапейскі саюз выступае супраць смяротнага пакарання ва ўсіх выпадках, бо яно не можа быць апраўданае ні пры якіх абставінах”, — гаворыцца ў распаўсюджаным кам'юніке афіцыйнага прадстаўніка Еўрапейскай знешнепалітычнай службы.

"Еўрасаюз заклікае Беларусь, адзіную краіну ў Еўропе, у якой да гэтага часу прымяняецца смяротнае пакаранне, далучыцца да глабальнага мараторыю на гэтую меру пакарання ў якасці першага кроку да яе адмены”, — адзначаецца ў паведамленні прадстаўніка Еўрапейскай знешнепалітычнай службы.

Са свайго боку, Савет Еўропы таксама заклікае беларускія ўлады аб'явіць мараторый на смяротнае пакаранне без затрымак, гаворыцца ў заяве Даніэля Хольтгена, афіцыйнага прадстаўніка генеральнага сакратара рады.

Савет Еўропы чакае ад Беларусі, што асуджанаму будзе прадастаўлена поўнае права на апеляцыю, адзначаецца ў дакуменце.

"Смерць — гэта не правасуддзе”, — лічаць у Савеце Еўропы.

interfax.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!