«Ён правакаваў праваахоўнікаў». Следчы камітэт не распачне справы аб забойстве Тарайкоўскага

Старшыня Следчага камітэта Беларусі Іван Наскевіч сказаў, што яго ведамства адмовілася распачынаць крымінальную справу па факце смерці Аляксандра Тарайкоўскага.

Момант гібелі Аляксандра Тарайкоўскага. Фота: ТАСС для TUT.BY

Паводле версіі следства, 10 жніўня прыкладна а 23:10 Тарайкоўскі, «знаходзячыся ў стане моцнага алкагольнага ап'янення», асобна ад натоўпу пайшоў у бок сілавікоў, «нягледзячы на шматлікія папярэджанні», паведамляе «Медыязона».

Іван Наскевіч сказаў, што «сваімі дзеяннямі Тарайкоўскі правакаваў праваахоўнікаў». Нібыта яны валодалі аператыўнай інфармацыяй аб магчымых тэрактах і аб «наяўнасці ў пратэстоўцаў выбуховых рэчываў, зброі», а матывы Тарайкоўскага не ведалі.

Старшыня СК гаворыць, што сілавікі ўспрынялі Тарайкоўскага «як рэальную пагрозу жыццю». Іван Наскевіч лічыць, што супрацоўнікі дзейнічалі ў межах закона і «ўжылі ў дачыненні да Тарайкоўскага несмяротную зброю, дзеянне якой накіравана не на паразу, а на яго фізічнае спыненне, з бяспечнай адлегласці, якая выключае лятальны зыход».

«У сілу збегу шэрагу трагічных абставін адно з раненняў аказалася пранікальным, у выніку якога смерць Тарайкоўскага наступіла на месцы здарэння», — сказаў Іван Наскевіч.

Аляксандра Тарайкоўскага застрэлілі каля станцыі метро «Пушкінская» 10 жніўня каля 23:00. Прэс-сакратар МУС у той жа вечар паведаміў, што «адзін з пратэстоўцаў спрабаваў кінуць неўстаноўленую выбуховую прыладу ў бок праваахоўнікаў. Яна выбухнула ў руцэ, мужчына атрымаў траўмы, несумяшчальныя з жыццём».

Гэтую версію абвяргаюць відэа, на якіх Тарайкоўскі не трымае ў руках аніякіх выбуховых прылад, а падае пасля стрэлу з боку сілавікоў. Следчыя з «Народнага трыбунала» сцвярджаюць, што ў Аляксандра Тарайкоўскага стрэлілі з самазараднай стрэльбы «Сайга-12К» з адлегласці блізу 10,5 метра. Таксама яны лічаць, што стрэл байца «Алмаза» быў прыцэльны і ён, «з прычыны сваіх прафесійных абавязкаў, абсалютна дакладна ведаў, што стрэл з такой адлегласці, прыцэльна нанесены ў вобласць сэрца, прывядзе да смерці».


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: