«Ёсць птушка — ёсць і жыццё»: У Баранавіцкім раёне вяскоўцы ўсталявалі апоры ЛЭП з платформамі для бусловых гнёзд

Дзякуючы неабыякавым беларусам з’явілася альтэрнатыва знішчэнню буслянак на слупах ЛЭП. Першыя апоры ЛЭП з платформамі для бусловых гнёзд усталявалі ў Баранавіцкім раёне.


У аграгарадку Мілавіды на 703 жыхары яшчэ некалькі гадоў таму было 30 гнёзд белых буслоў. Большасць была на слупах ЛЭП, піша грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ).

Буслы — руплівыя працаўнікі, якія штогод надбудоўваюць гняздо. Шматузроўневыя буслянкі вельмі цяжкія: трохгадовае гняздо можа важыць больш за 200 кілаграмаў, а вельмі старое — больш за 800 кг. Бывае, птушкі б’юцца токам аб правады, а часам гнёзды загараюцца праз кароткае замыканне. Таму энергетыкі скідвалі гнёзды буслоў са слупоў ЛЭП і нават прыварвалі на іх адмысловыя арматурыны-«яршы», каб не даць птушкам загнездавацца. Але гэта дапамагала толькі часткова, а калі-нікалі птушкі нават калечылі аб «яршы» крылы.

У 2019 годзе ў Мілавідах узімку скінулі адразу 10 гнёзд белых буслоў. Гэтага мясцовыя жыхары — стараста і былая акушэрка Марыя Саладуха і 83-гадовы Пётр Лазарчук з вёскі Кулікі — не вытрывалі і пачалі пісаць лісты ў дзяржаўныя структуры, АПБ, СМІ, каб знайсці выйсце з сітуацыі. І ў іх атрымалася: пасля амаль двух гадоў перапіскі ў сакавіку 2021 года ў аграгарадку з’явіліся чатыры першыя штучныя «кошыкі»-буслянкі па новым афіцыйным стандарце, цалкам бяспечныя для буслоў. Буслы іх ужо аблюбавалі і нават вывелі на платформах птушанят.


Канструктарскую дакументацыю на слупы з платформамі на заказ ДВА «Белэнерга» распрацавала ААТ «Белсельэлектрасетбуд». У многіх краінах на ЛЭП ставяць штучныя буслянкі, і нават у Беларусі гэта не першая спроба: раней актывісты Брэсцкага абласнога аддзялення АПБ разам з брэсцкімі энергетыкамі усталявалі 280 штучных платформ для буслоў. Але, паводле нашых энергетыкаў, дагэтуль нідзе ў свеце не было афіцыйнай тэхнічнай дакументацыі на іх. Цяпер жа яна ў Беларусі ёсць, таму, калі ў вашай вёсцы або гарадку існуе праблема з гнёздамі буслоў на слупах ЛЭП, вы можаце звярнуцца да энергетыкаў, каб у вас усталявалі слупы з буслянкамі па новым стандарце.

«Пры планаванні новых ліній ці рэканструкцыі старых мы будзем закладваць у смету і гэтыя новыя апоры з буслянкамі, але зараз нам знайсці грошы на замену ўсіх буслянак на бяспечныя немагчыма, — кажа Андрэй Гецэвіч, кіраўнік філіяла РУП «Брэстэнерга» «Баранавіцкі сельскі раён электрасетак». — Праца па ўсталяванні такіх слупоў ацэньваецца ў 1000 рублёў, а сама канструкцыя буслянкі — у 500 рублёў».

Можа падацца, што гэта немалыя грошы. Але выезды электрыкаў на месцы аварый ЛЭП праз буслянкі таксама не бясплатныя. Новыя канструкцыі амаль нейтралізуюць былыя пагрозы, бо не даюць гнязду датыкацца да правадоў. Атрымліваецца, выгадней ставіць новыя бяспечныя буслянкі, чым бясконца ездзіць рамантаваць лініі электраперадач, скідаць і вывозіць птушыныя гнёзды. Старшыня сельсавета Мілавідаў Наталля Давідовіч думае і пра магчымасць супрацоўніцтва з прыватным бізнесам для зваркі «кошыкаў»-платформ.

«Мы вельмі ўдзячныя мясцовым жыхарам за актыўнасць. Калі ёсць ініцыятыва з месца, справы вырашаюцца хутчэй, — кажа намеснік начальніка Баранавіцкай інспекцыі Мінпрыроды Анатоль Пляшко. — Паводле апошніх улікаў, толькі ў Баранавіцкім раёне 269 гнёзд белых буслоў, цяпер ужо, мусіць, і больш. На Палессі шмат вёсак з трыццаццю і больш гнёздамі буслоў, у асноўным яны селяцца якраз на ЛЭП».


Але як сталася так, што буслы пачалі гнездаваць на слупах ЛЭП і ці можна «перасяліць» іх на дрэвы ці дахі дамоў?

«Белыя буслы засялілі Беларусь пасля прыходу і расчысткі лясоў чалавекам: гэта не лясныя, стэпавыя птушкі, ім патрэбныя палі і паплавы. Да таго ж, там, дзе няма чалавека, іх гнёзды рабуе арлан-белахвост, — тлумачыць Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар АПБ. — Белыя буслы спрадвеку будавалі гнёзды побач з хатамі беларусаў на высокіх дрэвах і нават на стрэхах. Але ў сучасным жыцці буслам даводзіцца прыстасоўвацца».

Прыдатных дрэў, якія стаяць асобна, застаецца ўсё менш, а на цяперашніх гладкіх шыферных ды металічных дахах умацаваць палкі для гнязда ўвогуле немагчыма. Людзі перасталі, як бывала раней, рабіць штучныя платформы для буслоў. А вось слупоў ЛЭП стала вельмі шмат — сотні тысяч. Апора ўстойлівая, няма доступу для наземных драпежнікаў. Вялізная імавернасць, што птушаня, якое выляцела з гнязда на слупе — будзе будаваць сваё гняздо таксама на слупе.


Старшыня сельсавета і стараста Мілавідаў разглядаюць магчымасць у будучыні зрабіць маршруты праз вёску, каб турысты маглі падзівіцца на калонію белых буслоў побач з людзьмі ды і на першыя бяспечныя буслянкі ў краіне па новым стандарце.

«Калі ёсць птушка — значыць, ёсць жыццё». «Бусел на даху — жыццё на зямлі», — падзяліліся мілавідскімі прымаўкамі жанчыны.

Фота Алісы Матавілавай, Аляксандра Вінчэўскага



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: