«Ёсць падстава біць у званы, бо такое пагадненне — форма ўмяшання ў нашы ўнутраныя справы»

Паміж Міністэрствам унутраных спраў Беларусі і Федэральнай службай войскаў нацыянальнай гвардыі Расіі заключана пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы «дзяржаўнай і грамадскай бяспекі». Пагадненне было падпісана ў канцы лістапада 2020 года, звесткі пра яго на Нацыянальным інтэрнэт-партале з'явіліся толькі 18 снежня. 

Эксперты адзначаюць, што якраз на гэты час прыпадаюць надзвычай жорсткія дзеянні беларускіх сілавікоў супраць мірных дэманстрантаў, і задаюцца пытаннем, ці не дасць гэтая дамова магчымасці для ўмяшання Расіі ва ўнутраныя справы Беларусі, піша Свабода.

Акурат гэтага найбольш асцерагаецца доктар юрыдычных навук, прафесар, былы суддзя Канстытуцыйнага суду Беларусі Міхаіл Пастухоў. Ён лічыць, што такая магчымасць рэальная. Эксперт адзначыў, што сярод формаў супрацоўніцтва МУС Беларусі і «Росгвардии» на першых пазіцыях стаяць такія, як падрыхтоўка кадраў і правядзенне сумесных вучэнняў.

«Сумесныя вучэнні спецслужбаў — гэта цалкам закрытыя мерапрыемствы, пра якія грамадству становіцца вядома ці пасля іх, ці ўвогуле ніколі. Цягам апошніх месяцаў было шмат размоваў пра ўдзел расійскіх сілавікоў у разгоне мірных акцый на вуліцах беларускіх гарадоў. Падазрэнні ёсць, але доказаў няма і законнай базы не хапала. Дык вось цяпер у рамках гэтага пагаднення такі ўдзел становіцца цалкам магчымым. Ім цяпер не трэба ўводзіць нейкія вялікія часткі, якія будуць прыкметныя. Некалькі соцень спецыялістаў у балаклавах — і справа зробленая», — мяркуе Міхаіл Пастухоў.

На думку эксперта, пункт пагаднення пра сумесную падрыхтоўку кадраў таксама небяспечны, найперш для суверэнітэту краіны.

«Падрыхтоўка беларускіх праваахоўнікаў спецыялістамі „Росгвардии“ — гэта шлях да фармавання прарасійскай калёны ў нетрах праваахоўнай сістэмы Беларусі. На маю думку, такая „5-я калёна“ ўжо дзейнічае, а цяпер ёй для росту даюцца новыя магчымасці», — кажа Міхаіл Пастухоў.

Ён лічыць, што пагадненне паміж МУС і «Росгвардией» да падпісання мусіла прайсці праз парламенцкае абмеркаванне, бо яно непасрэдна датычыцца палажэнняў Канстытуцыі аб нацыянальнай бяспецы.

«Ёсць падстава біць у званы, бо такое пагадненне — форма ўмяшання ў нашы ўнутраныя справы», — мяркуе прафесар Міхаіл Пастухоў.

«На падставе асабістых стасункаў паміж дыктатарамі»

Паводле пагаднення МУС Беларусі з «Росгвардией», бакі дамовіліся таксама супрацоўнічаць у «сумеснай барацьбе з тэрарызмам і экстрэмізмам», «ахове маёмасці фізічных і юрыдычных асобаў», «сілавой падтрымцы для супрацьдзеяння злачыннасці» ды ў іншых кірунках.

Паводле 4-га раздзелу дамовы для аказання судзеяння аднаго боку другому ад яго мусіць паступіць адпаведны запыт. Аднак прадугледжана і тое, што бок, які аказвае дапамогу, выступае з уласнай ініцыятывай, якую афармляе ў пісьмовай форме не пазней як праз тры дні. Ці азначае гэта, што часткі войскаў «Росгвардии» можа з'явіцца на тэрыторыі Беларусі нават без узгаднення з МУС Беларусі?

Кіраўнік парталу «Belarus Security Blog» Андрэй Паротнікаў такую магчымасць выключае, але пры гэтым нагадвае пра тое, што адносіны паміж кіраўніцтвам Беларусі і Расіі рэгулююцца не толькі пагадненнямі.

«Гэтае пагадненне паміж ведамствамі, а пытанні ўводу войскаў нават не ў паўнамоцтве ўрадаў, а кіраўніцтва краіны. Але зазначу, што, паводле назіранняў за практычнымі крокамі, у Расіі такія дзеянні, як увод войскаў нацгвардыі, рэгулююцца не падобнымі адкрытымі пагадненнямі, а тэлефонным правам. Гэта значыць, калі Лукашэнка тэлефануе Пуціну і істэрычна просіць дапамагчы, ніякіх пагадненняў для гэтага не будзе патрэбна. Калі сапраўды сітуацыя будзе выходзіць з-пад кантролю, ніхто не будзе звяртаць увагу ні на якія прававыя дакументы і абгрунтаванні. Расія гэта адназначна паказала ва Украіне», — мяркуе Андрэй Паротнікаў.

Таксама эксперт прапануе ўлічваць тое, што паміж Беларуссю і Расіяй могуць існаваць закрытыя пагадненні.

«Прыкладам, нядаўна Лукашэнка ўхваліў план выкарыстання рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расіі, а ў той групоўцы не толькі вайсковыя адзінкі, але і часткі ўнутраных войскаў, часткі нацгвардыі Расіі. Такі план ёсць, але ён сакрэтны, пра яго нам нічога невядома. Другое, нельга выключаць, што няма сакрэтных пагадненняў і паміж ведамствамі дзвюх краін. Наогул жа варта не забываць, што падзеі на постсавецкай прасторы вельмі часта развіваюцца не на падставе нейкіх прававых дакументаў, а на падставе асабістых стасункаў паміж дыктатарамі», — мяркуе эксперт у пытаннях бяспекі Андрэй Паротнікаў.

Федэральная служба войскаў нацыянальнай гвардыі Расіі была ўтворана ў красавіку 2016 году на базе частак унутраных войскаў Расіі. Дырэктарам «Росгвардии» быў прызначаны генерал арміі Віктар Золатаў, які ў 90-я гады мінулага стагоддзя быў ахоўнікам Уладзіміра Пуціна, калі цяперашні прэзідэнт Расіі працаваў віцэ-мэрам Санкт-Пецярбургу. У канцы 2020 году незалежныя медыя ў Расіі апублікавалі даследаванні аб імавернай датычнасці Віктара Золатава да маштабнай карупцыі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: